Старонка:Zbor 7t t4.pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ й пад носам наківае.
А ты цярпі, маўчы зацята
І слухай споведзь пана-ката.
 
І крыўда ў тым, мае вы людзі:
І хто ж то волю даў паскудзе?
Нашто зямля іх, катаў, носіць?
Ой, хто ж ад іх не загалосіць?
А дзе на іх шукаць управы,
Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы»
Паноў за здзекі не карае?
І хто цябе тут падтрымае?
Каму паскардзіцца і дзе?
Хто гэту крыўду адвядзе
І трохі згладзіць перашкоды?
І між сабою няма згоды:
Адны другіх бы тут паелі
Або ўтапілі б, каб прымелі.
Адзін другога не пакрые,
Глядзяць, як ворагі ліхія,
Гатовы ліха прыкупіць,
Каб спатайку цябе ўкусіць.
А пан з таго і карыстае
І па чарзе ўсіх пералае.
 
— Ну ж і «Рачок»! ото ж уз’еўся!
Чаго на нас ён так насеўся? —
Казаў часамі дзядзька дома. —
І як служыць тут — невядома.
Ото ж зараза ўжо прыўдасца!
Нашто на свеце гэта трасца?
Служы яму ты ўсёй сям’ёю,
А сам ты хоць жабруй зімою.
Сказаць, ну, меў бы ты пасаду,
Дык чорт бы з ім, цярпеў бы гаду,
Але што тут? асот, галота,
Шэсць дзесяцін — чаго? балота!
Другія маюць па валоках,
Як Ліхтаровіч у Затоках.
І што ж? адзін ён службу мае,
Ніхто туды не зазірае,