Старонка:Zbor t2 1929.pdf/57

Гэта старонка не была вычытаная

Меркаваліся — так трэба:
На дабро ня пойдзе зло,
Тады нават само неба
Ласкавейшае было.

Памаўчала бабулька хвіліну,
Як-бы ловячы нейкую ніць,
Ці мяркуючы, як пра быліну
Ёй трапней і зручней гаманіць.

— Багатыр на ўсю акругу,
Панам жыў стары Адам.
Меў зямлі, кусішча лугу,
Колькі грошай — знаць ня нам.
Банк даўней ня быў у модзе.
Знаць яго ніхто ня знаў:
Пад падрубаю ў калодзе
Ці ў глякох на агародзе,
Хто меў, золата хаваў.
Ну, такіх цяпер ня многа
Знойдзеш ты багатыроў.
Пчол адных было ў старога
Cоцень тры ды больш вульлёў.
Меў таксама і скаціны,
Рознай жыўнасьці стары,
Бульбы, хлеба, садавіны. —
Што цяпер гаспадары!
Нават блізка не стаялі,
Ой, далёка ім да тых!
А чаму? — закон трымалі
Дзедаў-прадзедаў сваіх…