Старонка:Zbor 7t t4.pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

Схіліўшы голавы сівыя.
— Не кепскі пан быў! — гаварылі,
І ціха, стала адхадзілі,
І доўга кучкамі стаялі.
Паны сюды з’язджацца сталі.
 
Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы,
У лепшым стражніцкім уборы:
У новых куртках са шнурамі,
А на грудзінах са знакамі,
На шапках «R» было з каронай,
Каўнер стаячы і зялёны.
Яны па два, па тры стаялі
Каля паркана і чакалі,
Пакуль куды іх не паклічуць,
Стаяць і пану рая жычуць,
Збавення вечнага жадаюць,
Гавораць ціхенька, ўздыхаюць.
Паслухаць збоку іх — здавалась,
Што ўсе яны пасірацелі,
А што на сэрцы яны мелі,
 
То тое ў сэрцы і асталась.
Ды толькі мушу я прызнацца:
Як пачынала ўжо змяркацца
І пана з плачам пахавалі,
Ўсе леснікі пілі, гулялі,
А потым сталі барукацца.
Амброжык Кубел разгуляўся,
Са ўсімі шчыра цалаваўся,
І кварту трэцюю ўжо ставіў,
І ўсёю выпіўкаю правіў.
— Браткі! Гуляйма! Калі свята,
Дык трэба выпіць хоць багата! —
Крычаў Амброжык. — Сцеражыся! —
Кіўнуў ён носам на Міхася,
І чарка ёмка паднялася.
— Эй, цётка Хрума! ўраз з’явіся! —
Вайшла і Хрума ў старым чэпку.
— Здарова, цётка! як ты крэпка?