Старонка:Zbor 7t t4.pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

VIII

СМЕРЦЬ ЛЯСНІЧАГА

— Міхал! Міхале! О, Міхале! —
Пачуўся голас як бы здаля
Каля зямлянкі ранічкою
І часты стук у шкло рукою.
— Ўставай, Міхале, адзявайся!
— А хто там? — Я! хутчэй збірайся:
Памёр ляснічы наш! — Да можа?! —
Міхал ускочыў — моцны Божа!
І хто б мог думаць, спадзявацца!
Ўжо стаў ачуньваць, папраўляцца...
Каб хто сказаў — не даў бы веры,
Ды то аб’ездчык, пан Ксавэры,
Прынёс навіну гэту, смуту!
— Няхай пан зойдзе на мінуту! —
Сказаў Міхал, адмкнуўшы дзверы.
Цераз парог ступіў Ксавэры,
Вайшоў у хатку і спыніўся,
Бо зразу ў ёй ашаламіўся,
І дальш не ступіш ні на крок:
Не хатка — проста катушок,
Няма дзе нават павярнуцца,
Як у сабачай цеснай будцы.
— Сядайце дзе-небудзь, сядайце!..
Эх, хата наша, выбачайце... —
Міхал калодку падстаўляе.
Уздыхнуў Ксавэры і сядае.
То быў мужчына ўжо паджылы.
— Ах, мой ты Божа добры, мілы!
Ото ж як выбраўся ён скора!
Яшчэ не дальш як пазаўчора
Са мною гутарыў, смяяўся
І аба ўсім мяне пытаўся, —
Міхал гаворыць і ўздыхае.
— Ох, браце: смерць не разбірае
І не глядзіць нікому ў зубы:
Гадзюкаю, брат, з-пад падрубы
Знячэўку ўсадзіць сваё джала,