Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

ЛІПЫ СТАРЫЯ

Ліпы старыя шумяць за сьцяною,
Жаласна, глуха шумяць,
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
Толькі галіны скрыпяць.

Пышны убор іх, лісты, пазрываны,
Вецер разьвеяў, разьнёс,
Нудна і ім за астрожным парканам,
Цяжка ім зносіць мароз.

Плачуць гаротныя ліпы старыя,
Плачуць на долю сваю:
Пышна расьлі мы, цьвілі, маладыя,
Добра было у гаю.

Вольныя птушкі вакол шчабяталі,
Божыя пчолкі гулі,
Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі,
Сеткі дубы нам плялі.

Белыя хмаркі над намі гулялі,
Беглі ў няведамы край,
Чыстыя росы, як срэба блішчалі,
Гоманам поўніўся гай…