Старонка:Zbor t2 1929.pdf/54

Гэта старонка не была вычытаная

БАТРАК

(Палеская быль)

Стогне, вые і галосіць,
Аж гудзе Палесьсе.
Вецер хмары гоніць, носіць,
Рве салому ў стрэсе.

Глуха гоман далятае
З лесу векавога,
Нібы песьня заклятая,
Грозьба, засьцярога.

Мітусіцца ў страсе вецьце,
Чараты і лозы.
Угнявіўся чагось вецер,
Бы камусьці грозіць.

Толькі-ж ты ня страшна, бура,
Тым, хто ў цёплай хаце,
Дзе ёсьць запек і пячура
Ды яшчэ палаці,

Дзе лускоча і палае
Корчык на камінку,
А бабулька гаваркая
Ўспомніць пра старынку.