Старонка:Zbor 7t t4.pdf/90

Гэта старонка была вычытаная

Дзед меў да сецей нахіленне,
А вудзіць — не: не меў цярпення
І не любіў наогул вуды
І гэтай вудавай маруды,
Бо вуды любяць больш паны
І, выбачайце, свістуны;
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды,
Але не ўсе і не заўсюды.
Вось невад — о! другая справа —
Тут, брат, не вуда, тут — аблава!
І волак можна пахваліць:
Ім можна здорава лавіць.
А лепш за ўсё, мае браткі…
Сказаць вам? венцер, нераткі!
Ды толькі трэба мець знароўку,
Каб не страляць у саракоўку,
Бо трэба ведаць, дзе паставіць,
Ды ўмець і венцер добры справіць.
Мастак быў дзед на ўсё на гэта:
Лавіў нямала ён за лета;
Былі ліны, язі і плоткі —
Лузаў дзед добра сабе злоткі:
Было за што кручок загнуць,
Было і ў краму з чым зірнуць.

І любяць дзеда Юрку ўнукі,
Яны цалуюць яму рукі,
А дзед у плечы іх цалуе
І абаранкам патрактуе.
Цукеркі дзеду — не, не любы,
Няхай іх качкі: псуюць зубы,
Дык лепш не знаць іх, ну іх к ляду,
Гэту дзявочую прынаду!
Звычайна дзед быў вельмі ціхі,
Не падымаў нідзе шуміхі,
Але быў сталы і разумны,
Такі разважлівы і ўдумны —
Ну, чалавек старога складу,
Калі што скажа, то да ладу,
Але дзе крыўда і махлярства —
Тады дзед меў адно лякарства —