Старонка:Zbor 7t t4.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

А Костусь — торбу з кутасамі
І знак блішчасты стражнікоўскі.
— Барзджэй вы там, кірмаш такоўскі! —
Гукае дзядзька з ноткай злосці: —
Ідуць, як тыя шляхты ў госці!..

III

ЗА СТАЛОМ

— Ну, небажаты, будзем снедаць —
Ў людзей садзяцца ўжо абедаць.
Цягні мачанку, маці, з печы!
За стол, малы, за стол, старэчы! —
Гаворыць дзядзька, сам сядае
І стол абрусам засцілае.
Паміж двух лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак,
Ды хлеба з зайчыка краюшак.
Міхал з Антосем, як старыя,
Займалі месцы канцавыя
І іх трымаліся выключна,
Бо тут сядзець ім больш спадручна,
І ў кут старым трудней залезці,
А на пачэсным гэтым месцы
Садзіўся госць — і то не кожан;
А як цяпер кут быў парожан,
То там Алесь прымайстраваўся,
Сядзеў на кукішках, гайдаўся,
Цішком шчыкаючыся з братам.
Кастусь сядзеў між ім і татам;
Ён да яды не так быў падак,
Бо ўжо намазаўся аладак,
Але сядзеў і мяў аладку
Ды штурхаў бацьку пад лапатку.
Уладзік быў у дзядзькі збоку…
Дзяцей, як тых снапкоў на току! —
Сямейка, праўда, немалая: