Старонка:Zbor 7t t4.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

Яны, замест таго адказу,
Бубняць па пузу для паказу.
— Эх, брат Алесь! — гаворыць дзядзька. —
Вось быў шчупак — усім ім бацька!
Век я такога не забуду,
Але парваў мне, падла, вуду.
І падчапіў быў нават спраўна.
«Ну, — думаю, — пажыва слаўна!»
Цягну, а ён аж гне вудзільна,
Ну, чуць не вырве яго з рук!
А тоўсты, падла, бы япрук,
І доўгі ж, доўгі, як цапільна.
Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда,
Але сарваўся. Ах, паскуда!
І натаміў як мае быць,
І пастка ўжо з вады тырчыць,
Як змей, варочае зянкамі,
Ну, вось ён, вось! хватай рукамі!
А потым, брат, калі рвануўся, —
Ўсё к чорту — вуда і кручок,
Пайшоў гуляць мой шчупачок!
А я, брат, толькі аблізнуўся!
— Ах, вось шкада! З кручком і з дротам?
Дык ён жа здохне! — Ну чаго там!
Шчупак — жывучая, брат, юха!
Такі жывучы — дзяржы вуха!
Ён пяць кручкоў глыне — й не знайся;
Ты ў Янчура пра іх спытайся:
Янчур іх лужа, як арэхі,
Іх знае прожары-прарэхі.
А мне ўсяе, брат, тэй уцехі,
Што падчаплю зноў юху тую,
Тады, брат, дудкі: не спудлую!
 
Ўжо снедаць час, і поўдзень скора,
Ды з гэтым бацькам адно гора!
Як пойдзе ён у лес той зрання,
Як цукар у вадзе растане:
Няма й няма, чакаць абрыдне.
Якога выхадзіш там злыдня?
Ці надта выслужышся ў пана?