Старонка:Zbor t2 1929.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

А другі няшчасны шкет
Проста так сабе пасьвішча.
Ды затое-ж якіх толькі
Не нагледзішся тут штук!
Тут і вальсы, тут і полькі,
Гоман, жарты, сьмех і гук,
Асабліва ў часе скокаў,
Ну, як, прыкладам, цяпер,
Калі ўвесь натоўп галёкаў
На свой лад, на свой манер.
Ды, сказаць, было і трудна
Лад, спакой тут захаваць:
Як пачнуць музыкі граць,
Загізуе і марудны!
Ды ня дзіва, што старога
Падбіваў чорт Базыля.
— А паслухай ты, нябога:
Жарнеш, га, мы „каваля?“ —
І пад бок штурхець Кандрата!
— А што думаў ты? давай!.. —
І Кандрат устаў заўзята.
— Гэй, музыкі, залівай!
На хвілінку ўсё замерла
Ад басэтлі да дуды:
Што скакаць ім так прыперла
У старэчыя гады?!
— Грайце, хлопцы! — Базыль крыкнуў.
— Каваля! — гукнуў Кандрат
Ды адразу як падбрыкнуў,
Расьсьмяшыў усіх дзяўчат.