Старонка:Zbor 7t t4.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Так... хоць зямлі свае нямнога,
Але ўсё ж лепей, як нічога.
А збудзь яе — пачуеш страту,
Бо дзе паставіш тую хату,
Калі няшчасце напаткае?
Бо гэта служба ўжо такая.
А там, за светам, на чужыне
Ніхто цябе, ой, не прыхіне!
І як там будзе з той зямлёю?
Не хваціш голаю рукою, —
Няпэўна ўсё і невядома,
Дык больш пільнуйцеся вы дому!
— Ну, вось кабеціна дзіўная! —
Міхал на жонку нападае. —
Ці ж мы зямлю сваю збываем?
Мы на рахункі прыкідаем.
Ды што, скажы, ну хоць бы й пляц?
Падумаць — выстраіш палац!
Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!
— Вядома, бацькаўшчыны шкода, —
Сказаў Антось у тоне згоды. —
Але ж і трэба меркавацца
І аднаго чаго трымацца;
І не чужым, а сваім вокам
Агледзець трэба ненарокам,
Як мае быць Заблонне тое;
А можа, выйдзе што-якое.
Рабіць тут трэба — адно слова,
Не то што — цуп-луп! — і гатова,
Бо гэта справа — не пустая;
Людскі ж язык касцей не мае.
Я так бы раіў: выбраць час
І аглядзець усё зараз,
А там сама пакажа справа,
Ці варта шуму ўся аблава,
Бо мо ваўкі ўсе пасхадзілі. —
На том яны і парашылі.

Я тут спыню апавяданне,
Каб значны крок ступіць назад,