Старонка:Zbor 7t t4.pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

Завошта, пан, мяне так лае?
Згарыць яна няхай такая
І служба гэта, і пасада,
І гэта крыўда, й гэта здрада,
І гэта панская адплата!..
Няхай яна будзе праклята!.. -
Міхал тут плюнуў, завярнуўся -
Хоць раз, ды добра агрызнуўся!

XI

ДЗЕДАЎ ЧОВЕН

Міхал вайшоў у хату злосны.
- Ах ты, вар'яце безлітосны!
За што ты лаеш? за што хаеш?
Што да мяне ты, скажы, маеш?
Чаго чапляешся слатою,
Каб ты не ведаў век спакою!
А прападзі ты, гад шалёны! -
І доўга сыпалісь праклёны,
Пакуль Міхал свой гнеў не выліў.
- Але-ж і я яго зажыліў!
І зразу змоўк, сабача морда! -
Міхал прамовіў досыць горда: -
Прагоніць вон - хай праганяе,
А служба знойдзецца такая:
Мяне сам князь у замку знае!
- І маладзец, - гаворыць жонка: -
Ды трэба больш было насыпаць,
Каб аж пайшло калоць пад кіпець,
Каб ззелянеў ён, як зялёнка.
Прагнаць! за што? Украў ці што ты?
За лес спраўляеш сабе боты?
Ці прапіваў дабро скарбова?
Не будзе гнаць цябе за слова:
Няма прычын. А папусціся,
Тады ідзі ды хоць тапіся.
- Ото-ж зараза! от халера!