Старонка:Zbor 7t t4.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

Увесь стаіш перад вачыма,
Ты міл і смуцен, як радзіма,
Як наша ціхая старонка,
Дзе смугі сіняя пялёнка
У летні час дымком звісае
І даль задумай спавівае.
Хоць я няволяй цяжка змучан
І з родным берагам разлучан,
Ды я душою ажываю,
Як вокам мыслі азіраю
Цябе, мой луг і бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны,
Дубы, дзе дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою
Даўнейшых спраў вартаўнікамі
І ззяюць грозна жараламі.
І толькі тут, пад іх чароткай,
Улетку, добраю пагодкай,
Касьбой утомлены, спачынеш
І думкі клопату пакінеш,
Заснуўшы крэпка і салодка.
Тут так прахладна, так прывольна!
А пташкі голасна і здольна
Смяюцца мілым шчабятаннем
І поўняць луг сваім спяваннем.
А на дубах, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы клякочуць, бусляняты
Пешчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есці ў сваю пору.
А там, дзе буслікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
І неуклюднымі нагамі
Танцуюць смешна над дубамі.
Там, у падсуседзях з бусламі