Старонка:Zbor 7t t4.pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

Забылі ўсё яны на свеце
І як мага бягуць, смяюцца,
Аж іх валосікі трасуцца.
— А, дзядзька! дзядзечка, саколік!
Насып мне ягад у прыполік!
— Дай мне дубец! — А мне дай вуды! —
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі,
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
Ідзе без шапкі, круціць носам —
Гаворыць пацеры з засосам;
Для смешак твар яго зацяты,
Дык моў не лезьце, парасяты.
І дзеці змоўклі, больш ні слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькі са святымі, —
Тады пагутарыць і з імі.
А покі кончыць ён маліцца,
То можна ў Свержні апыніцца:
Псалмоў адкоціць з паўдзесятка,
Ды так выразна, ды так гладка,
Што дзяк і той не ўсякі зможа,
Як рэпу грыз, — даруй грэх, Божа!
Не гаварыў, а сек языкам!
Маліўся дзядзька з тым разлікам,
Каб кончыць модлы каля дома,
Бо ў хаце нельга, ёсць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад Бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае,
І не намолішся — нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
І толькі дзядзька на двор ступіць,
Дык кулаком у грудзі лупіць,
Тры разы хрысціцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накідае
І ставіць вуды ўсе ў парадак.
— Ну, што? наеліся аладак? —
Жартуе дзядзька тут з малымі
Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі.