Старонка:Zbor 7t t4.pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

Ці многа жыў, ці жыў ты мала,
Ці ты багаты, ці ты бедны,
Ці ты зайздросны, ненаедны.
Жывём, клапоцімся, і дбаем,
І ўсе нарэшце паўміраем,
У нейкім згаснем летуценні, —
Сказаў Ксавэры ў засмучэнні.
— Так, гэта так, пане Ксавэры!
Ўжо загатованы паперы
Для часу нашага сканання
Рукою божага ўзыскання.
І ходзіць смерць, як цень, за намі, —
Сказала Ганна са слязамі...
— Ну, я гатоў! — то пойдзем, браце,
Паплачам хоць па сваёй страце.
 
Міхась з Ксавэрам выйшлі з хаткі.
Світала ўжо. Дзесь каля гаткі
У гэтым досвітку маўклівым
Крычалі гусі праразліва,
Нястройным хорам гергеталі,
Ды качкі з шумам праляталі,
І кнігаў нёсся плач з лукі,
Ў глыбі лясоў цецерукі
Ўжо зачыналі свае токі,
Усход віталі агнявокі,
Віталі шчыра і натхненна.
Міхал з Ксавэрам задуменна
Ішлі праз лес, ішлі маўкліва.
І толькі зрэдку сіратліва
Па слоўку ўроняць два служакі.
— Няма ў нас пана, небаракі!—
Міхал гаворыць. — Так, няма.
Жыві ўдава цяпер сама, —
Сказаў Ксавэры задуменна.
— Ну, пане, будзе цяпер змена,
І пойдуць новыя парадкі, —
Міхал выказвае дагадкі.
— А пэўна: будзе талачэча,
Не без таго ўжо, чалавеча!—
Ўздыхнуў Ксавэры. — Шкода пана!