Старонка:Zbor t2 1929.pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

І так з сажань правандруе,
Потым зноў нясе стралой, —
Нёман цешыцца, жартуе,
Нібы з забаўкай якой,
Ды у букту мчыць з разгону,
Міска круціцца ваўчком.
А жанкі глядзяць зьдзіўлёна,
Кінуць слоўка шапатком:
„Ото божжа моц! а любкі!
Ах, як хорашанька йдзе!
Куды-небудзь-жа, галубкі,
Нас яна ды прывядзе!“

Тут — і скуль ён толькі ўзяўся,
Як-бы чорт яго нагнаў! —
Комель жэрдкі увязаўся
І як злыганы прыстаў,
Каля міскі завярцеўся,
Шпарка йдзе ў яе сьляды,
Разгуляўся, раздурэўся,
Як той хлопец малады:
Міска ў букту — ён за ёю,
Міска скокне — і ён скок!
Не дае ані спакою,
Так і цісьне крок у крок.
Ды нядоўга плыў з увагай —
Раздурэўся надта ён
Ды зьнячэўку, як-бы шлягай,
Плясь у міску, як у звон!
— Ax! — тут разам закрычалі,
Аж падскочылі жанкі.