Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/248

Гэта старонка была вычытаная

ВОБРАЗ ПАКУТЫ

Па зямлі і ўдзень і ўночы
Ходзіць асьцярожна
Чорным ценем, злою зданьню
Страшны падарожны.

Балахон яго на латах,
Бледны твар аплёван,
Акрываўлена ўсё цела,
Ланцугамі скован.

Ходзіць ён па бедных вёсках,
Па глухіх закутках,
Пакідае за сабою
Гора, сьлёзы, смутак.

І снуецца цень пакуты
І снавацца будзе,
Покі вочы не разьвяжуць,
Не расчыняць людзі.

1908 г.