Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

у Рэдакцыю "Нашае Нівы" ("Наша Доля" тады ўжо ня выходзіла). Пасьля выхаду з вастрогу Колас з новай энэргіяй бярэцца за працу, і вось, пачынаючы ад 1910 году, адна за аднэй выходзяць у сьвет вялікшыя і меншыя кніжачкі з ягонымі вершамі і апавяданьнямі (апошнія пад псэўданімам Тараса Гушчы). Гэтак выйшлі: " Песьні Жальбы" (зборнік вершаў), "Батрак", "Як Юрка збагацеў", "Прапаў чалавек", "Родныя Зьявы", "Апавяданьні", "Нёмнаў дар", "Тоўстае палена".

Вайна адарвала Коласа ад цэнтраў беларускае творчае працы, перадусім ад Вільні. І ў працягу некалькіх гадоў, жывучы ў Курскай губэрні, ён нічым новым не напамінае аб сабе сваім чысьленым і шчырым паклоньнікам. Але за гэтыя гады творчая думка працуе ў Коласа, і вось - з канцом сусьветнае бойні - адзін за адным выходзяць у сьвет новыя - вялікшыя творы Коласа, сьведчучы аб нясупынным росьце ягонага таленту. За гэты час дасьпявае яго цудоўная поэма "Новая Зямля", распачатая яшчэ ў 1911 годзе і закончаная ў 1923. У 1918 годзе друкуюцца першыя тры часткі поэмы Коласа "Сымон Музыка", якую поэт меў закончаную ў рукапісе ўлетку 1924 году, ды яе ў яго, едучы чыгункай, разам з другімі рэчамі нехта ўкраў. Але гэта Коласа не знеахвоціла: ён адтварае згубу, перапрацоўвае пачатак і ў 1925 годзе выпускае цэлую поэму, пасьвяціўшы яе белалускай моладзі. Урэшце ў 1924 годзе вышла ў сьвет повесьць Коласа, пісаная ня вершам, а прозай: "У Палескай глушы".

Друк апошніх твораў прыпадае на найшчасьлівейшую, здаецца, у жыцьці Коласа пару: ён асеў аканчальна ў Менску, дзе сустрэў вельмі гарачы прыём і дзе перад ім расчынілася магчымасьць цалком аддацца творчай працы: Рада Народных Камісараў Радавае Беларусі надала яму тытул Народнага Поэта і забясьпечыла яму жыцьцё дажывотняй пэнсіяй. Тут, у Менску, Колас ужо напісаў драму "Забастоўшчыкі", дзе малюецца, як падае Гарэцкі, нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў у часе царскага рэжыму, іх ідэалёгія, жыцьцё і г. д.

За во-шта-ж мы гэтак высака цэнім Якуба Коласа, што даў ён нам новага ў сваей творчасьці, чым узьнёсся па на-над цэлую масу другіх беларускіх поэтаў? - Каб даць адказ на гэтыя пытаньні, трэба глыбей унікнуць і разглядзецца ў творчасьці Коласа.

Аглядаючыся на папярэднікаў Коласа і пакінуўшы збоку ягонага равесьніка Янку Купалу, як першага поэта-павадыра ў адраджэнскім руху, - мы мусім адзначыць, што нашы пісьменьнікі з XIX сталецьця - гэта выключна прадстаўнікі краёвае інтэлігенцыі, крэпка зьвязанай з народам, але ўсё-ж належаўшай да так званае "вышэйшае" сфэры - шляхоцкае, чыноўніцкае. Гэта ўсё - дасьледчыкі народнага жыцьця і народнае душы, глядзеўшыя на нашу вёску зьверху і - зусім натуральна, ня гледзячы на ўсю сваю чуткасьць, - няздольныя дайсьці да дна народнае душы. І Марцінкевіч, і такі шчыры народнік, як Багушевіч, і пазьнейшы нашанівец Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) - ўсе яны апісавалі народ, падыходзячы да яго