Стражнік
Апавяданьне
Аўтар: Сцёпка Бірыла
1915 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стражнік (Бірыла).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬЦЁПКА БІРЫЛО

СТРАЖНІК

АПАВЕДАНЬНЕ.


Вільня1915.

ДРУКАРНЯ МАРЦІНА КУХТЫ.

СЬЦЁПКА БІРЫЛО

СТРАЖНІК

АПАВЕДАНЬНЕ.


Вільня1915.

ДРУКАРНЯ МАРЦІНА КУХТЫ.

Беларускае Выдавецкае Таварыство у Вільні.


СТРАЖНІК.

І

Недалёка ад вялікай дарогі, прытуліўшыся на беразі невялічкай рэчкі, стаяла вёска Лапцэвічы. Маленькіе, крывые хаткі папрыціскаліся адна к аднэй, усёроўна, як нешта сабе шапталі. На ўзгорку быў невялікі хмызнячок, за ім выглядваў млын, а далей было адно голае поле. Кругом глуха і ціха; толькі калі-не-калі с хмызнячку выскачыць зайчык і пусьціцца ў поле, ды ў ночы чутно, як выюць галодные воўкі…

Кожную раніцу і кожны вечар тутака скрыпелі дзьверы, вароты, і с комін ішоў густы дым, а пасьля зноў усё заціхала.

Якраз былі Каляды, і мароз быў страшэнны. На вуліцы не было нікога, і толькі сінянькі дымок, круціўшыся с комін, паказываў, што ў гэтых крывых хатках, закіданых сьнегам, жывуць людзі. Бывала, праўда, што ў нядзелю на дварэ і ў хаці Сарабосі быў гоман і гутарка, але толькі ў нядзелю, бо ў будны дзень рэдка хто хадзіў туды. Ды яно й праўда: што-ж ты будзеш рабіць дома сьвятам? У цэркву йці — далёка, вярсты чатыры; дома сядзець зноў нудна — апрыч Сарабасі німа куды і пайці. Ўсё-ж такі там пагаворыш, а то дык і навіну якую пачуеш, паслухаеш, што людзі гаворуць, ды й сам прыкінеш слова, другое.

Самым першым прыходзіў да Сарабасі Амільян Касапузенка, за ім Васіль Апранік, а там другіе, і не было таей нядзелі і сьвята, каб у Сарабасі не было зборышча.

Гэтак сама й цяпер. Зімняе сонейка даўно ўжо зайшло і над вёскай падняўся круглы месяц, а ў вокнах заблішчэлі агні. Хлопцы і дзеўчаты, як водзіцца, пачалі варажыць, зрабілі казу, мядзьведзя; бабы — каторые пашлі да суседак, а каторые дома пааставаліся, а мужчыны пасунуліся да Сарабасі.

Амільян Касапузенка, перакуліўшы дома дзьве чаркі і пасварыўшыся с сваей Альжбетай, даўно ўжо сядзеў у Сарабасі і разам з Васілём працавалі над пляшкай гарэлкі. Трохі пачакаўшы, пачалі зьбірацца і другіе, і гадзіны цераз дзьве ў Сарабасі была поўна хата. Хто прышоў паперадзі, той сядзеў за сталом, на лаве, на зэдліку; другіе — дзе папала, а хто спозніцца, дык той або на зямлі садзіцца, або комін падапрэ, а то дык таўчэцца с кутка ў куток.

— «Сарабася!», — крычыць Амільян, — «давай яшчэ пляшку гарэлкі. Гуляй, Амільян, бо другіх Каляд ня будзе цэлы год!»

Сарабася ўжо аткаркавала другую пляшку, але якраз у гэту часіну ў хату прыляцела Альжбета, Амільянава жонка.

— «Як, яшчэ другую?» — закрычала яна з-за парогу. «Ах ты, бязбожнік, — каб табе смалы! Там дома дзеці плачуць, а ён тутака нашоў сабе таварыша. Што гэта добрые людзі скажуць? Вот, прыедзе Міхалка, як ён цябе пахваліць за гэта?»

І Альжбета хацела ўжо ўчапіцца Амільяну ў валасы, але Васіль Апранік схапіў яе за рукі, а то б было кепска.

Амільян баяўся сваей жонкі, але цяперака ў Сарабасі, перад людзьмі, ён захацеў паказаць, што ён галава, а ня жонка.

— «Дык што мне твой Міхалка!?» — падняўся ён за сталом. «Што Міхалка мой брат, дык табе трэба ўмешывацца не ў сваё дзела? Яна тут: «Міхалка прыедзе». Прыедзе, дык ніхай едзе. Ён служыў стражнікам, а цяпер вот разам будзем араць, ды гной вазіць. Спалохаўся я твайго Міхалкі!»

— «Ах ты, Амільян, Амільян. Дурная твая галава. Чым-жэ гэта ты хвалісься перад людзімі?» — ўмешалася сюды Сарабася. «Альжбета кажэ праўду. Прыедзе Міхалка, людзі скажуць, як ты жыў, ці гэта-ж будзе добра? Захочэце дзяліцца, пойдзе сварка, калатня, а ты тутака йшчэ крычыш!..»

— «А табе што за дзела? Табе чаго трэба?» — абярнуўся Амільян да Сарабасі. — «Сама дае гарэлку, а пасьля лезе, куды ня трэба».

— «Ты не вызьверайся на людзей, калі сам вінават» — зноў закрычале Альжбета. — «Бязбожнік ты, п’яніца. Яна ня йдзе к табе ды ня просіць, каб ты браў у яе гарэлку: сам-жэ йдзеш к ёй».

— «Ну, годзе вам», — загаварыў Васіль Апранік. — «Людзі на першы дзень не сваруцца, а вы тут яшчэ біцца пачнеце. Пойдзем, Амільян, да дому».

Але Амільян ўчапіўся рукамі за стол, і хоць ты яго тапаром сячы: «не пайду» ды й толькі.

Альжбета, бачучы, што з ім нічога ня зробіш, пагразіла яму і пашла да дому.

— «Помні, бязбожнік, што дарма табе гэта не мінецца; успомніш тады, што сука табе брэхала, а не Альжбета казала. Калі прыедзе Міхалка, ён не паглядзіць, што ты астанесься ў ваднэй кашулі, а апошні кол раздзеліць папалам».

— «Як, дык Міхалка едзе да дому?» — пачалі людзі пытаць у Амільяна, як Альжбета зачыніла дзьверы.

— «Ну, дык што-ж, едзе дык ніхай едзе. Не хацеў служыць стражнікам, дык ніхай цяпер гной возіць», адгрызнуўся Амільян.

— «Кепска», — сказаў стары Янук. «Кепска, суседзе. Німа нічога горшаго, як дзьве сям’і сагнаць ў вадну хату. Яно хоць і сваё, але ўсё такі чужое. Я ўжо гэта ведаю, бо сам гэтак жыў».

Амільян нічога не сказаў і пазіраў недзе ў куток. Усё п’янства выляцела ў яго з галавы. Успомніў ён, як яны з Міхалкам адны асталіся пасьля бацькі. Амільян, як старшы, ўзяўся за гаспадарку, а Міхалка ўсё хадзіў у школу вучыцца. Як цяжка прыходзілася Амільяну — сам невялікі, помачы німа, а тут падаткі плаціць трэба, то солі купіць, запалак, дый Міхалка цягне грошы… Але ўсё ён перацярпеў. Адна беда, што гарэлку наўчыўся піць, дык і то не з радасьці. А цяпер… на табе! Ён думаў, што калі ўжо выўчыў Міхалку, дык той і жыць будзе асобне, а тут вось якая падзяка: едзе дамоў, пішэ, дзяліцца!

— «Э… Амільян», — засьмеялася Сарабася. «Табе сягоньня нешта не шанцуе: то з бабай пасварыўся, то ўжо плакаць хочэш, што Міхалка да дому едзе. Ды ці варта думаць аб гэтым? Так будзеце жыць, што толькі людзі завідываць будуць».

— «Не, тваё дзела лезьці, куда цябе ня просюць!» — адгрызнуўся Амільян, націснуў шапку і пашоў да дому.

— «А… папаўся», пусьціў яму ў дагонку сусед Мікалай. «Гэта табе не са мною, што ты мне праходу не даеш». І ён зарагатаў нейкім дзікім голасам.

Як толькі Амільян вышоў с хаты, ўся вясёласьць тамака адразу прапала, і мужчыны адзін за адным сталі зьбірацца да дому. Астаўся толькі адзін Васіль Апранік, але і таго Сарабася выправадзіла, бо тым часам запеў ужо першы пявун.

На мінуту вуліца загаварыла, дзе-не-дзе загаўкалі сабакі, а пасьля зноў усё сціхла, і толькі месяц адзінока пазіраў у ніз, ды ў хмызнячку жаласна цягнуў сваю песьню галодны воўк.

Невясёлы вярнуўся Амільян ад Сарабасі. Ён даўно ведаў, што Міхалка едзе да дому, але дагэтуль усё ня думаў аб гэтым. Толькі цяпер ён зравумеў, як трудна яму будзе, калі прыедзе Міхадка і скажэ, што трэба дзяліцца. А што дзяліць? Пасьля бацькі Амільяну астаўся трысьцен на гумне, хата і старая каняжына ды двое парасят, а рэшту ён сам прыдбаў. Дзяліцца-ж трэба, бо жыць разам німа як. Міхалкавы дзеці прывыклі жыць па панску, жонка зноў не захочэ капацца тут у гразі…

Ў гэтакіх думках Амільян пракачаўся ўсю ноч і толькі ўжо раніцай, як Альжбета стала падпаліваць у печы, тады ён трохі задрэмаў, ды й то доўга не паспаў. Толькі што ён заснуў, як яму здаецца, што ён малы, трэба ехаць араць. Міхалка пасьнедаў і, ўзяўшы свае кніжкі, пашоў у школу, а маці гатуе торбачку Амільяну. Пасьля, здаецца, ён на полі арэ, скора ўжо вечар, хораша так, цёпла, у гары шчабечуць жаваранкі, а вунь ужо й Міхалка йдзе да дому. Вот ён ўжо падыйшоў бліжэй, але гэта ўжо ня той Міхалка, што хадзіў у школу: гэта Міхалка — стражнік с шабляй і пісталетам.

— «Гэта мая земля», — крычыць ён на Амільяна. «Вон адгэтуль, а то застрэлю!»

Амільян прачыхаецца ўвесь мокры, сэрца так скора б’ецца, што ўсё роўна, як хочэ выскачыць з грудзей.

— «Альжбета, дай вады» — крыкнуў ён, і яго вочы неяк страшна-страшна закаціліся пад лоб.

— «Божухна! Амільян, што табе? Манька, дай веды», — крыкнула Альжбета на старшую дачку.

Ледзьве рашчапілі яму рот і ўлілі вады. Дзеці загаласілі, пасаскаківалі с печы, павылазілі з запечка, абступілі кругом Амільяна. Альжбета плачэ — проста чысты гвалт.

— «Амільян, што табе, чуеш?» — тармашыла яго Альжбета. «Што табе зрабілася?»

— «Нічога, дзеткі, нічога. Мне галава закруцілася, мусіць, ад таго, што ўчора трохі лішняе выпіў у Сарабасі», — і ён падняўся і стаў надзеваць кажух.

— «Дык куды-ж ты пойдзеш? Ляж, паляжы, а то кепска будзе. Божэ мой мілы, гэта-ж горай будзе, як ты выйдзеш на двор! Ляж, я табе папраўлю сяннік».

— «Ня трэба! Вось я выйду на двор, пайду, дам каню сена, пахаджу па дварэ і ўсё пройдзе. Ціха, дзеткі, не плачце, гэта толькі ваша матка ўсё плачэ, брыдка плакаць», — і Амільян выйшоў на двор.

— «Матка Божа! — крычала Альжбета, — памажы, не пакідай!» — і сьлёзы. як гарох, пакаціліся у яе з вачэй.

Трохі пачакаўшы, ў хату увайшоў Амільян, і, як нічога і не было, сеў сьнедаць і стаў жартаваць з дзяцьмі.

ІІ

Каляды ў вёсцы Лапцэвічах кожны год праходзілі адзінакава. Бабы варылі куцьцю, пяклі скваркі, кілбасы, мужчыны хадзілі да Сарабасі, хлопцы і дзеўчаты ладзілі вечарынкі, гулялі, хадзілі з мядзьведзям, с казою, варажылі. А то дык дзе-небудзь возьме Ды спляцецца вясельле, ну, тады пойдзе пацеха! Адным словам, усё было добра і йшло ў лад. Мужчынскае зборышчэ было ў Сарабасі, жаночае — ў старой бабы, Базыліхі, а ўся моладзь зьбіралася ў Амільяна Касапузенкі. Першае — гэта тое, што ў Амільяна была дачка Манька, як кажуць, «кроў з малаком», а другое, што й сам Амільян любіў шчабетаньне вясковай моладзі. Бывала, як толькі якое сьвята, ці нядзеля, дык так і знай, што ў Амільяна ў хаці сьмех, гоман, песьні, і ўсюды пачуеш: «Пойдзем к Амільяну», «пойдзем да Касапузаго».

Але гэтымі Калядамі было ня тое. У вёсцы Лапцэвічах, куды, як кажуць, і варона косьці не заносіць, пайшла чутка, што к Новаму году да Амільяна прыедзе яго брат Міхалка, што служыў недзе стражнікам. Моладзь не так ужо зьбіралася да Амільяна, ды й самы Амільян і Альжбета былі самі не свае.

Якраз на другі дзень Каляд стараста хадзіў у воласьць і прынёс Амільяну пісьмо, але як ён быў неграматны, то стараста яму яго й прачытаў. Пісьмо было ад Міхалкі. Ён пісаў, што ўжо выехаў і к Новаму году думае прыехаць да дому і прасіў, каб яны вымылі хату, бо ён прывык жыць у чыстаце.

— «Вот бачыш», — казала Альжбета: — «шчэ да дому не прыехаў, а ўжо камандуе, каб тутака яму і чыста і хораша, а што-ж будзе, як пажыве тутака, ды ўбачыць, як мы жывём?»

Васіль і сам ведаў, што жыць у двух з Міхалкам ён ня будзе, але ён разважаў сябе і жонку.

— «Дармо, маці, не бядуй; ты чула, што Сарабася казала, што так будзем жыць, аж толькі людзі завідываць будуць».

— «Хіба, скажы, сьмеяцца будуць людзі», — атказала Альжбета.

На трэці дзень вечэрам Амільян пайшоў да Сарабасі. Там была паўнюсінька хата.

— «А тут ужо гаварылі, што Касапузы памёр», сустрэў яго Васіль Апранік. «Плюнь, суседзе, на ўсё — жыві пакуль жывеш».

— «А мне чаго ўміраць?» — атказаў Амільян: «вось табе дык даўно ўжо трэба-б было паслаць павестку, а ў мяне йшчэ дзеці малые».

— «На дзеці скора дзяцька прыедзе», — кальнуў Амільяна сусед Мікалай, каторы даўно быў злосны на яго; і ён пачаў сьмеяцца, пазіраючы то на таго, то на другога, думаючы, што ён сказаў натта сьмешна.

— «А табе чаго тутака трэба?» — адразу асек Мікалая стараста: «Ляпне, ўсёроўна, як с куста. Калі ня ведаеш, што сказаць, Дык лепей маўчаў-бы», — і стараста плюнуў і пайшоў на двор. Усе зарагаталі; Мікалай зачырванеўся і засаромяўся, быццам яму паганым дзеркачом у зубы ткнулі, і адразу змоўк, толькі адны вочы блішчэлі с кутка, ўсёроўна, як у галоднага воўка.

— Бачучы, што німа чаго рабіць у Сарабасі, Амільян завярнуўся і пайшоў да дому, бо яму неяк брыдка было, што Мікалай прытыкае яму братам.

— «Ведаеш што, Амільян», — пачала Альжбета да яго, як яны селі вячэраць: «трэба будзе нам узяць трохі жыта ды завесьці да майго бацькі. Падумай ты сам, што-ж мы будзем рабіць, як падзелімся. У Міхалкі ёсьць грошы, ён сабе купіць, а што мы зробім з гэтай драбнатой. Ты нядужы, я зноў нікуды ня варта, дзеці малые, адна Манька, але што-ж яна зробіць адна».

— «Дык яно то гэтак, але каб ніхто ня бачыў. Бо як убачуць, як будзем везьці, дык тады жыцьця ня будзе ад Міхалкі. Ты-ж ведаеш, калі ён яшчэ малы кідаўся на мяне с тапаром, а цяпер то й пагатові не пашкадуе»

— «Ды хто цяперака будзе хадзіць ды глядзець. Вось вячэрай, я пайду, запалю лучыну ды знайду мех; а ты, Манька, прыбярэш са стала». І Альжбета запаліла лучыну і пайшла ў сенцы.

Тым часам Амільян запрог каня, а Манька з маткай насыпалі асьміны чатыры жыта ў мяшкі, палажылі на сані, і Амільян па за гумнамі пацісьнуў да цесьця.

Там сабраліся былі ўжо спаць, але цесьць, пачуўшы, што гэта Амільян, у адзін момэнт атчыніў дзьверы і, зразумеўшы з якой патрэбай прыехаў зяць, сам памог зацягнуць гэтые мяшкі ў сенцы.

— «Ну, гэта то ты добра надумаў», — сказаў цесьць: «бо ўсё роўна табе ніякай падзякі, ня будзе за тое, што ты працаваў як вол, а ён цяпер прыедзе на ўсё гатовае. А калі ён прыедзе, скора?»

— «Ды заўтра, мусіць, прыедзе; пішыць, што ўжо выехаў».

— «А якжэ жонку ды дзеці: забраў, ці не?» — запыталася цешча.

— «Ды забраў — усіх цягне с сабою».

— «Кепска, зяцю», — закурываючы люльку, сказаў цесьць, — «але нічога-ж ня зробіш. Добра вось, што хоць дагадаліся жыта ўзяць, а то што? — ён прыедзе з грашыма, а ты…»

Амільян папрасіў, каб яны нікому не гаварылі, што ён узяў жыта, і паехаў да дому.

Толькі што ён пад’ехаў к свайму гумну, як пачуў, што ў яго на дварэ нейкі гоман, крык, бразгушкі звонюць. «Прыехаў», падумаў Амільян і, не распрагаючы каня, пайшоў скарэй на двор. На дварэ стаялі чатыры хурманкі с поўнымі вазамі. На вазох былі наверняны сталы, ложкі, шафы, крэслы. Чутно было, як у хаці пішчалі дзеці і нехта гаварыў на панскі лад. Амільян адразу пазнаў голас Міхалкі і пайшоў у хату.

— «Ну вось, брат, прыехалі», — сустрэў Міхалка: «как хочаш, а прынімай гасьцей. А ты гдзе так позна быў? Вот эта мая жана, а эта трое дзяцей. У цябе тожа, кажісь, трое, алі большэ?»

Амільян ня ведаў, што яму казаць, Альжбета зноў прытулілася ў запяку і маўчала, а ў яе з-за плеч, як дзікіе зьвяркі, пазіралі трое дзяцей. Ўсё гэта так раптоўна, так неспадзевана зацікавіла іх, што яны не маглі і апомніцца.

Не пасьпеў Амільян добра разглядзець брата, як той шмыгнуў на двор і пачаў камандаваць, каб зьнімалі яго манаткі. Міхалкава жонка, Волька, тым часам, разьвязала хустку, скінула кажух, і с таўстой бабы абярнулася ў гэтакую тоненькую і шчупленькую, што Амільян аж вочы вытрашчыў.

— «Здрастуйце», — працягнула яна і падала Амільяну руку, а з Альжбетай пацалавалася. «Ах, как у вас тут цесна і гразна», — дадала яна і пачала разьвязываць свае клункі.

Альжбета, тым часам, апаражніла лаву, папрыймала гаршкі, а Амільян пайшоў на двор, каб распрагчы свайго каня, ды трохі памагчы Міхалку. Трохі пачэкаўшы, Міхалкавы манаткі паразьвязывалі, пазьнімалі, пазацягавалі у сенцы, рэшту — ў ток, а драбнату Міхалка забраў с сабой, заплаціў хурманкам і пайшоў з Амільянам у хату.

— «Ну, брат, адгараджывай нам якую палавіну хаты», — пачаў Міхалка сьмяючыся. «А гдзе-ж твая жана, дзеці — я ешчэ ня відзеў? Вечар добры, Альжбета!.. Ну как вы тут жывёце? А это вашы дзеці?» — і Міхалка хацеў узяць на рукі меньшага Амільянава сына, але той учапіўся за Альжбеціну спадніцу, ды так на ўсю хату закрычаў, што аж разбудзіў Міхалкаваго меньшага, спаўшаго на руках у Волькі. Альжбета засьмеялася, ды ўзяла крыкуна на рукі.

— «Ціха, Максімка! ах ты дурны, чаго-ж ты крычыш? Паглядзі, вунь к нам яшчэ прыехалі дзеці, будзеце разам гуляць».

— Але Максімка нават і слухаць не хацеў і, закрыўшы рукою вочы, яшчэ мацней запеў.

Міхалкавы дзеці зноў адно за адным пачалі пхімкаць.

— «Ну, калі гэтак будзе, дык ня будзе нічога горшаго», — абярнуўся Амільян да Альжбеты: «кладзі спаць, а то яны тутака зараз усе пачнуць крычаць».

— «Да нічаво, брат», — зноў засьмеяўся Міхалка. «Я прывык да гэтаго. Мае гэтак сама калі як узбунтуюцца, то хоць уцікай c хаты. Ну што-ж, Волька, трэба нам тутака раскладацца трохі», — абярнуўся ён да сваей жонкі.

Альжбета тым часам уклала сваіх дзяцей спаць і стала гатаваць вячэраць. Амільян пайшоў нечаго на двор, а Міхалка з жонкай сталі распаковываць ды развязываць свае клункі, і, трохі пачакаўшы, Амільяновай хаты ніхто-б не пазнаў: каля парогу зьявілася нейкая пузатая шафа; Амільяноў зэдлік паставілі ў запечку, а каля стала паразстаўлялі крэслы; Волька паслала на стале цырату; ды ўдабавак каля шафы паставілі другі ложак, а каля яго панскую калыску на двух вагах. Прышоў Амільян, і з-за парогу толькі вочы вытрашчыў.

— «Ну, дык што-ж», — пачаў Міхалка: «давай, брат, будзем спраўляць ўходзіны». І ён дастаў са скрыні пляшку с чырвонай гарэлкай.

— «Опраўляць, дык спраўляць. Хлеба — солі я не вырэкаюся», — засьмеяўся Амільян і стаў скідаць кажух.

— «Пачэкайце трошкі», — сказала Альжбета: «вось я зараз спяку трохі чаго». І яна ў міг нашчэпала трэсак, паставіла на прыпяку трыножку, скавараду, прынесла кілбасу, сала; Міхалка папрасіў, каб Амільян пазваў якіх суседзяў, і цераз гадзіну ў Амільяна суседзі віталіся з Міхалкам і распытывалі пра яго жыцьцё. Альжбета прынесла ад Сарабасі яшчэ дзьве пляшкі сівой, і да самай раніцы Амільян з Міхалкам спраўлялі уходзіны.

На другі дзень, раніцаю браты пашлі на гумно абгледаць гаспадарку, а Альжбета з Волькай асталіся ў хаці. Праўда Волька шчэ спала, як Альжбета патпаліла ў печы і стала агледацца, але Максімка скора ўсіх разбудзіў. Высунуўшы галаву с-пад коўдры, ён крыкнуў: «мама!» а ўбачыўшы, што ўся хата застаўлена нейкімі моднымі штукамі, ён так моцна запеў, што Волька ажно зморшчылася. Якраз у гэту пару ў хату ўвайшлі Амільян з Міхалкам. Абодвы былі вясёлые і сьмеяліся.

— «Ну паднімайся, Волька», — загаварыў Міхалка, бачучы, што Альжбета ўжо даўно працуе каля печы.

— «Трэба, трэба, нябога, прывыкаць», — дадаў Амільян: «у нас ня тое, каб рана легчы ды позна ўстаць, у нас трэба позна легчы, ды рана ўстаць».

Волька нічога не схавала, але ўсё такі ў стала і пачала прыбіраць пасьцель, а Альжбета паставіла сьнедаць.

— «Ведаеш, што, браце», — пачаў Міхалка, сеўшы за стол: «сам ты бачыш, што калі мы будзем жыць разам, дык будзе кепска: пойдзе ў нас калатня, сварка, грыжа. Давай лепей зробім хутчэй так, як трэба: падзелімся, а тады кожны сабе гаспадар, што захочэ, дык і будзе рабіць».

Амільян толькі гэтаго й чакаў.

— «Дзяліцца, дык дзяліцца», — сказаў ён: «сам ведаеш, што мне бацька пакінуў і што цяперака ёсьць у мяне».

— «Усё раздзелім папалам», — прабарматаў Міхалка і пачаў сёрбаць карусту.

— «Глядзі, Міхалючок, каб ты нас ня скрыўдзіў», — умешалася Альжбета: «бо табе грэх будзе. Сам ведаеш, як мы тут гаравалі, а ты-ж з маленства жывеш на панскім хлебі».

Але Міхалка сядзеў насупіўшы бровы і нічога не атказаў, толькі скрыва пазіраў на брата.

— «Ну дык якжэ, браце, як будзе?», — папытаў Амільян.

— «Я табе сказаў, як будзе. Ну, што ў цябе: хата, ток, хлеў, сьвіран, конь, карова, сьвіньня, авечкі — ну, вось выбірай сабе палавіну».

Скрывіўся Амільян ды толькі патыліцу пачухаў.

— «Бяры, што хочэш, — сказаў, — а калі скрыўдзіш мяне, Бог табе судзьдзя».

— «Ну, то-то!» — зарагатаў Міхалка: «значыць, будзе так: табе хата, ток, конь і карова, а сьвіньня і авечкі папалам, а там усё маё. У мяне конь і карова ёсьць, а хату я сабе пастаўлю… Альжбета, ну што-ж ты маўчыш?», — абярнуўся ён да Амільянавай жонкі.

Альжбета глянула на Амільяна і, бачучы, што той галаву апусьціў, махнула толькі рухой:

— «Ніхай будзе гэтак», — сказала яна і пайшла па ваду.

Болей яны нічога не гаварылі, толькі Амільян сказаў, што, калі трэба будзе, дык ён паможэ паставіць хату. На гэтым і кончылі. Амільян запрог каня і паехаў у суседнюю вёску ў краму, а Міхалка пайшоў абгледаць свае пажыткі.


ІII.

Пасьля Новаго году марозы сталі большые і вёска Лапцэвічы, здаецца, зусім замёрла. На вуліцы ніхто нідзе не шасьне, усё жывое пахавалася, хто куды мог. Уперад, бывала, вароны ды вераб’і дык цэлымі кучамі лёталі з аднаго сьметніка на другі, а цяпер і тые недзе скрыліся.

Але ў людзей усё йшло сваім чарадом. Міхалка абзнаёміўся с суседзямі, жонка прывучылася агледацца ў хаце. Вось, толькі дзеці не маглі памірыцца і кожны дзень то ў Міхалкавых, то ў Амільянавых сядзелі на лбе сінякі.

У самога Амільяна на першай нядзелі мясаеда чакалі нават аднэй навіны — ён аддаваў замуж сваю дачку Маньку. На Вадохрышчэ зрабілі заручыны, трохі пагулялі і, каб доўга гэтаго дзела не цягнуць, цераз нядзелю думалі зрабіць вясельле. Альжбета, праўда, плакала, шкадавала Манькі, бо сама адна аставалася, але нічога-ж ня зробіш — хлопец пасватаўся харошы, багаты, чаго-ж будзеш чакаць?

— «Ну вось і добра будзе», — казаў раз Міхалка: «адгуляем вясельдле, а пасьля возьмемся за работу. Навозім бярвеньня ды к Вялікадню можэ й зробім хату. Вось і твой зяць трохі паможэ, — на заручынах ён мне дакляраваў, што калі самому некалі будзе, дык дасьць каня».

— «Ды ўжо неяк зробім», — атказаў Амільян: «свой свайму — чаму не памагчы. Толькі вось, браце, ў мяне грашэй малавата на вясельле — калі ў цябе ёсьць, дык ты пазыч мне рублёў дваццаць».

Міхалка кіўнуў галавою, выняў с палярэсіка дваццаць пяць рублёў і даў брату.

— «Аддасі, як будуць», — сказаў.

Тым часам назначэны дзень падыйшоў скора і ў Амільяна ў хаце было чыстае пекла. Альжбета мыла падлогу, пабяліла сьцены, печ; Манька з дзеўчатамі шыла на шлюб, бабы пяклі каравай. Волька памагала Альжбеце, Амільян наладжываў паўкошак. Адным словам кожнаму была работа, і толькі, як запелі першые пявуны, тады трохі прыбраліся; суседзі пайшлі дамоў, а Касапузенкі паляглі спаць.

На заўтра, ў нядзелю, у Амільяна, як водзіцца, было цэлае зборышчэ, прост, носа не было дзе ўваткнуць. Назьбіралася хлапцоў, дзеўчат; бабы пелі песьні, ў запяку крычэлі дзеці, музыкі ад’жарывалі Лявоніху; нарабілі стуку, гоману, крыку. Альжбета адна ледзьве ўпраўлялася: там трэба прынясьці, там прыняць, там трэба папрасіць, бо ведама-ж, як бывае на вясельлі. Міхалка трохі патпіў і пайшоў скакаць, за ім — сват с свацьцяй. Нават Альжбета і тая ўзялася ў бокі і, як той кажэ, «козырам» патхапіла пад рукі свата, так што і маладые гэтак не аддрапятывалі, як яны.

— «Вот люблю свацьцю» — засьмеяўся сват. «Вот скакуха, дык скакуха, проста, як на спружынах ходзіць! Лепей, як маладая».

— «Эх, сват», — умешаўся сюды сусед Янка: «яна маладая была першая дзеўка ў вёсцы, а як ішла за Амільяна замуж, дык, далібог, я плакаў».

— «От… маўчаў-бы ўжо лепей, знашоў, што ўспамінаць», — засьмеялася Альжбета і папхнуўшы Янку у плечы, пашла ў кухню, а пасьля стала прыймаць са стала, бо людзі, тым часам, з-за стала ўжо павылазілі.

Маладые пашлі спаць, старые — хто пашоў да дому, хто хадзіў па дварэ, а рэшта была ў хаці, — глядзелі, як гулялі хлопцы і дзеўчаты. Волька з Альжбетай пароліся ў кухні, Міхалка лёг спаць, бо яго ногі пачалі выкручываць абаранкі, а нос усё нешта дзёўбаў; а Амільян пашоў даваць каровам і каню.

Пасьля вячэры сталі сабірацца ад’ежджаць да маладога. Сабралі ўсё, што трэба было, Манька папрашчалася з раднёй, і, трохі пачакаўшы, хата Амільяна зноў апусьцела; асталіся толькі Міхалкавы ды Амільянавы дзеці і суседка Марыля, Янкава жонка, а тые ўсе паехалі да маладога,

Цераз два дні вясельле скончылося, і ў Амільяна зноў усё пашло сваім чарадом. На пятай нядзелі мясаеда пашоў сьнег і стала водліж, бо тым часам ужо й пара была — да вялікаго посту аставалася толькі дзьве нядзелі, а там што — там ужо сьнег пачне раставаць. Міхалка хацеў ехаць купляць бярвеньня на хату, але да Ўласа не сабраўся, а там пашоў дождж, дарога сапсавалася, і ён так і думаць пакінуў аб новай хаці.

— «Трэба ўжо да вясны жыць як небудзь», — казаў ён, — «бо ўсёроўна цяпер да Вялікадня нічога ня зробіш. А там як адсеімся, дык тады ўжо будзем глядзець, што рабіць: да Вялікадня будзем разам жыць».

Але не прышлося ім разам жыць ня толькі да Вялікадня, але нават і ў вялікі пост.

«Каб ведаў дзе павалісься, дык-бы лепей узяў ды сеў», кажуць нашы людзі, — яно й праўда: здаецца, што добра зробіш, а яно выходзіць зусім кепска.

На Ўласа ў мястэчку Койданаві быў кірмаш і Міхалка з Волькаю паехалі туды, а дома асталіся Амільян з жонкаю ды Міхалкавы дзеці. Сам Амільян выйшоў быў да Сарабасі, Альжбета ў кухні аглядалася, а дзеці самі гулялі ў хаці. Але дзеля таго, што Міхалкавы дзеці былі задзірлівые, а Амільянавы большые, дык яны там гуляючы ўзялі трохі ды пацапаліся. Альжбета трохі пасварылася на старшаго Міхалкаваго, бо той ужо стаў кусацца ды паскалкам трэснуў Максімку па галаве.

Як толькі Міхалка прыехаў с Койданава, зараз-жа яго дзеці і пачалі жаліцца, што цётка іх біла. Волька стала галасіць на ўсю хату, што німа як і дзяцей пакінуць; і так дзеці крыўдзюць, а то ўжо й самі сталі біць. Міхалка быў выпіўшы і, не разабраўшы ў чым тут справа, адразу наляцеў на Амільяна і на Альжбету.

— «Пастрэляю ўсіх!» — крычаў ён, — «і саміх пастрэляю і бэнсеў вашых. Дзеньгі мае падавай сюда», — абярнуўся ён да Амільяна, — «я с табой боляй жыць ня буду!»

Як ні стараўся яго Амільян супакоіць — нічога. «Дзяліцца» ды і ўсё тут. Пашоў, пазваў суседзеў, панятых, нарабіў крыку на ўсю вуліцу. Назбіралася людзей. Волька зноў засакатала, што яна сама ніколі дзяцей ня біла, а тут нашлася другая маці.

— «Божухна мілы! ды хто ж іх біў? Ніхай таго пярун заб’е», — бажылася Альжбета: «бязбожнікі вы, вы людзям ня верыце»,

Дык дзе там — яшчэ горай расхадзіліся, проста хоць ты ўцякай с хаты.

Міхалка зараз-жэ сабраў свае манаткі і перацягнуў іх к суседу Мікалаю; падзялілі сьвіньні, авечкі, збожа, якое было — ўсё папалам панятые разьмерылі. Асталася толькі саха. Міхалка хацеў сабе ўзяць, а Амільян не даваў.

— «Ня дам сахі, хоць зарэж», — крычаў Амільян: «гэта я сам зрабіў!»

— «Не маё дзела, хто яе рабіў. Саха будзе мая! — І Міхалка штурхануў брата ў грудзі, вырваў саху і пацягнуў на двор. Амільян паваліўся, але хутка усхапіўся, падняў нейкі паскалак, падбег к Міхалку і хацеў выцяць яго. Але той гэта скеміў: абярнуўся да брата, вырваў гэты калок ды зноў піхнуў Амільяна. Гэты зноў, небарака, паваліўся; тут падбегла Альжбета, ўчапілася за саху, Амільян ускочыў, схапіў Міхалку за валасы, паваліў яго і пачаў таўчы кулакамі пад бакі. Убачыўшы, што Міхалку б’юць, Волька ухапіла качалку і галосячы паляцела на гумно, а за ёю суседзі. Міхалка з Амільянам качаліся па зямлі і, каб не бабы, дык-бы Міхалку добра давялося, бо ён быў п’яны і нават на нагах ня мог трымацца. Прыбег стараста, назьбіралася суседзёў — ледзьве іх расцягнулі, ды й так у Міхалкі на лбе сядзеў гуз, а левае вока пазірала ў чужую шкоду. Пакуль Міхалка разгдедзіўся, Альжбета тым часам схапіла саху і зацягнула ў гумно да суседа Янкі, а стараста й мужчыны сталі ўгаварываць братоў.

— «Яно то гэтак», — казаў стараста: «німа таей дзяльбы, каб браты не біліся: але-ж гэтак біцца, каб аж сінякі пад вачыма былі, дык што-ж будзе з гэтаго?»

— «Ён мяне будзе помніць!» — крычаў Міхалка: «гэты сіняк я яму ўспомню цераз дваццаць гадоў… Ух!.. уйдзі з глаз!..» — кінуўся ён зноў на Амільяна, але суседзі яго недапусьцілі і пацягнулі ў хату.

Міхалка не пашоў да брата ў хату, але пашоў да Мікалая, бо ў яго былі дзьве хаты — адна малая цераз сенцы, і ў малую ён пусьціў Міхалку.

— «Ды я-ж зразу казаў, што йначэй быць ня можэ», — казаў сусед Янка. «Дзе гэта відана! Гэта рэдка бывае, што жанатые браты жывуць разам у ваднэй хаці. Мне самому давялося гэтак сама, — я ўжо гэта ведаю».

Амільян тым часам трохі абмыўся і пашоў ў хату, а людзі, бачучы, што болей ужо нічога цікаваго ня будзе, сталі расхадзіцца.

— «Вот падзяка» — гаварыла Альжбета ў хаці: «каб ён не даждаў разжыцца. З маленства, гультай гэты, цягаўся па сьвеці, Цягнуў з нас грошы, а цяпер вот за ўсё аддзячыў».

— «Дармо, маці», — прагаварыў Амільян: «мы ня згінем, а ён не падыймецца. Бог ўсё бачыць».

Міхалка да вечара ўсю сваю драбнату перацягнуў к Мікалаю, а рэшту злажыў у сьвіран. Хлеў астаўся яму і ён назаўтра, як падзяліліся, Амільянаву жывёлу павыганяў аттуль, а туды зацягнуў сані, калёсы і сваю частку сена і саломы. Кожны раз, як толькі ім прыходзілася дзе ўбачыцца, Міхалка такім поглядам акідаў брата, што той толькі адварачываўся і сьпешаўся скарэй уцячы ад яго.

— «А чорт яго ведае, што ў яго ў галаве», — думаў Амільян, — «шчэ быў малы і то кідаўся с тапаром, а цяпер, як злосны, дык з ім жарты малые».

І кожны раз, як толькі паказываўся брат, Амільян або ішоў у хату, або стараўся як можна скарэй прашмыгнуць каля яго. Затое Міхалка толькі й думаў, каб як напаганіць брату.

ІV

Зіма скончылася скора. У палавіні Вялікаго посту прыляцелі жаваранкі; сьнег увесь параставаў і толькі дзе-не-дзе ў лесі ды ў канавах ляжаў тоненькі лядок. За нядзелю перад Вялікадням людзі пашлі араць, бо земля ўжо добра прасохла. Пашоў і Міхалка, толькі не з Амільянавай сахою — ён купіў сабе нейкі модны плуг, такі, якога йшчэ ні ў кога не было у Лапцэвічах. Амільян скора засеяў сваю траціну, бо для яго гэта было прывычным дзелам, але з Міхалкам было іначэй. Ён думаў, што калі возьме модны плуг, дык той сам будзе араць, ажно ня тое — то конь у яго пойдзе не туды, куды трэба, то плуг выскачыць, наробіць узрэхаў, то тры барозны зробіць, то ні аднэй ня пусьціць. Сьмяюцца людзі: «Паглядзі, кажуць, яе стражнік узараў модным плугам. Вот зародзіць, што адразу поўны засекі навернець». Але якбы яно не было, ўсё такі Міхалка ўзараў і засеяў. Бульбу, праўда, садзіў па Міколі, як ужо ў людзей з зямлі павылазіла, але ўсё сам рабіў, не наймаў нікога.

Здаецца, ўжо ўсё было наладзілася, дык на табе — надаў чорт некаму сказаць Міхалку, што перад дзяльбой Амільян атсыпаў сабе жыта і завёз да цесьця. Злосьць, трохі перастаўшая ў Міхалкі на брата, цяперака зноў узьнялася, але нават горэй яшчэ. Тады ён злаваў на брата, бо трэба было злаваць, а цяпер ён проста ненавідзіў яго. Ды яшчэ к гэтаму Волька ўзяла ды пасварылася з Мікалаявай жонкай і с самым Мікалаям; а готы, ня доўга думаючы, узяў ды выгнаў Міхалку с сваей хаты. Крута прышлося Міхалку. Каб ня быў у злосьці з Амільянам, дык-бы пашоў к яму, хаця Альжбета й не хацела гэтаго, і вот Міхалку з жонкай прышлося перабірацца ў сьвіран. Есьці варылі ў суседа Янкі, а спалі і жылі ў сьвірні.

— «Ой, дык стражнік», — гаварылі на сяле. «Гэта ня тое, што там с шабляй сядзець на крэслах ды гарбату папіваць с чырвонай гарэлкай. Вось тут ты парабі, дык у цябе белые блохі папаўзуць усюды».

Ды яно й праўда. Міхалку гэтак крута прышлося, што ён ня раз чухаў патыліцу, думаючы аб сваім жыцьці. А злосьць на брата расла ў яго сэрцы, і, бачучы, што ён ня згінуў пасьля дзяльбы, як ён ўсім гаварыў, у яго галаву забраліся нядобрые думкі проці брата.

Калі ўжо залез чорт у рабрыну, дык яго й качаргою ня выганіш аттуль.

V

Лета ў Лапцэвічах прайшло весела і хораша, так як і лета ў ва-ўсякай беларускай вёсцы. Ўжо на што, здаецца, цяжка было летам на полі: косіш, ці жнеш, а пот так і ліецца, так і чакаеш, каб скарэй вечар ды каб трохі аддыхнуць, — дык дзе там: як толькі вечар, вуліца аж грыміць — песьні, сьмех, гульня да самай раніцы. Нявесяла было толькі Міхалку Касапузаму. Людзі цешыліся жнучы, а яму прыходзілася толькі плакаць, гледзючы на сваю ніўку; бо ўсёроўна як сумысьля ўсюды і бадай чуць ня ўсё ў яго было нікчэмнае. Можэ гэта адтаго, што ён кепска ўзараў, ці, можэ, што позна сеяў — хто яго ведае. Але Міхалка ўсю віну зваліў на брата.

— «Гэта Амільян вінават», — казаў ён Вольцы. «Ён ведаў, што сваю частку я буду браць ад Мікалаяваго боку, ну, вось, ён сваю траціну выпагнаіў, а на маю пічога не вазіў». Волька нічога не казала, бо яна, жывучы дагэтуль у горадзі, нічога ня ведала і ня ўмела ў гаспадарцы. На што ўжо кросны ткаць, здаецца, ня трэба нічога лепшаго, — малые вясковые дзеўчаты ткуць, — а яна нават і ўзяцца за іх ня ўмела.

Хаты Міхалка сабе не паставіў, бо не было калі, ды, праўду сказаўшы, не было за што, дарма што Амільян думаў, што ў яго многа грошай. Міхалка прасек у сьвірні два вокны, зрабіў печ, прыкінуў нейкіе сенцы з дошчак, і вышла нават нічагуткая хатка; ды йшчэ ён панастаўляў там гэтых крэслаў, ды шафу, дык на першы пагляд здавалася, што нават і натта добрая хата.

Звазіўшы хлеб, Амільян, гэтак як і даўней бывала, пачаў патроху малаціць. Яшчэ ўперад, дык Манька яму памагала, а цяпер трэба было аднаму, бо памагчы не было каму. Міхалка свайго не малаціў, бо нават яшчэ й цэпа ніколі не трымаў ў руках. Ён думаў у Піліпаўку наняць аднаго маладзьбіта, ды ўсё адразу змалаціць.

На Пакровы Міхалка паехаў нечага да Койданава, нават і жонцы сваей не сказаў, чаго. Але людзі ведалі, чаго ён ездзіў, бо німа нічога такога, каб у вёсцы ніхто ня ведаў. Гэтак і цяперака. Перад Пакровамі да Міхалкі прыежджаў знаёмы стражнік і казаў, што ў Койданаві трэба аднаго стражніка. Вось дзеля гэтаго Міхалка і папёр да Койданава к прыставу. Але тамака, як на тое ліха, прыстаў яму атказаў і нарэсьці дадаў, што гэтакіх стражнікоў, як Міхалка, яму ня трэба.

Прыехаў Міхалка дамоў п’яны, як гразь, нават сам каня на мог распрэгчы. Толькі што ён заехаў на двор, як убачыў, што Амільянава цялушка залезла к яму на гумно і растрыбушыла мэтлік пшаніцы, што йшчэ ў яго сушылася. Божухна мілы… як закрычыць, як схопіць кол, ды за гэтай цялушкай, прыпёр яе ў завулак, ды як перацягнуў разы са два, дык тая, небарака, толькі нагамі задрыгала, ды зароўла.

Пачуўшы на дварэ Міхалкоў крык, Амільян з Альжбетай павыскаківалі с хаты і пабеглі на гумно, дзе Міхалка лямэнтаваў на ўсё горла.

— «Пазабіваю, пастрэляю!» — крычаў ён: «зладзеі!.. мала таго, што кралі жыта, дык яшчэ каровы задумалі карміць!»

Убачыўшы, што цялушка ляжыць з высунутым языком, Альжбета толькі рукі заламала і пачала галасіць ды прыказываць.

— «Уй, злодзей!.. сыдзі з глаз!» — зароў Міхалка і кінуўся на Амільяна с калом.

Амільян неяк выкруціўся, схапіў брата за каўнер, і пачалі тузацца. Міхалка быў п’яны, зачапіўся неяк нагою і брыкнуўся пад Амільяна, а гэты са злосьці нават добра напшокаў яму. Не глядзеў, куды, — біў па чым папала і, каб не прыбеглі суседзі, дык бы ён там кончыў яго. Суседзі расцягнулі іх, Міхалку павялі ў хату, а Амільян з Альжбетай дарэзалі цялушку, бо ўсёроўна нічога-б не было — не сягоньня, дык заўтра здохла-б. Дома Міхалка крычаў на ўсю хату. Злосьць на брата кіпела ў ім; ён зрабіўся ўвесь зялёны, вочы набеглі крывёй і ён нідзе не знайходзіў сабе мейсца.

— «Ён мяне будзе помніць, злодзяй гэны! Я жывы ня буду, калі я яго не застрэлю, як сабаку!» — лямэнтаваў ён на ўсю хату, стукаючы кулаком па стале.

— «Міхалка, ды годзе табе,» — супакоівала яго жонка: «гы-ж сам вінават, ён-жэ цябе не чэпаў».

— «Вон, а то й цябе прыстукну!» — кінуўся ён да жонкі і, каб тая не адляцела, дыу-бы мусіць «чырвоная» пацякла з носа.

Доўга ён крычаў і вар’яваўся, але ўсё такі перастаў. Волька схадзіла, распрагла каня, дала яму сена і сама легла спаць. Спала і ўся вёска, толькі Янкаў сабака сядзеў сярод вуліцы і, падняўшы галаву на Амільянаву хату, так страшна выў, што аж вусьцішна рабілася і шорах па целі хадзіў.

— «Што яму за ліха?» — казала Альжбета: «проста аж нудна слухаць».

— «Ды што там слухаць сабакі», — адазваўся Амільян: «пачуў вось кроў ды мяса, дык і вые. Сьпі ўжо ты».

Але Альжбеці доўга не спалося. Думкі цэлым роям круціліся ў галаве, а сэрцэ чула нешта нядобрае. Толькі каля поўначы яна заснула і заснула гэтак крэпка, ўсёроўна, як нежывая. Ноч была цёмная, хоць у Вока кальні, дык не ўбачыш. Кругом было ціха.

Была якраз поўнач. У гэту самую пару з Міхалкаваго двара высунулося нешта цёмнае і, крадучыся ды прыгінаючыся, пашло да Амільянаваго току. Чутна было, як у гумне скрыпнулі вароты і ўзноў ўсё сьціхла. Гэта невядомае падыйшло да Амільянавай паветкі, дзе была зложэна салома, і нагнуўшыся палезла пад нейкіе дошкі. Пасьля нешта заплюхала, усёроўна, як лілі з бутэлькі ваду, бліснуў агоньчык, і ў адзін момэнт у гумне зрабілася відна, як днём: гарэў Амільяноў ток. Агонь с паветкі пераскочыў на хлеў, загарэлася стрэха, а тут-жэ разам стаяла й хата.

Жывёла, пачуўшы дым, пачала раўці і біцца ў дзьверы… А Амільян спаў… Толькі ўжо як у хлеві ўвалілася стрэха і пачала гарэць хата, тады Амільянавы прачнуліся.

— «Амільян! ты сьпіш?» — закрычала Альжбета: «чаму гэта відна на дварэ?» і яны разам кінуліся ў дзьверы.

— «Пажар!.. Людзі, ратуйце!» — загаласіў Амільян, выскачыўшы на двор. І ледзьве ўсьпелі яны павыносіць дзяцей, як пачала: гарэць хата.

Людзі сабраліся скора, але ратаваць не было ўжо чаго, бо ўся Амільянава сяліба гарэла.

— «Божэ літасьцівы!.. ўсё… ўсё, што меў, нічога не асталося, ледзьве дзяцей выратавалі!» — галасіў Амільян.

Тым часам агонь не дрэмаў, ён еў усё, і да ўсходу сонца заместа хаты, току й хлева ляжала куча абгарэлаго бярвеньня, з-за катораго ў хлеві выглядалі абгарэлые страшные пасьледкі каня і каровы. Конь перакаціўся неяк дагары і яго ногі пазагіналіся ў кручкі, а карова ляжала ў кутку падняўшы галаву, быццым пыталася ў людзей: «чаго вам тут трэба?»

К абеду прыехаў прыстаў, ураднік і сталі распытываць у людзей, с чаго узняўся пажар. Ніхто ня ведаў і ўсе маўчалі, Прыстаў пачаў дапытывацца ў людзей і сказаў, каб пазвалі Міхалку.

— «Німа дома», — загаласіла Волька: ноччу недзе пашоў і дагэтуль німа».

— «Ага-а-а», — працягнуў прыстаў, і, даведаўшыся, што браты ўчора біліся, ён нічога не сказаў і пашоў на пажарышчэ.

Там, дзе стаяў ток, мужчыны ўжо сталі расцягіваць бярвеньня і згрэбаць у кучу попел. У тым мейсцы, дзе стаяла паветка, ляжала куча саломы, а зьверху на ёй Амільян наклаў сырых дошчак. Дошкі зьверху абгарэлі, а с-пад нізу ўсё было цэлае. Толькі што мужчыны сталі знімаць дошкі, як адзін закрычаў нейкім дзікім голасам і ўсе кінуліся туды. Адвярнулі дошкі далей: там, увесь чорны, абсмалены ляжаў Міхалка. Вочы яго былі вытрэшчаны, адзежа абгарэла і ўсё цела палопалося. У руццэ ў яго быў жалезны бітончык, каторы так і дзержаўся у скручэных пальцах.

— «Ой! Божэ мой!» — загаласіла Волька: «гэта-ж наш бітончык. Мы ўчора правезьлі газы с Койданава… Міхалючок мой, што-ж ты гэта нарабіў?» — і яна, як стаяла, так і брыкнула на зямлю.

— «Эх, Міхалка, Міхалка», — заплакаў Амільян: «натварыў ты на сваю галаву».

Ён нагнуўся над братам і яго сьлёзы закапалі на абгарэлаго Міхалку. А прыстаў толькі паглядзеў ды сказаў: «Дурны чэлавек», і паехаў да дому.


Цэна 10 кап.



Дозволено военною цензурою.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.