Старонка:Zbor 7t t4.pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

І ногі ўперад выкідае.
— Бадай ты спух! ото распуста!
А каб табе было, гад, пуста!
Няма ні сораму, нічога...
Ды пашануйся ты хоць Бога.
Хоць бы граха ты пабаяўся! —
Але Рыгор не сунімаўся.
— Скачы, валяй і ты, Настуля!
Што ж? Калі гулі, брат, дык гулі!
Пан пойдзе ў рай, а мы з табою...
А мы — у букту з галавою!
— Пакінь: нябожчык там, у доме!
Пайдзі праспіся на саломе!
І пані унь глядзіць! — Што пані?!
А я-то хто? пане-хурмане,
Дурное заткала ты! знаеш?
Чаму Рыгорам называеш?
Заві мяне... вяльможны пане!
— Няхай цябе зямля апране!
Ото брыда, ото завала:
Яшчэ каб панам называла!
Ці чулі людзі? Налізаўся,
Як той сабака на разніцы!..
— Но, но! бо пойдзеш без спадніцы.
— Адстань! слатою навязаўся.
«На паліцы сланіна,
Пані пеўня смаліла,
А ў рандэльку стаіць лой,
Але не твой, не — не твой!»
А там, у доме, было гора:
Жывы і крэпкі яшчэ ўчора,
Сягоння быў ён нерухомы,
Глухі на ўсё, чужы жывому.
З засценку шляхта пасхадзілась
І ў тым пакойчыку таўпілась,
Дзе пан ляжаў у дамавіне.
— Няхай з святымі апачыне! —
Ўздыхалі, хрышчучысь, старыя,