Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/170

Гэта старонка была вычытаная

ВЯСНОЮ

Вясёлыя людзі — снуюць і гамоняць,
Відаць, і ў іх сэрцы вясна,
І горкія думкі галоў іх ня клоняць,
Ім доля прыхільна, красна.

Цаны куску хлеба ня знаюць шчасьліўцы,
І галава іх аб тым не баліць,
Як будзе багатая пожня на ніўцы,
Як заўтрашні дзень перабыць;

Ці будзе прытулак зьвярэджаным плечкам,
І ногі куды панясуць
Іх цела худое: ці к мору, ці к рэчкам,
І рукі каму прададуць,

Свабодныя рукі з патрэсканай скурай.
Шчасьлівец ня знае таго,
Як гнецца галеча прад чорнаю бурай
Няўдалага жыцьця свайго.

А хто гэта ходзіць адзін стараною?
Чаму вы ня рады яму?
Чаму ён ня з вамі? Чаму галавою
Так нізка панік ён? чаму?