Старонка:Zbor 7t t4.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

Як салавей з сіваваронкай,
Ды як зальецца песняй звонкай!..
Не! дзеду трэба болей руху,
І дзеду цесна ў тым кажуху.
Кажух на лаву дзед скідае
І бубен-рэшата хватае,
Бубніць у вечка чым папала
Ды як прышчоўкне! ды прыўдала!
Тут вам і полька, і мазурка…
Такі быў дзед, нябожчык Юрка!
 
І дзядзька быў рыбак выдатны,
Хоць больш урыўкавы, прыватны,
Але лавіў-такі нямала,
І дзядзьку ў рыбе шанцавала.
Бывала, пострыжні прыправіць,
На шчупакоў нясе і ставіць.
Глядзіш — о, добрая мінута! —
Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута,
Схапіў жыўца шчупак і свішча,
Дастаў — ў два локці шчупачышча!
І з вудай дзядзька шчасце мае:
Язёў занадзіць і кілзае;
Язі ў тры хунты і ў чатыры!
Агледзіць дзядзька букты, віры,
Картофель зварыць і гароху,
І надзіць рыбу ён патроху.
 
Лавіў наш дзядзька нераткамі
І венцярамі і сачкамі,
Ды аднаго ўсё ж бракавала:
У дзядзькі чоўна не ставала.
 
Каля адрынкі пад страхою
У дзеда Юркі сіратою
Валяўся човен так, без дзела,
На сонцы сохла яго цела,
І човен, праўда, ўжо няновы.
Дзед Юрка быў рыбак скарбовы,
Скарбовай чайкай карыстаўся,
А ўласны човен так валяўся,