Старонка:Zbor 7t t4.pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

Ох, бедны: выбраўся зарана!
А жыць бы мог, такі здаровы, —
Ну, чалавек, як корч дубовы...
Пажыць бы трохі яму трэба,
Пакой душы яго і неба. —
Так гаманілі, йшлі прасткамі
То праз лужок, то хвайнікамі —
Ўсяе дарогі на паўмілі,
Ішлі, нябожчыка хвалілі,
Як чалавека й служку князя,
Як і вядзецца ў такім разе.
— Не кепскі быў: і распытае
(Хай са святымі спачывае),
Як ты жывеш, ці ты галодны,
Ці ты спачыў, — як бацька родны,
Але, сказаць, яшчэ й не ўсякі!
А прынясеш што — без падзякі
Ужо не выпусціць, заплаціць,
А на дарэмшчыну не квапіць.
— Быў чалавек ён справядлівы,
Не фанабэрысты, праўдзівы!—
Ксавэры так жа пацвярджае.
На тым гаворка іх змаўкае.
Ідуць маўчком яны; заняты
Сваімі думкамі з іх кожны.
"Так. У лясніцтве кут парожны,
Куток паквапны і багаты,
Не застаіцца, не згуляе,
Паноў к сабе ён прыцягае,
Як рыб гарох у азярыне,
І кожны ў замку службу рыне,
Сюды паціснецца з ахвотай,
І не прыедзе, а пяхотай
За душу мілую прычхае, —
Міхал з сабою разважае. —
Але хто ж гэта месца зойме?
Яно-то праўда: ў панскай плойме,
Сказаць, не будзе недастачы,

Ды гора ў тым — адзін лядачы,

Другі без клёпкі, трэці злосны,

Несправядлівы, безлітосны,