Старонка:Zbor t2 1929.pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

А сталом быў пень трухлявы,
Што Казімер так кахаў.
Ўсё пра беднасьць тут казала,
Пра нядолю бедака, —
Няпрытульна пазірала
Хатка дзеда-жабрака.

І вось раптам надвячоркам
Хатка тая ажыла.
Там пачулася гаворка,
І быў рух каля стала,
Праўдзівей, каля калоды,
Што служыла ўжо сталом
Незапамятныя годы.
А дзед ходзіць сакалом,
Бо-ж і рад такі старэчы,
Што жыве ён недарма.
Ён патупаў каля печы,
Пляшкі часам ці няма.
Да гарэлкі-ж дзед быў падак,
Майстар быў кручок загнуць:
Як-жа ў гэтакі выпадак
Пару чарак ня кульнуць?
У Казімера старога
Быў і скорам пра запас —
Скруткаў некалькі каўбас.
„Што гнявіць мне пана бога?“
Гаварыў стары ня раз.
Малады пашоў па воду,
Потым дроў схадзіў прынёс,