Старонка:Zbor 7t t4.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

З вядро галоўкі вырастаюць,
З трох коп кадушку накладаюць!
А мак! а рэпа! морква, бручка!
А буракі, гуркі, пятрушка —
Ўсяго, ўсяго, ну, проста — страх!
Ўсё там расце, як на дражджах.
І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы!
Вось дзе, Антось-брат, пажыў ты бы! —
Пад дзядзьку бацька падвёў міну: —
Лаві ліны і еж саміну —
Самы жывуць там, як цяляты!
А дзядзька быў рыбак заўзяты,
Рыбак у ім тут абудзіўся,
Як сонца, твар яго свяціўся,
І ад прыемных ціхіх смехаў
Чуць не да вуха вус заехаў.
— Ну, ўсе выгоды каля бока,
Тае ж зямлі якраз валока, —
Міхал распісваў з жарам далей: —
А чорны грунт — дванаццаць цалей!
Жыта там родзяцца надзіва:
Як едзеш між хлябоў вясною,
Ў іх конь хаваецца з дугою!
А з ячмянёў вары хоць піва.
Грэчка, аўсы растуць, як лозы, —
Не то што ў нас: адны занозы
Пад кіпці ты панаганяеш,
Пакуль дзве жмені нажынаеш.
І ўся зямля ў адным адрубу;
І лес там ёсць, найболей дубу,
А дуб расце на добрай глебе;
Не клапаціўся б там а хлебе...
Адкуль ні глянь — усё ўпадобна:
Перш-наперш жыў бы там асобна,
А не ў галдзе, страшэнным сціску,
І лбоў не білі б там за міску,
Як гэта водзіцца ў народзе;
Там зможаш быць з суседзьмі ў згодзе.
Другое дзела — воласць блізка.
І то не дробная, брат, рыска;
Там школка ёсць, а дзецям трэба