Старонка:Zbor 7t t4.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

IV

НА ПЕРШАЙ ГАСПАДАРЦЫ

— То як жа быць? — спытаў Антоні. —
Давай, брат, думаць хоць сягоння
Ці так ці сяк, каб даць параду
І к аднаму ўжо прыйсці ладу
Раз назаўсёды, аканчальна.
Вядома, служба — рэч гадальна,
А ў гэтым пекле і тым болей:
Не пэўна жыць пад панскай воляй.
Але з чаго пачаць, мой браце?
Бо невялікае багацце,
І як ты знойдзеш канцы тыя,
Калі кішэні ў нас пустыя?
— Ну, ты заглядваеш далёка,
Дык трохі хібіць тваё вока —
Вось гэта раз; а па-другое —
У нас ужо ёсць сёе-тое:
Ну, пляц, зямлі на чвэрць надзела;
Лічы пад тысячу іх смела.
А там зямельны банк паможа,
Быка, карову прадамо...
Чаго палохацца? дармо!
Абы ахвоту меў, нябожа!
А пры жаданні, пры ахвоце
Сам чорт не страшан у балоце! —
Сказаў Міхал на словы брата,
Сказаў рашуча і заўзята.
 
А маці слухае маўкліва,
Аб чымся думае тужліва;
Сказаць штось хоча і ўздыхае,
Штось за язык яе трымае.
— Вось як пачнеш так разважанне,
Агоркне ўсё табе дазвання, —
Нарэшце маці не ўтрывала:
— Таго няма, другога мала;
А як жывеш ды не гадаеш,
То й ліха тога не зважаеш...