Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/105

Гэта старонка была вычытаная

Пух угору падымае,
Красачку пахіліць.

Прабяжыць, і ціха стане…
Зьвякаюць кайданы.
Ў гурт сышліся катаржане,
Від іх змардаваны.

Вось на лаўку яны селі,
Голавы спусьцілі.
Думкі моцна іх здалелі,
Сэрца засмуцілі.

Не згадаць іх дум маўклівых,
Дзе яны іх носяць —
Мо‘ гуляюць там, на нівах,
А мо‘ волі просяць.

Катаржане — хлебаробы,
Дзеці вёсак, поля.
Таго бойка з-за худобы
Прывяла ў няволю,

Той з суседам пасварыўся,
Ў таго зяць паганы,
А той з братам як дзяліўся,
Зарабіў кайданы,

Той за нораў свой сярдзіты,
Ці за лішак жару…
Гэта — цёмны люд забіты,
Беднаты ахвяра.