Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/110

Гэта старонка была вычытаная

Сын даўно, даўно ў вастрозе —
Ужо трэце лета!

Забастоўку зрабіў хлопец
У дварэ у пана,
І за гэта да астрогу
Прывялі Сьцяпана.

Пастаяўшы, зноў аб дзьверы
Рукі абівае:
У начальства знайсьці праўду
Думае старая.

У наплечніках начальнік
Падышоў к варотам.
— Мой паночак! мой любенькі!
Ой, маё ты злота!

Дазволь сына мне пабачыць!
Ня тутэйша, пане…
Пашкадуй мяне, старую!
Мокну спазараньня…

Бачыш — дождж халодны сее
Спорна і аблажна
Паглядзеў начальнік зьверам
І сказаў: „ня можна“.

Цяжка, цяжанька ўздыхнула
Бедная жанчына —
Налучылася такая
Ёй, відаць, часіна.