Старонка:Zbor 7t t4.pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

Што ім Марцін тут заспявае.
— Ну, што нам васпан сказаць мае?
— Наказ прынёс я да васпана!
Наказ такі, каб заўтра зрана
Твой брат Антось шоў да адбору,
А сам Міхал аб гэту пору
Настройваў лыжы да сялібы —
Падбаць панам наконта рыбы;
Бяры там невад з рыбакамі,
Паноў парадуй шчупакамі:
Галодны, можа, небаракі,
А мо абрыдлі ім прысмакі —
Вяндліны, мяса і катлеты,
Павысыхалі, як шкілеты,
Іх вецер з ног чуць не скідае! —
Марцін тут жарту падпускае.
— Ну вось, ужо і даў задачу!
— Ты нездаволены, як бачу;
Але пастой, Міхал, даслухай,
Тады ты ўжо глуздом парухай:
Пан прыказаў яшчэ васпану,
Злавіўшы рыбы, каб тады жа
Сам васпан вёз і да Нясвіжа
Таму другому калашману,
Што падпіраюць князеў замак,
Для цешчаў іх і розных мамак.
— Наказ нічога для пачатку!
Што ж далей будзе, пане-братку?
Э-гэ-гэ-гэ! не мець спакою! —
Міхал затрос тут галавою. —
Ой, дасца гэта служба ў знакі!
На карк уссядзе д’ябал ўсякі.
Хіба ён літасць, сэрца мае?
Ўжо двух у службу запрагае:
Адзін на рыбу — той ў адборку...
Няма на іх, вужак, паморку,
Вось на такіх чартоў лазатых,
На гэтых джынджыкаў праклятых!
Быў чалавек, што можна б ладзіць,
Дык вось няма — памёр! Не вадзіць