Старонка:Zbor 7t t4.pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую!
Пакажа нам, дзе рак зімуе! —
І — ха-ха-ха! — Міхась рагоча:
Ён паказаць тым смехам хоча,
Што ашукалісь нечакана,
Прыдбаўшы гэтакага пана.
— А як жа! чуў я, што за пташка!
Лядачы нораў, лае цяжка,
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае.
Ляснічы новы не з’явіўся,
А ўжо, як трэба, уявіўся;
Усё падробна распісалі,
Як бы яго даўно тут зналі:
І як ён выглядзіць сабою,
І што ён мае за душою,
І чым выдатны і багаты,
Ці кавалер ён, ці жанаты,
Калі, дзе, чым ён вызначаўся,
Як да людзей слатой чапляўся, —
Ну, адным словам, адчыталі,
Ўсе косці пану перабралі.
І праўда, пан быў злы, паганы
І звераваты, надзіманы,
І мух не мала меў у носе.
І шмат цяжэй тут павялося.
 
І вось, вярнуўшыся з абходу,
Як бы апушчаны у воду,
Міхал павёў апавяданне,
Як выйшла першае спатканне.
— Іду, а ён дарогай валіць,
За ім вярхом Абрыцкі смаліць.
Пад’ехаў гэта і спыніўся.
— Дзень добры пану! — пакланіўся,
А ён, як слуп, і не зважае,
Глядзіць, бы воўк той, і пытае:
— А ты дзе служыш, чалавеча?
— Служу, паночку, я ў Парэччы.
— Ага!.. чаму гэта, ягомасць,
Вядзеш вялікую знаёмасць?