Старонка:Zbor t2 1929.pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

Сяк-так будзем жыць“, кажу я,
„Дык што ныдзіцца дарма?“
А ён нават бы й ня чуе,
Непакоюся сама.
Ўрэшце стаў ён забывацца:
Ідзе, спыніцца, стаіць.
Аж нейк стала я баяцца —
Розум штось яму труіць.
Успароўся яшчэ цёмна,
Плыт пашоў ён прыбіраць.
І людзей шмат каля Нёмна,
А плыты, як мост, стаяць.
Вось і вечар, я чакаю,
А яго няма й няма.
Што тут думаць, не згадаю,
Бы глынула яго цьма.
А няйначай — ў задуменьні
Аступіўся ён, упаў
Ды пабіўся аб бярвеньне,
Бо дзе-ж дзеўся-б ён, прапаў?

Цётка охнула глыбока,
Азірнулася кругом
І сьлязу абцерла з вока
Жорсткім зрэбным хвартухом.

III

Гоман, вохі і зьдзіўленьне
Непакояць больш сяло:
„Ось праява! ось здарэньне!“
Толькі й гутаркі было.