Старонка:Zbor 7t t4.pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

Кароў на пашу выганяйце!
Даўно пара ўжо пасвіць статка! —
Алеся, Ўладзю будзіць матка,
А хлопцы толькі ўзварухнулісь
І на другі бок павярнулісь.
Тут маці трошкі пастаяла
І галавою паківала:
— Шкада будзіць — ох, сон салодкі!
Няхай паспяць яшчэ блазноткі.
 
Пагукваў дзядзька ўжо на полі
І ткаў сахою кросны-ролі,
Ды пырнік так укараніўся,
Што дзядзька з конікам таміўся,
І сошку часта ён спыняе
І пырнік дзікі вытрасае.
— Ну ж і балота! вось атрута,
То не работа мне — пакута:
Ступіў два крокі і спыняйся
Ды з гэтай пырніцай змагайся.
І як яны тут, ліха долі,
З сахой хадзілі ў гэтым полі?
Як тут расло, на міласць Бога,
Калі ў зямлю не ўб’еш нарога?
Дзве баразны прайшоў — конь змогся.
Ну і народ, каб ён апрогся!
Так запусціць зямлю нядбала?
Не гаспадар быў, а завала! —
Антось стаіць, штось разважае
І хмурна поле аглядае,
А потым раптам схамянуўся,
Зірнуў на сонца, ў двор рвануўся.
— Хіба каровы яшчэ дома?! —
Спаткаўшы Ганну, ён пытае,
Ідзе ў гумно і хлопцаў лае:
— Вы што зашыліся ў салому?
Ўставайце зараз, гультаіны!
Прайшло, лічы, ўжо дзве гадзіны,
Як сонца ў небе засвяціла,
Яны ж... хоць ты ўсадзі ім шыла!..
Ўставайце жыва, а то ўскочу,