Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/208

Старонка праверана

(А. Навіне)

Заціхла лета, засыхалі краскі,
А ў лясох у нашых воўк зубамі ляскаў.

Прала восень ніці, навівала кросны,
А па нашым полі гойсаў вецер злосны.

Пазіралі дзіка цёмныя трушчобы,
А па нашых хатах чуліся жалобы.

Замірала-ж скарга, млелі ў вуснах словы —
Вартаваў нас пільна арол двухгаловы.

Ты-ж, араты дбалы, малады, руплівы,
Вышаў сьмела ўзорваць гоні „Нашай Нівы“.

А ты, сейбіт слаўны, шчыры і сумленны,
Сеяў шчодра поле, родны грунт каменны.

Зарунелі гоні засевам жычлівым,
Толькі-ж ты, араты, ты ці быў шчасьлівы?

Дзяўкалі сабакі, гракалі вароны,
Слугі цемры чорнай расьцягалі плёны.