Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/74

Гэта старонка была вычытаная

ПАХАВАНАЯ МУЗА

Павесіў поэт сваю музу на плоце.
— Ну, муза, прыляж!
Ня тромкне мой палец па звонкаму дроце,
Ня тромкне, шабаш!

Даволі блукалі з табою па сьвеце —
Сьвет жорстак і глух.
Над соньню балотнай мітусіцца сьмецьце
І прокісьлі дух.

Засьні-ж, мая муза, у холадзе жвіру,
На доўга засьні!.. —
І муза заснула, і змоўкла там ліра —
І згасьлі агні.

Пад плотам пахована муза поэта,
А сам дзе поэт?
Сьпявае з другою, ці-ж дзіва нам гэта?
Такі ўжо наш сьвет.

Над долам, дзе схована бедная муза,
Шапоча вярба
Ды грэе на сонцы брудастае пуза
Хаўроньня раба.

1925 г.