Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/230

Гэта старонка была вычытаная

МУЖЫЧАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Божа, божа, твая воля!
(Хоць і можа гэта грэх):
Што за жыцьце, што за доля, —
Проста плач бярэ і сьмех!

Ў хаце чорна, няпрыбрана,
Парасяты пад палком,
Павуцінаю заткана
Столь і кут над абразом.

Дзеці ўстануць пасля ночы —
Крык, хоць вушы затыкай.
Дым з камінку лезе ў вочы,
Дзед сярдуе — ая-яй!

А як часам дзе зьбярэцца
Ў хаце з пару ‘шчэ жанок,
Сварка тая не зьвядзецца —
Дзень грызуцца за гаршчок.

А ўмяшаюцца мужчыны,
Ну, і пойдзе латата!
Паўплятаюцца ў чупрыны,
Рэдка стане барада.