Старонка:Zbor t2 1929.pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

Долі-спосабу шукаць
За абы якую плату.
Многа дзе ён быў, сланяўся,
І ўжо сталым дзяцюком
Да Адама ён наняўся
Батраком.
Здольны быў работнік новы.
Пойдзе ў луг касіць мурог. —
Ні адзін касец вясковы
З ім управіцца ня мог.
Палюбіў яго, як сына,
Ім хваліўся гаспадар:
„Ну і хлопец! вось хлапчына!
Вось работнік! вось штукар!“

Ўсё йшло добра і паволі.
Дома кошкаўся стары,
А Якім часамі ў полі
Зранку быў аж да зары.
Ходзіць хлопец за сахою,
Дружна ў пары йдуць валы.
Толькі й чуеш за гарою:
— Гэй, Пярэсты! Но, Малы!
А як поўдзень падступае,
Зьніме з іх Якім ярмо.
„Патаміліся?“ спытае:
„Есьці хочаце? Дармо!
Адпачынем, папасемся.
Сонца зрушыцца з гары,
Зноў у сошку запражомся