Старонка:Zbor t2 1929.pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

Пазірае Янка, зорыць,
Кажа: „Дзякуй пану!“
Стаіць Янка, разглядае
Пышнае убраньне,
Ня стрымаўся і пытае:
— Куды едзеш, пане?
— Еду к богу, чалавеча! —
Янка ўтарапіўся.
— Як-то к богу? то-ж далеча!
Каб з пуці ня зьбіўся.
Згубіш збрую залатую,
Конь твой падаб'ецца. —
Янка думаў — пан жартуе
Ды з яго сьмяецца.
— Мы, як бачыш, духам-бурай
Даляцім да бога,
Бо я — ведаеш ты? — Юрай,
Проста мне дарога.
— Ці то можа быць?! — пытае…
— Юрай мой сьвяценькі! —
Моліць Янка і ўздыхае:
— Слухай, дарагенькі!
Запытай у бога, мілы,
Запытай-жа, родны,
Чаму бедны я, пахілы,
Голы і галодны?
І малюся штодня богу
І жыву, як трэба,
Ня пускаю я ў дарогу
Жабрака бяз хлеба…