Старонка:Zbor 7t t4.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

Антось з Міхалам на сняданні
Даюць адказы на пытанні
І кандыдатаў разбіраюць,
Адных пахваляць, тых палаюць.
— Вось каб Галонскі тут астаўся!
За ім бы, брат, палюдскаваўся:
Такі прасцяк, не надзіманы,
Ляснічы вельмі б пажаданы.
— Ды гэта так! — Міхал ўздыхае. —
Але заручкі ён не мае:
Яго паны не падтрымаюць,
Бо на прымеце іншых маюць.
Такога вышукаюць струпа
Ці адшчапенца-курашчупа,
Што й службе той не будзеш рады
І адцураешся пасады.
— Вядома, так, — і Ганна кажа, —
Жыццё і свет табе завяжа,
Як гад які сюды прыпрэцца;
І немаведама, дзе дзецца,
Як дапячэ табе часамі,
Хоць ты наймайся батракамі.
— Эх, брат! — махнуў Міхал рукою. —
Мы чулі ўладу над сабою,
А пажывем — яшчэ пачуем,
А тут, хоць як мы ні мяркуем,
Але нічога не даб’емся,
Куды ні пойдзем, ні таўкнемся,
Дабра ніколі не прыдбаем,
Пакуль свайго кутка не маем.
— Свайго кутка! сказаць то лёгка,
Ды гэта справа вельмі крохка:
Тут грошай трэба поўна жменя —
Не наша голая кішэня...
Купі зямлю ды замацуйся,
Купі ты лесу, пабудуйся...
А ў Мікалаўшчыну вярнуцца —
Ўжо лепей тут як-небудзь гнуцца,
Бо там — галда, там шум, цяснота,
І не бярэ ніяк ахвота
Туды зноў ехаць будавацца,