Старонка:Zbor t2 1929.pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

Не паставяць богу сьвечкі,
А на скокі,
На грышча яны докі,
Шалудзівыя авечкі!
Эх, Лявон, Лявон, Лявон!
Пудбухторшчык першы ён.
А Лявон быў шыт ня лыкам,
Не спалохаўся папа:
Падышоў, маргнуў музыкам —
— А ну, хлопцы! гопа-па!
Барабан забіў трывогу,
Бубен дробна забрашчаў
Ім басэтля на падмогу.
Смык заядла запішчаў
Ды як грымнулі, загралі —
Скура шорхнула ва ўсіх,
і старыя ня ўтрывалі,
Як-бы чорт задрэнчыў іх:
Сівы Тодар на заслоні
Стаў плячыма вырабляць,
Янка пляскае ў далоні,
Ногі-ж просяцца гуляць.
Поп, вайшоўшы з-за парога,
Адчыніў быў грозна рот,
Дый застыў ён так, нябога
І папаў у пераплёт.
А музыкі не змаўкаюць,
Задаюць ды задаюць,
Аж чарты цябе бяруць
І на скокі падбіваюць.