Суд
Камэдыя
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Суд (Галубок).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЛАДЫСЛАЎ ГАЛУБОК


СУД

КАМЭДЫЯ Ў 1-м АКЦЕ


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

МЕНСК — 1925

Б. Д. В. № 44.

Галоўліт № 1304.


1-я Дзярж. друкарня. Заказ № 66. У ліку 5.000.

Асобы.

Пісар воласьці, гадоў
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
25
Гарбуз, селянін гадоў
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
40
Старшыня
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
40
Яго жонка
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
35
Судзьдзя
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
30
Авечка, іх сьведка, гадоў
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
40
Стораж Мірон
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
50
Упраўляючы
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .
40

Дэкорацыя.

Канцылярыя воласьці, пасярэдзіне і па бакох — дзьверы, справа ад публікі — акно, пры акне — лава.
На сцэне стол, на стале справы, паперы, кнігі, аловак, люстра, грабянёк. На падлозе ўсё паварочана, валяюцца парожнія бутэлькі.

Реквізыт.

2 вядры, адно з вадой.
Венік з кіем.
1 бутэлька з вадой.
Стол, крэслы (3), кнігі, паперы, справы, аловак, грабянёк, люстра.
Гадзіньнік у пісара.
Торба і хлеб у Гарбуза.
Кій сукаваты ў Авечкі.

Тыпы.

Пісар, Старшыня, Судзьдзя — п’яніцы. Старшыня з вялікай чорнай барадой.
Гарбуз — пакорны чалавек, барады толькі палова.
Жонка — рухавая кабета.
Авечка — жвавы чалавечак, зусім лысы, ніякай расьліны, храмы на правую нагу, з наклееным носам. Нагу, каб не сагіналася, трэба браць у ляшчоткі. Апрануты бедна. Авечка зусім як жабрак.
Упраўляючы апрануты багата. Пальто, сурдут, новыя калёшы, складны цыліндар.

Зьява І-ая.

Уваходзіць стораж, трымаючы венік у руках.

СТОРАЖ (зьдзіўлена).

Ах, каб на вас чума, столькі сьмецьця за адзін вечар нарабілі, адных коркаў ды акуркаў повен кут назьмятаў. Ну і людзі, апундырыліся гарэлкай, (мятучы), смакталі гэту няшчасьніцу да таго, што і памяць страцілі. Пісар да таго дапіўся, што мяне, старога чалавека, за бабу палічыў і цалаваць пачаў, абзываючы нейкай Забэлькай, во каб яго сьвіньні цалавалі, намысьліўся; а старшыня і ваўком выў, і сабакам брахаў, і плаваў па падлозе, адзін фэльчар маладзец, той калі пачуў, што ногі адняліся, падазваў мяне і папрасіў, каб занёс у пуню на салому, а мне што кажуць — слухаю, ужчжабурыў, як ягнё, на плечы і завалок па адрасу. І як у іх галовы на карках трымаюцца: сягоньня суд, а яны, як мухаморы, п’яныя. Пісар ад гарэлкі азыск, галава, як церліца, вочы акуртаціліся, а рукі, як машына, маланкаю паперы скрыгаюць — шась, шась! я з венікам так ня спраўлюся.

Зьява ІІ-ая.
Уваходзіць Гарбуз.
ГАРБУЗ.

Добрага дня.

СТОРАЖ (спужаўшыся).

А ліханька тваім кастылём, спужаў мяне, хто ты і адкуль ты?

ГАРБУЗ.

Я — Дзяніс Гарбуз, з Негнавіч.

СТОРАЖ.

На якое ліха тут?

ГАРБУЗ.

А хіба-ж запомнілі? паперай клікалі на суд.

СТОРАЖ.

Адкуль мне ведаць, я цябе ня клікаў і паперы ня пісаў.

ГАРБУЗ.

А хто-ж вы?

СТОРАЖ.

Хіба-ж ня ведаеш, як прозьвішча таго, што піша венікам па падлозе?

ГАРБУЗ.

Ведаю.

СТОРАЖ.

Пашто-ж пытаешся?

ГАРБУЗ.

Хто пытаецца, той ня блудзіць.

СТОРАЖ.

Дык чаго ты прыехаў з-за сьвету сюды?

ГАРБУЗ.

Ды ня прыехаў, а прышоў. Каня ваўкі аблажылі, а пасьля кароста зьела. На суд, значыцца.

СТОРАЖ (прыглядаецца).

Што гэта ў цябе: барада — ні барада, касмыль — ні касмыль?

ГАРБУЗ.

Была барада, і досыць рослая, але як палову выдралі, касмыль застаўся.

СТОРАЖ.

У каго гэта рукі сьвярбелі рваць яе!

ГАРБУЗ.

У аконама князеўскага, вось за гэта-ж і суд.

СТОРАЖ.

І ліха-ж яму дало рваць чалавеку бараду.

ГАРБУЗ.

Выдраў, каб з яго вантробы выдралі.

СТОРАЖ.

А ў цябе-ж хіба адвагі ня было па руцэ ўгрэць таму аконаму.

ГАРБУЗ.

Калі я чалавек без адвагі, я ніколі нікога ня біў, а мяне білі.

СТОРАЖ.

У войску служыў?

ГАРБУЗ.

Я — белабілетнік, нікуды нягожы.

Зьява III-яя.

Уваходзіць Гарбузіха.

ГАРБУЗ.

Вось мая баба, Гарбузіха Магжата.

ЖОНКА.

Добрага дня, ня ведаю, хто будзеце, ці не старшыня воласьці?

СТОРАЖ.

Але-ж, старшыня над гэтым дзеркачом.

ЖОНКА.

Тым лепш, прынамсі адкажаце, калі запытаемся.

СТОРАЖ.

А чаму-ж, пытайцеся.

ГАРБУЗ.

Будзьце ласкавы, браток…

ЖОНКА.

Чакай, я пачну. Ці невядома вам, як суд паглядзіць на гэткую зьнявагу, бачылі бараду?

СТОРАЖ.

Бачыў.

ГАРБУЗ.

Бачыць мала, трэба ведаць, які боль.

ЖОНКА.

Стой, не адзывайся, ня дзіця — усё ведае.

СТОРАЖ.

Калі-б былі сьведкі…

ГАРБУЗ.

А то як-жа, былі.

ЖОНКА.

Стой, не адзывайся, сьведка ёсьць, сусед Авечка кульгавы.

ГАРБУЗ.

Але-ж ён кульгавы, трохі пройдзе дый сядзе, трохі пройдзе дый сядзе.

СТОРАЖ.

Ды гэта да справы не адносіцца.

ГАРБУЗ.

У судзе ўсё разгледзяць, што адносіцца і што не адносіцца.

СТОРАЖ.

О, яны разгледзяць, толькі моцна на нагах трымайцеся.

ЖОНКА.

Мала барады, дык яшчэ гуплікаў надаваў і тры зубы выбіў.

ГАРБУЗ.

Што ў мяне бакі дубовыя!

СТОРАЖ.

Я ня судзьдзя, але наперад кажу, што з багатым ня варта судзіцца, а з дужым біцца.

ЖОНКА.

Мы яго засудзім, наша крыўда відочная.

СТОРАЖ.

Пакуль сыты пахудзее, дык худы памрэ.

ЖОНКА.

Хіба-ж у судзе дзьверы ня роўна адчыняюцца для ўсіх.

СТОРАЖ.

Пабачыце, тады скажаце.

ГАРБУЗ.

То як-жа будзе?

СТОРАЖ.

Так і будзе, даў — насі на здароўе.

ЖОНКА.

Хіба-ж на яго суду няма?

СТОРАЖ.

Ёсьць. Пісар храпе там, старшыня ў хлеве на саломе, а судзьдзя тут; абы ачнуліся, калі шухнуць — узьдзівішся.

ГАРБУЗ.

Працавітыя людзі.

СТОРАЖ.

Так, працавітыя. Ну, вы тутка пасядзеце, а я пайду вадзіцы прынясу, ачнуцца — запатрабуюць. (Бярэ вядро і выходзіць).

ЖОНКА.

А мы тымчасам закусім трохі. (Села на лаву). Ну, давай сюды торбу, нешта пад грудзьмі смокча.

ГАРБУЗ (шукае ў торбе).

ЖОНКА.

Ну, чаго-ж сапеш, як кавалёў мех, даставай бараніну.

ГАРБУЗ.

Нешта не знайсьці яе.

ЖОНКА.

Хіба ты запомніў узяць яе?

ГАРБУЗ.

Яно так і будзе: адыходзячы, паклаў на стале і запомніў.

ЖОНКА.

А, разьзява, ліханька тваім баком, як рвану цябе за гэты касмыль!

ГАРБУЗ.

Чакай, чакай, баба.

ЖОНКА.

Выправіўся дурналяп з пустой торбай.

ГАРБУЗ.

Ня так ужо і пустая, хлеб і сала ёсьць. (Дае хлеб).

ЖОНКА.

Давай. (Адламала маленькі кавалачак і аддала Гарбузу, і пачынае есьці).
О! старое карыта…

ГАРБУЗ.

Ну, годзе ўжо лаяцца, а то папярхнешся сухім хлебам.

ЖОНКА (пачала душыцца).

ГАРБУЗ.

А што, я табе казаў… не плявузгай. (Стукае кулаком у карак).

ЖОНКА.

Маўчы, дурналяп.

ГАРБУЗ (стукаючы ў карак).

Ты лепш маўчы, а то горш будзе. Во дзе розум у бабы: трэба-ж, напхала ў мяліцу гэтулькі хлеба. Ну глытай, глытай. (Пауза). Нарэшце — паехаў…

ЖОНКА.

У… заледзьве не задушылася.

ГАРБУЗ.

Напужала толькі, а мне ліха ведае што здалося.

ЖОНКА.

Няхай табе не здаецца, не памру. (Есьць).

ГАРБУЗ.

Ізноў кладзеш цэлы акраец, ці пры памяці ты, баба?

ЖОНКА.

Ня у госьці прышлі, трактаваць ня будуць.

ГАРБУЗ.

А што, каб Авечку клікнуць, няхай-бы і ён укусіў трохі, таксама здарожыўся, зьнібыткаваўся.

ЖОНКА.

Ня трэба, нажарэцца, а пасьля ня сойдзецца. (Есьць).

ГАРБУЗ.

Як хочаш, зноў кажу табе не сьпяшайся, баба, і не кладзі такіх вялікіх кавалкаў, што цябе ў горб б’юць?

ЖОНКА.

Я не ў гасьцёх, ем свой хлеб.

Зьява IV-я.

Уваходзіць з бакоўкі пісар, галава ў пуху.

ПІСАР (пацягваецца).

І сам згадаць не магу, ці гэта раніца, ці вечар, — нічога ня кемлю. Сонца за бярозамі ня відаць, галава — як палена. Напіўся ўчора на імянінах, як сьвіньня… (Дастаў гадзіньнік). Ды што гэта з ім, памёр, пахілены, хто-ж гэта яго пахіляў; ну, тут нічога не даб’юся, ну, а чэрап мой цэлы? (Глядзіць у люстру). А бацюхны мае, няўжо гэта я? адна страхата, вось дзе кветка лугавая, каб цяпер шмаргануў цэглай па гэтым гарбузу.

ГАРБУЗ І ЖОНКА.

Паночку, Гарбузы ўжо тут.

ПІСАР (спужаўшыся).

Хто вы такія, якая мара ўнесла сюды?

ГАРБУЗ.

Мы, паночку: Гарбузы, я — Дзяніс, а яна — Магжата.

ЖОНКА.

Пашаноту пану перш. (Кланяецца ў пояс).

ГАРБУЗ.

Добрага здаровейка.

ПІСАР.

Вы чаго тут?

ГАРБУЗ.

Гэта мы, паночку…

ЖОНКА.

Стой, не адзывайся. Мы, паночку, па загадзе вашым прышлі. (Да мужа). Дзе абвестка?

ГАРБУЗ.

Няма абвесткі, скурылі з Авечкай.

ЖОНКА.

Скурылі?! Ах, каб твая шэрсьць курэла, бараніну запомніў, абвестку скурыў; мы, паночку, на суд прышлі.

ПІСАР.

На які суд?

ЖОНКА.

Толькі сонейка ўзышло, мы ўжо былі тутка, панок за сьцяной смачна спалі, бо храплі, не раўнуючы, як басэтля.

ПІСАР.

Зноў пытаюся, на які суд?

ГАРБУЗ.

Мне, паночку, вылупілі бараду.

ЖОНКА.

І тры зубы выбілі.

ПІСАР.

Хто вырваў бараду, пытаюся?

ГАРБУЗ.

Аконам князёўскі.

ЖОНКА.

Але-ж, ён, аконам.

ПІСАР.

Ага, памятаю, гэта справа на чарзе, вылазьце за дзьверы, рассудзіме як сьлед. (Пауза).
Ну, чаго-ж лыпаеце вачыма, бач іх — расьселіся, паветра псуць, курылі тут?

ГАРБУЗ.

Ніхто ня курыў, хлеб елі ды баба папярхнулася.

ЖОНКА.

Так, паночку, папярхнулася.

ПІСАР.

Ну, вылазьце — паклічу. (Гарбузы пашлі). Значыць сягоньня суд, во каб цябе расьперазала, заледзьве не праспаў. (Разглядае на стале справы). Дело управляющего і эконома с крестьянином Гарбузом. Эконом і управляющий обвиняются, а Гарбуз потерпевший. (Пауза). Справа досыць паважная, толькі п’яной галаве і разьбіраць яе. (Пауза). Ліха ведае, да чаго я дашоў, адна страхата. Старшыня не праспаўся, судзьдзі таксама. Мірон, а Мірон! (Пауза). Ня йдзе, ён пасьля гэтакіх папоек недаступны.
Мірон, а Мірон, дзе ты, а то ў адседку пасаджу.

Зьява V-я.

Уваходзіць з 2-ма вёдрамі стораж Мірон.

ПІСАР.

Вось добра, Міронка, што ты тут, а яшчэ лепш, што вады прыпёр. Сьцюдзёная?

СТОРАЖ.

Хіба-ж не цяпер ведаю, што пасьля такіх папоек вада з крыніцы патрэбна.

ПІСАР.

Ты, Мірон, залаты чалавек, усё ведаеш, што начальству патрэбна, за гэта прадстаўлю цябе к наградзе.

СТОРАЖ.

Так, к наградзе.

ПІСАР.

Прадстаўлю к наградзе і напішу: Мірону, залатому чалавеку, дайце залаты медаль.

СТОРАЖ.

Пакуль той мэдаль дадуць, а на поўбутэлькі зараз скажаце даць, ведаю я вас.

ПІСАР.

Начальства запытаецца: хто такі Мірон? А я напішу: Мірон — стораж, Мірон — бацька, служыць не за страх, а за сумленьне; разумееш, Мірон, што гэта за словы?

МІРОН.

Разумець я іх не разумею, але на памяць ведаю, штодзень гаворыце, як пахмяліцца трэба, а як ужо пахмяліліся, тады кажаце: Мірон, вылазь вон.

ПІСАР.

Эх, Мірон, Мірон, утраціў ты веру, ня хочаш мэдалю.

СТОРАЖ.

Чаму не хацеў-бы, але яго няма, калі ён будзе?

ПІСАР.

Будзе, Мірон, будзе. Ты ўяві сабе, Мірон, як ты будзеш выглядаць, калі на тваіх грудзёх заблішчыць залаты мэдаль з царскім портрэтам. Едзеш ты праз вёску, сяляне шапкі здымаюць, прышоў ты ў карчму, табе бяз грошы чарку наліваюць, прышоў ты ў суд, цябе садзяць за чырвоны стол, а прыехаў ты ў горад — не кажу, што прышоў, а прыехаў: хто з мэдалямі, пехатой ня ходзіць, — табе ў горадзе гарадавы аддае чэсьць, дворнік не мяце вуліцы, каб не закурыць твайго мэдалю, афіцэры на цябе глядзяць, салдаты цішком перашэптваюцца, — во, кажуць, заслужоны чалавек паўзе.

СТОРАЖ.

Ну, годзе, панок, падстаўляйце галаву, пальлю трохі ды прычашэцеся трохі, а то галава на макітру выглядае.

ПІСАР (у люстра).

Праўду кажаш, Мірон, гэта галава ня пісара.

СТОРАЖ (на бок).

А канакрада нейкага.

ПІСАР.

А скажы мне, Мірон, чаму мой гадзіньнік ня йдзе?

СТОРАЖ.

А як ён можа йсьці, калі пан яго аб сьцяну так гакнулі, аж толькі падрабязгі пасыпаліся.

ПІСАР.

Аб сьцяну, з якой прычыны?

СТОРАЖ.

А з якой прычыны мяне за бабу палічылі, цалавалі, Забэлькай абзывалі, цьфу…

ПІСАР.

Нічога ня памятаю.

СТОРАЖ.

Так п’ючы і памятаваць ніхто ня зможа. Гляньце, да чаго выглядае канцыралія, усё гарэлкай пазалівалі ледзьве да парадку давёў.

ПІСАР.

Каторая цяпер гадзіна?

СТОРАЖ.

Паўдня.

ПІСАР.

Ліха ведае што, так позна абудзіўся, а тут суд такі паважны, сам упраўляючы павінен быць.

СТОРАЖ.

Безбароды ўжо тут.

ПІСАР.

Гэта што… Ну, будзь ласкаў, палівай.

СТОРАЖ.

Льлю.

ПІСАР.

Толькі асьцярожна, за карак не залі.

СТОРАЖ.

Не пяршыня. (Льле ваду).

ПІСАР.

А… а… як добра.

СТОРАЖ.

Годзе.

ПІСАР.

Дзякую табе, Мірон, ты мяне вылечыў.

СТОРАЖ.

Ручнік даць?

ПІСАР.

Ручніка ня трэба, з мокрай галавы хутчэй жар выйдзе, гэтак кажа разумны чалавек, профэсар Кнэйп. Ты чуў што аб тым Кнэйпе?

СТОРАЖ.

Нічога я ня чуў, але без профэсара ведаю, што карысьней ліць ваду на галаву, як гарэлку ў галаву.

ПІСАР.

Ты, Мірон, разумны чалавек, табе трэба ў гасударственым савеце сядзець, а ня тут.

СТОРАЖ.

Зноў пачынаеце хваліць, і зараз скажаце прынесьці пахмяліцца.

ПІСАР.

Залаты чалавек, залаты, наперад ведае патрэбу маю.

СТОРАЖ.

На ліха вам патрэба, прачухаліся і добра.

ПІСАР.

Зразумей-жа ты, Мірон, што чарку ня вып’ю, галава, як палена, канцылярыя — сірата, ты бяз службы, сяляне без пашпартоў, воласьці няма, ну, а падругое, сягоньня суд, упраўляючы сам будзе.
Ну, будзь ласкаў, Мірон, схадзі прынясі поўпляжкі, ды па дарозе раскурстай старшыню.

СТОРАЖ.

Дайце-ж грошы!

ПІСАР.

Зноў камэдыя. Купі, Міронка, за свае, я прашастаўся ў карты, разьлічымся.

СТОРАЖ.

Калі гэта будзе? я са шчоту зьбіўся.

ПІСАР.

Я памятую. Ну, плыві, Мірон, плыві.

СТОРАЖ.

Ах пакіньце так казаць, я ня рыба, не паплыву.

ПІСАР.

Ну, дык пяшэчкам.

СТОРАЖ.

Гэта апошняя поўбытэлька на доўг. (Пашоў).

ПІСАР.

Вось да чаго дашоў. Я, пісар, грошы ў стоража пазычаю. Дзела № 447, праклятае дзела (панюхаў), і яно гарэлкай сьмярдзіць, ну, а хто тут ёсьць, хто сьведкі, ці ўсе паперы. Сьведка нейкі Лаўрэм Авечка, пэўна, дурань, калі авечка. Ну, а ўрачэбнае сьвідзецельства ёсьць… што бараду выдралі і тры зубы выбілі. (Шукае). Няма, ну, тады Гарбуз пакоціцца назад, я магу сказаць, што мяне соннага пацук за нос укусіў, — хто гэтаму, паверыць? А ну, глянуць, які ў іх авечка. (Сеў на стол). Ці Авечка тут ёсьць? (За сцэнай — „Тут панок“) Паўзі сюды.

Зьява VI-я.

Уваходзіць сьведка Авечка.

ПІСАР.

Ты Авечка?

АВЕЧКА.

Так точна, я Лаўрэн Авечка.

ПІСАР.

Прайдзіся па канцэлярыі.

АВЕЧКА.

Прайціся?

ПІСАР.

Прайдзіся.

АВЕЧКА.

А закурыць дасьцё?

ПІСАР (грозна).

Прайдзіся па канцэлярыі.

АВЕЧКА (ідзе).

ПІСАР.

Кульгаешь трохі?

АВЕЧКА.

Ня трохі, а такі й добра кульгаю, яна ў мяне сухая, як таран, і карацей на цалі дзьве. (Пауза). А хто, пан, будзеце, ці ня доктар?

ПІСАР.

Я пісар.

АВЕЧКА.

Пісар? А, добрага здаровейка. (Працягнуў руку).

ПІСАР (штырхануў Авечку нагой).

Цяпер ведаеш, хто я?

АВЕЧКА.

Ведаю.

ПІСАР.

Так ідзі туды і чакай, паклічу.

АВЕЧКА.

Зноў туды, калі там нудна, Гарбуз накурыў, хоць ты сякеру павесь. (Пауза). А можа ў пана закурыць есьць, — нешта тут смокча.

ПІСАР.

Я ня куру.

АВЕЧКА.

Дзіўна, каб начальства ня курыла, а гарэлку пэўна-ж п’іцё?

ПІСАР (грозна стукнуўшы па стале).

Што ты мяне спавядаеш. Вон!

АВЕЧКА.

Іду, паночку, іду. (Уцёк).

ПІСАР.

Ну й Авечка, ха, ха, ха… Ну, а хто там у бакоўцы храпе? А, паважаны судзьдзя! (Пашоў у бакоўку).

Зьява VII-я.

Уваходзіць Старшыня з галоўных дзьвярэй, галава ў саломе.

СТАРШЫНЯ.

Вось да чаго дажыўся старшыня, спаў нейдзе ў хляве; цьфу, які сорам! Добра, што, апроч парсюка, ніхто ня бачыў. І як гэта я трапіў туды, хоць рэж — ня ўпомню, усё гарэлка вінна, хатнюю добрую пасьцель зьмяніў на сьвінячую падсьцілку. Пісар, звадыяш, напаіў, як шаўца.

Зьява VIII-я.

Выходзіць з бакоўкі Пісар.

ПІСАР.

А, каго бачу, як спалася?

СТАРШЫНЯ.

Дзе спаў і як спаў — ня памятаю, ведаю толькі, што было шмат вольнага і цёплага паветра.

ПІСАР.

Ведама, як для начальства, усе выгоды, а я спачываў тут, галава, як човен, Мірон паліваў ужо.

СТАРШЫНЯ.

Кажаш, паліваў?

ПІСАР.

А то як-жа іначай, назначылі суд, а тут мы во…

СТАРШЫНЯ.

Дай сюды люстра.

ПІСАР.

На, толькі не спалохайся.

СТАРШЫНЯ.

Няўжо гэта я, няўжо старшыня?

ПІСАР.

Хіба-ж ён.

СТАРШЫНЯ.

Налпа — ні налпа, мядзьведзь — ні мядзьведзь, сябе не пазнаю. Вада ёсьць?

ПІСАР.

Ёсьць.

СТАРШЫНЯ.

Будзь ласкаў, узьлі на мой чэрап.

ПІСАР.

З вялікай ахвотай, прыказка нездарма кажа — п’яніца п’яніцы спагадае. (Нагнуў).

СТАРШЫНЯ.

А… як добра, як добра.

ПІСАР.

Профэсар Кнэйп гэтым толькі й лечыць людзей.

СТАРШЫНЯ.

Лечыць, апроч п’яніц.

ПІСАР.

За гэта не бяруся, браў пад увагу п’яніц ці не. Уся.

СТАРШЫНЯ.

Адразу пасьвятлела, цяпер я і цябе бачу, і сьвет бачу. Дай ручнік.

ПІСАР.

Кнэйп кажа не выцірацца.

СТАРШЫНЯ.

Няхай будзе й так. Дзе Мірон?

ПІСАР.

Я паслаў.

СТАРШЫНЯ.

Хіба я здагадваюся?

ПІСАР.

А то як-жа іначай, трэба.

СТАРШЫНЯ.

За гэта і пашанота табе, што адчуваеш тое, што і я.

ПІСАР.

Ня так адчуваю я, як адчувае Мірон; казаў, што крэдыт мне зачыніць.

Зьява ІX-я.

Уваходзіць стораж Мірон з бутэлькай у руках.

ПІСАР.

Ну, Мірон, прынёс збавеньне?

СТОРАЖ.

Прынёс. (Дае).

ПІСАР.

Давай шклянкі.

СТОРАЖ.

Як іх даваць, калі ўчора ўсе патаўклі.

ПІСАР.

Няма — ня трэба. (Стукнуў аб далонь і абліў Мірона).

СТОРАЖ.

Паночку, ня кідайце коркаў на падлогу, толькі што вымеў цэлы воз.

СТАРШЫНЯ (грозна).

Ты хіба ня ведаеш сваіх абавязкаў?

СТОРАЖ.

Як то ня ведаю: прыносіць за свае грошы гарэлку, зносіць лаянку і цягаць п’яных па ўсіх хлявох — ведаю.

СТАРШЫНЯ (у бок).

Вось цяпер я зразумеў, чаму я спаў разам з парсюком у хляве.

ПІСАР.

Ну, Мірон, вылазь вон, а то будзе бура.

СТАРШЫНЯ.

Ад слова, а то заначуеш у халодніцы.

СТОРАЖ.

Я-ж кажу, як на поўбутэлькі даць, тады братачка Мірон, сватачка Мірон, мэдальку Мірону, а як даў, тады скулу яму, Мірон вылазь вон. Апошняя поўбутэлька на доўг. (Пашоў).

СТАРШЫНЯ.

Я яго жывога зьем.

ПІСАР.

За што?..

СТАРШЫНЯ.

Я ведаю за што.

ПІСАР.

Ну, годзе злаваць, абудзім лепш судзьдзю.

СТАРШЫНЯ.

А хіба-ж ён тут?

ПІСАР.

Тут сьпіць. (Пашоў у бакоўку).

СТАРШЫНЯ.

Гэта-ж зьнявага, судзьдзі сьпяць тут, а старшыня ў хляве; хіба я ня буду старшынёй, а Мірону падзякую, ліха ведае што, гэта-ж калі дазнаюцца людзі — асьмяюць. Старшыня ў кампаніі з парсюком… А які-ж прыемны бачыў сон: быццам мы з кумам Гаўрылай так доўга ня бачыліся і, нарэшце, спаткаліся, на радасьцях добра выпілі і, абняўшыся, праспалі ўсю ноч.
І трэба-ж — так дастасавалася, ніякага кума і блізка ня было, а замест кума, парсюк пудоў з дзесяць.

Зьява Х-я.

Выходзяць з бакоўкі Пісар і Судзьдзя.

ПІСАР.

Ну, бычок божы, вылазь на сьвет, а то і суд прасьпіш.

СУДЗЬДЗЯ.

І якія гэта дурні вызначаюць пасьля імянін суды?

ПІСАР.

Пытаешся, якія дурні, — вось яны, дзівіся.

СУДЗЬДЗЯ.

Павар’яцелі.

СТАРШЫНЯ.

Ну, годзе, пастарайся лахманы прысусьліць, а то на ваўка падобны.

СУДЗЬДЗЯ.

Каб здаецца чарку гарэлкі — у ногі пакланіўся-б.

ПІСАР.

Ну, так і быць, кланяйся. (Паказвае гарэлку).

СУДЗЬДЗЯ.

А браток ты мой, ратуй…

ПІСАР.

Чакай, чакай, па начальству. Ну, старшыня, пачынай.

СТАРШЫНЯ.

Каб ня суд — ня піў-бы, а так мушу. (П’е, а затым перадае ў рукі судзьдзі і пісару).

ПІСАР (п’ючы).

Каб за год даждаць і заўжды з парсюкамі спаць.

СТАРШЫНЯ.

Сьмяецца, гад.

Зьява XI-я.

(Уваходзяць: Авечка, Гарбуз і жонка).

АВЕЧКА.

На здаровейка, панок.

СТАРШЫНЯ.

Хто вас клікаў?

ПІСАР.

Вы чаго ўпаўзьлі сюды?

ГАРБУЗ.

Паны на суд клікалі.

АВЕЧКА.

Так точна, на суд і я прыкульгаў.

ЖОНКА.

Паперу прыслалі, але гэтыя салапякі скурылі.

АВЕЧКА.

Так точна, скурылі, і я памагаў.

СТАРШЫНЯ (да пісара).

Хто яны?

ПІСАР (штось шэпча на вуха старшыні).

СТАРШЫНЯ.

А! гэта тыя мяцежнікі, што ўпраўляючага абразілі.

ГАРБУЗ.

Гляньце, паночку, на бараду, то ўбачыце абразу.

СТАРШЫНЯ.

І глядзець не хачу, дай сюды абвестку.

ГАРБУЗ.

Я-ж пану пісару прызнаўся, што скурылі з Авечкай.

АВЕЧКА.

Так точна, скурылі, і я памагаў.

ЖОНКА.

Я ўжо лаяла іх за гэта, а прышоўшы да хаты, і штурханцоў надаю.

СТАРШЫНЯ.

Гэта-ж зьнявага.

АВЕЧКА.

Так точна, зьнявага, скурылі абвестку, але ў нас звычай такі: усё, што пад рукі пападзецца папяровае, курыць — ксёнжку, газэту, абвестку; ведама, народ цёмны, чытаць ня ўмее, а курыць усё. Я, памятую, лемантар дзяціны скурыў, во як…

ГАРБУЗ.

Я ўжо адумаўся, але па часе.

АВЕЧКА.

Так точна, і я адумаўся, але па часе.

СТАРШЫНЯ.

Аштрафаваць гада.

ГАРБУЗ.

Паночку!

ЖОНКА.

Але-ж гэта ён зрабіў ня з роскашы.

АВЕЧКА.

Так точна, убачылі паперу, як нешта асаблівае, скруцілі па дзьве сабачыя ножкі, і толькі.

СТАРШЫНЯ.

Я табе скручу ножку.

АВЕЧКА.

Хіба ўжо другую, бо адна скручаная, — во, што за штука. (Ідзе).

СУДЗЬДЗЯ.

Распачынайце дапрос.

ПІСАР (бярэ ў рукі справу).

Гарбузіха, кажы ўсё, што ведаеш, і памятай, салжэш — сядзеш у вастрог.

АВЕЧКА.

Так точна, за гэта вастрог.

ЖОНКА.

Скажам усё, як на споведзі.

СТАРШЫНЯ.

Пачынай.

ЖОНКА.

Было гэта перад нядзелькай, сонца толькі села за лесам, кот Мацей саскочыў з печы, пачаў мыцца, аж чую, пішчыць нехта за хатай. Што за ліха, думаю сабе, ці не парасё дзе ўшчамілася; зірк у вакно, аж бачу, душаць майго Гарбуза.

АВЕЧКА.

Так точна, душаць.

ЖОНКА.

Я за чапялу і туды.

СТАРШЫНЯ (да пісара).

Запішы чапялу. Што далей?

ЖОНКА (спужаўшыся).

Дапала, значыць, я туды і давай выдзіраць Гарбуза.

АВЕЧКА.

Так точна, выдзіраць Гарбуза ды з кіпцёў пана каршуна.

СУДЗЬДЗЯ.

Чым ты выдзірала, чапялой?

ЖОНКА.

Дзе вы бачылі, каб я ад сваёй цені валілася, як чапяла ў мяне вывалілася на дарозе, я, значыць, падбегшы, тузаю Гарбуза да сябе (тузае Гарбуза), а аконам да сябе.

АВЕЧКА (тузуючы Гарбуза).

Так точна, да сябе.

ЖОНКА.

Я Гарбуза да сябе, а аконам да сябе. (Тузае).

АВЕЧКА.

Так точна, да сябе.

ЖОНКА.

А пасьля, калі рванула… (Гарбуз паваліўся ў адзін бок, Авечка — у другі).

(Авечка ляжыць і трымае адну нагу роўна на падлозе, а другую ўгару).

ЖОНКА.

То вось што ўбачыла: Гарбуз без барады…

(ГАРБУЗ падняў Авечку).

АВЕЧКА.

Так точна, рванула добра.

СТАРШЫНЯ.

А што з барадой?

ГАРБУЗ.

Вылупілі з карэньнямі.

АВЕЧКА.

Так точна, ададралі з карэньнямі і са скурай.

ЖОНКА.

Частку выдраў, а частку пакінуў — расьце.

АВЕЧКА.

Які гэта рост, адзін жаль.

ГАРБУЗ.

На сухі лес гэтакі рост.

СУДЗЬДЗЯ.

За што вы біліся?

ГАРБУЗ.

Я ня біўся, мяне білі.

АВЕЧКА.

Так точна, яго калашмацілі.

ГАРБУЗ.

За кароўку-перадойку ўсё ліха пашло. Кароўка мая, часта бегала да паноў у двор.

СТАРШЫНЯ.

Чаго ёй трэба было там?

ГАРБУЗ.

Ці яна скажа, бегала.

АВЕЧКА.

Так точна, бегала, ля майго гумна, нацянькі, значыцца. Я, было, раз спрабаваў пераняць, другі — ды дзе там, пшэпрашаёнц, калі чмыхне, калі паставіць хвост дудой, а няхай цябе воўк, бяжы — хоць ты ногі пакруці, шалёную карову і шалёную сабаку ня кожны спыніць.

ГАРБУЗ.

У панскім дварэ, гэта-ж ня ў нас. Узышла жывёліна — штрап; я раз заплаціў, другі.

АВЕЧКА.

Так точна, штрапы плаціў.

СТАРШЫНЯ.

Па квіткох?

ГАРБУЗ.

Па квіткох.

СТАРШЫНЯ.

Дай сюды квіткі.

ГАРБУЗ.

Няма, паночку, скурылі і квіткі.

АВЕЧКА.

Так точна, усьлед і скурылі, у нас гэтак.

ГАРБУЗ.

А пасьля махнуў рукой. Трэба-ж, на ліха, зноў зачынілі маю перадойку, і кажуць штрап заплаціць; „А скулу ня хочаш“ гакнуў я…

СУДЗЬДЗЯ.

Так і сказаў?

ГАРБУЗ.

Так і сказаў.

АВЕЧКА.

Ён у нас гэтакі, скажа.

ГАРБУЗ.

А што, мая кароўка пісьменная, умее чытаць тыя надпісы, што паны на слупох панапісвалі?!

СУДЗЬДЗЯ.

Зрабеце ўвагу пра скулу.

СТАРШЫНЯ.

Упісаць словы. Далей.

ГАРБУЗ.

„Кароўку маю аддайце!“ пачаў крычаць я. Не даюць. Аж тут падбег Авечка.

АВЕЧКА.

Так точна, прыкульгаў я.

ГАРБУЗ.

Бачыць аконам, што нас двое, карову за рогі ды ў хлеў, а мы за хвост ды назад, аконам рвець карову да сябе, мы да сябе. Бачыць карова, што дрэнная справа — адарвуць хвост, стукнула рагамі аконаму пад мікіткі, ды наўцекі з двара; мы за ёй, аж тут паваліўся Авечка — лёг і я, і пачалі яны нас глушыць. Замітусілася ў маіх вачох, сьвет зрабіўся з хвігу, і я асунуўся.

АВЕЧКА.

Так точна, абамлеў.

ЖОНКА.

Тут падбегла я, загаласіла, заенчыла.

ПІСАР.

І што было?

ГАРБУЗ.

А яны сабе ўлажылі колькі хацелі і пашлі.

АВЕЧКА.

Так точна, пашлі, закурыўшы сьмярдзючыя цыгары з добрага пацука.

СУДЗЬДЗЯ.

Колькі разоў ён цябе ўдарыў?

ГАРБУЗ.

А хто яго лічыў, глушыў, колькі хацеў.

АВЕЧКА.

Я скажу, поўкапы ўшкварыў яму, і гэтулькі даў мне.

СУДЗЬДЗЯ.

А ты як зьлічыў?

АВЕЧКА.

На вока браў. Я, пшэпрашаёнц, хоць няграматны, але на вока добра лічу. Я, глянуўшы на гурт, узгадаю, колькі там валоў; а глянуўшы на чалавека, узгадаю, колькі ён выпіў гарэлкі.

СТАРШЫНЯ.

А ты хто?

АВЕЧКА.

Я Лаўрэм Авечка, Гарбузоў сьведка, жыву ў Негнавічах у старэнькай хатцы, што вокнамі ды ў пушчу ўглядаецца.

СТАРШЫНЯ.

Кажы, што ведаеш, толькі ня лжы.

АВЕЧКА.

Няхай бог крые, каб Авечкі лгалі, Авечкі на гэта ня здатны. Наша радня ўсе шляхетнай крыві. Авечкі стражнікамі былі, у канцыраліях паперы пісалі. Адзін я, бядак, дзякуючы калецтву, змужычэў, седзячы ў вёсцы.

СУДЗЬДЗЯ.

Скажы, ці слупы на панскіх межах былі расстаўлены?

АВЕЧКА.

Ёсьць, роўненька адзін у вадзін.

СУДЗЬДЗЯ.

З надпісамі?

АВЕЧКА.

Пэўна-ж.

СУДЗЬДЗЯ.

Што там было напісана?

АВЕЧКА.

А каршун яго ведае, няграматны я чалавек, прыду да слупа і гляджу, як гусь на бліскавіцу, а ні ў зуб. Але як чуў, казалі людзі, быццам там забаронена сячы лес, лавіць зайцоў, пушчаць сабак па ягады, а, памыліўся, дзяцей па ягады, і наогул, каб ня ткнуць носу у панскі бор.

СУДЗЬДЗЯ.

Запішы пра слупы.

АВЕЧКА.

Пішэце і пра слупы, і пра ягады, зайцоў. (Забыўшыся, стукнуў палкай па стале).

СТАРШЫНЯ (адпіхнуўшы).

Цяпер пра драку пачынай.

АВЕЧКА.

Так точна, цяпер пра драку. Было гэта перад сьвятам. Дакульгаўшы з мястэчка да дому, я сеў за вячэру і, як цяпер, памятаю, еў я зацірачку з малаком. І трэба-ж гэта, зацірка была такая гарачая, што хлапец нос апёк. Вось баба ліе мне адну місу заціркі, я спаражніў; ліе другую — спаражніў, і толькі, пшэпрашаёнц, за трэцюю ўзяўся… (Гэта казаў да судзьдзі).

СТАРШЫНЯ.

Абжора нейкі.

АВЕЧКА.

Гэта было ня ўчора, а перад сьвятам.

СТАРШЫНЯ.

Я кажу, што ты абжора.

АВЕЧКА.

А так, богу дзякаваць, зьесьці магу, па дзеду пашоў, дзед мой быў з духоўнікаў, еў ня ў свой дух; памятую, пакой вечны, на нач зьеў дзежку саладухі і богу душу аддаў. Так баба ліе мне трэцюю місу заціркі, спаражніў, аж чую, пшэпрашаёнц, дух заняло, і нібы цэпам малоціць, вылецеў гэта я на ганак і дыхаю, як баран у сьпякоту, вось гэтак (дыхае), аж чую, нехта пішчыць. Я штырх у бок, бачу: цягне Гарбуз карову за хвост з панскага хлява, аж вочы на лоб лезуць; здагадаўся я, у чым справа — за кол ды туды. „Вы што-ж гэта, каб на вас гром!“, гакнуў я… (Спахваціўся).

СТАРШЫНЯ.

Запішы — гром.

ПІСАР.

Запісаў.

АВЕЧКА.

Тут падбегла Гарбузіха.

СТАРШЫНЯ.

З чапялой?

АВЕЧКА (хітра).

Здаецца, без чапялы.

СУДЗЬДЗЯ.

Ня можа здавацца, а кажы проста — была чапяла, ці ня было?

АВЕЧКА.

Не, ня было; чапяла ў яе вялікая, як аглабля — убачыў-бы. Так, значыць, падбег я і ўчарэпіўся за хвост кароўкі перадойкі, аж вочы на лоб лезуць, цягнем удваіх. Бачыць кароўка, што дрэнная справа, адарвуць хвост, зьбіла з ног аконама і наўцекі. Мы за ёй, але заблуталіся мае качэргі — паваліўся, мякнуўся вобземлю і Гарбуз, а яны з нагамі — і давай акладаць.

ЖОНКА.

Тут падбегла я, нарабіла крыку, дык яны пакінулі іх біць, закурылі цыгары — і пашлі.

АВЕЧКА.

Так точна, пашлі, рагочучы, як лясуны перад маладзіком.

ПІСАР.

А што ты ім усьлед казаў?

АВЕЧКА.

А што я, Авечка, ды на паноў магу казаць, глядзеў, пшэпрашаёнц, і маўчаў.

СУДЗЬДЗЯ.

А як ты сьмеў насылаць на іх гром.

АВЕЧКА.

Ды яны гэтага ня чулі, я, бягучы, у духу забубнеў сабе, а рот заткнуўшы рукавом.

СУДЗЬДЗЯ.

А ты часам не радня Гарбузу?

АВЕЧКА.

Далёкая радня. Мой бацька з яго бацькам заўсёды разам у бані мыліся, кумамі былі.

СТАРШЫНЯ.

А з ёй ты не радня?

АВЕЧКА.

З-замаладу меліся жаніцца, але як я закульгавіў, то яна за кульгавага не пашла; тады я жаніўся на другой бабе, баба вельмі добрая, зацірку варыць — ой, ой! толькі вельмі сярдзітая з частых біцца кідаецца.

ПІСАР.

Гэта да справы не адносіцца.

СТАРШЫНЯ.

Дапрос зьняты.

АВЕЧКА.

Паночку, а ці можна ведаць, на колькі пасадзіце нашых ворагаў?

СТАРШЫНЯ.

Пачакаўшы будзеш ведаць.

Зьява ХІІ-я.

(Убягае стораж Мірон).

СТОРАЖ.

Пан едзе, пан едзе…

СТАРШЫНЯ.

Стой, не гарачыся, прыняць коні ў двор, адчыняць дзьверы і быць на чаку. Хадзем. (Пашлі).

ПІСАР (пачаў зьбіраць паперы).

СУДЗЬДЗЯ (пры вакне).

Вось уяжджаюць у двор, на тройцы…

(Гарбуз і жонка да акна).

(Авечка п’е з вядра ваду ў другім кутку).

Зьява ХІІІ-я.

Уваходзіць Старшыня, а за ім упраўляючы ў цыліндры, пальто, калёшах і з палачкай і папіроскай.

СТАРШЫНЯ (адчыніўшы дзьверы).

Міласьці просім.

УПРАЎЛЯЮЧЫ (паважна ўвашоўшы, кінуў папіроску).

СТАРШЫНЯ (зьнімае пальто).

ПІСАР (цыліндар і бярэ кіёк).

СУДЗЬДЗЯ (кінуўся да ног зьнімаць калёшы).

СТАРШЫНЯ (як усё зьнялі, адчыніўшы дзьверы ў бакоўку).

Міласьці просім, на пачэснае месца. (Упраўляючы, Старшыня і Судзьдзя пашлі).

ПІСАР (да Гарбузоў).

Ну, яшчэ чаго, дапрос зьняты, паклічам будзе пара. (Усе выходзяць. Пісар з паперамі ідзе ў бакоўку).

Зьява XIV-я.

Уваходзіць стораж Мірон.

СТОРАЖ

Вось гэта я разумею, коні — нібы зьвяры, не раўня нашым пацуком, уляцелі ў двор стралой. Прыгледзеўся я на старшыню і памысьліў: трывалы чалавек, ня так даўно выпаўз адсюль ракам, а прышлося — вунь як пакіраваў, з вазка зьняў, дзьверы адчыніў і, здаецца, пасьпеў нешта зьняць — гэта спрыт. Але на мяне крыўду мае, нашто разам з парсюком спаць паклаў. Нічагутка, я — таксама чалавек, адчуваю боль, гэта што ты старшыня, так Мірона можна ганьбіць, другі раз нап’ешся — на сьметнік завалаку на чарэп’і. А што, каб гэта я адважыўся гэту сьвітку з упраўляючага зьняць, — о не, няздатны, — зьняў-бы так, што полы былі-б асобна, а рукавы асобна. (Пауза). Крамная рэч, — ні вузельчыка, ні нітачкі, блішчыць, шалухціць (нюхае) і цыбулькай аддае. (Убачыў капялюш). А капялюш, капялюш! Гэткага я з роду ня бачыў, пан накрывае свой чэрап, а я ў ягады хадзіў-бы, вельмі прыгодны, чорны, цыбаты і тугі. (Паплёваў на яго, абцёр рукавом і палажыў на крэсла, — на тое месца, дзе сядзе судзьдзя, справа ад публікі).

A гэтыя гумалястковыя хадакі — таксама рэч паважная па гразі цяляпкацца. Божа, божа, як ты няроўна падзяліў, адным гэткую прыгоду, а другому век зрэб’я.

ПІСАР (з бакоўкі).

Пакліч сюды Гарбузоў.

СТОРАЖ (да дзьвярэй).

Гарбузы, кацецеся сюды.

Зьява XV-я,

Уваходзяць Гарбуз і жонка.

СТОРАЖ.

Ідзеце на суд, толькі ня тупайце, як коні.

ЖОНКА.

Мы уважненька. (Пашлі ў бакоўку).

Зьява XVI-я.

Уваходзіць Авечка.

СТОРАЖ.

Што, занудзіўся?

АВЕЧКА.

А так, замаркоціўся: у сон пачало весьці: ноч ня спаў, на суд, значыцца, шкандыбалі. Ці ня маеце часам закурыць, нешта тут пад грудзямі.

СТОРАЖ.

Ня маю, кожны курэц павінен мець свой аганец і тытунец.

АВЕЧКА.

Так точна, павінен, ды няма. (Убачыў на падлозе папяроску). А вось шчасьце, нехта папіроску кінуў.

СТОРАЖ.

Ні нехта, а сам упраўляючы курыў.

АВЕЧКА.

Галоднаму чалавеку ўсё роўна. (Запальвае і курыць). А моцная, так за язык і шчыпле.

СТОРАЖ.

Які далікатны.

АВЕЧКА.

У Авечак языкі чулыя.

СТОРАЖ.

Ды ты ўвесь, як авечка, і кульгавы, мне здаецца.

АВЕЧКА.

Не здаецца, а кульгавы, вось гляньце. (Адыходзіць да таго месца, дзе ляжыць цыліндар).

СТОРАЖ.

Даўно кульгаеш?

АВЕЧКА.

Гадоў з дзесяць.

СТОРАЖ.

З якой прычыны?

АВЕЧКА.

Грошы шукалі, не паклаўшы.

СТОРАЖ.

Ну і што?

АВЕЧКА.

Прысьніўся было маёй сястры сон, быццам то на Лысай гары бочка дукатаў закопана ляжыць. Вось мы ў ночы, разам з Гарбузом, пабраўшы рыдлёвачкі, шчупы пашлі туды. Курган высока на гары, а на ім камень, пудоў з 20, — мы яго капаць, мы яго пароць, каб камень той ды ў даліну сагнаць, капалі доўга, а цёмна, — хоць забіся.

Нарэшце, чую, скрыганула нешта пад рыдлёўкай; я зірк у бок: бачу — галава бялее чалавека. (У часе размовы сторож слухае, што робіцца ў бакоўцы, і зусім ня слухае, што кажа Авечка). Кум, крычу я, гэта-ж мы раскапалі чыюсь магілу. Гарбуз, ня кажучы ні слова, рыдлёўку аб зямлю, а сам — шаўбось уніз, ліхтар патух, я за ім… толькі чую, штось ляціць за мной: ла-та-та-та, а пасьля — бух… (Сеў на цыліндар). Зваліўся камень ды мне па назе.

СТОРАЖ (убачыўшы, што Авечка сеў на цыліндар).

Куды-ж ты гэта ўсьсеўся? (Схапіў за карак).

АВЕЧКА (ад страху пачаў жагнацца).

Міца, міца, сьвяціцелі чудадзеі…

СТОРАЖ.

Што ты зрабіў? Што табе дух заняло?

АВЕЧКА.

Браток мой, у чым мая віна, калека я, усю ноч валокся, хацелася сесьці.

СТОРАЖ.

Вось цяпер пасядзіш.

АВЕЧКА.

Няўжо пасадзіць?

СТОРАЖ.

Пашкадуе.

АВЕЧКА.

Даражэнькі мой! а што, каб спрабаваць выраўнаваць.

СТОРАЖ.

Раўнуй не раўнуй, капялюша няма, а табе астрог.

АВЕЧКА.

Тады я ўцяку; будзь ласкаў, не кажы: я жыву ў пушчы — ня знойдуць.

СТОРАЖ.

Нікуды ты не схаваешся, знойдуць.

АВЕЧКА.

А чаму мой дзед у паўстаньне два гады хаваўся і не знашлі, бывай здароў. (Да дзьвярэй).

ПІСАР (праз дзьверы і назад).

Авечка, на суд.

СТОРАЖ.

А што, схаваўся? А ну, пашоў, пашоў. (Выпхнуў убок). Во каб яго пакруціла, скруціў капялюш, аж страх глянуць, ну што-ж мне зрабіць? А што, каб узяць на дзяркач і таркануць туды-сюды. (Бярэ венік і пачынае). А ну сюды, а ну сюды. А бацюхны, выраўнаваў, — вось шчасьце, так шчасьце. Цяпер абы ўпраўляючы вышаў, я спрытна надзену яму на галаву, не спазнае.

Зьява XVII-я.

Выходзяць з бакоўкі Гарбуз і жонка.

ГАРБУЗ.

Вось табе суд, вось табе і цуд, абабілі бакі, выдралі бараду яшчэ ў адседку садзяць на тры дні.

СТОРАЖ.

А хіба-ж я не казаў, — тут праўда жыве.

ЖОНКА.

На сухі лес такі суд, чапялу пакінула ў хаце, а на судзе чапяла апынулася пры мне, сядзі баба тры дні ў халодніцы.

Зьява XVIII-я.

Выходзіць Авечка.

АВЕЧКА.

Гэта ня суд, а, пшэпрашаёнц, нейкае глупства, я на паноў шапнуў гром, і за гэта ў адседку на тры дні.

СТОРАЖ.

Ну, годзе, суд ідзе… (А сам за цыліндар).

Зьява XIX-я.

Выходзяць з бакоўкі Старшыня, за ім упраўляючы, Пісар і Судзьдзя.

СТАРШЫНЯ.

Дзякую, што не запомнілі. (Падае пальто).

СУДЗЬДЗЯ. (Надзявае калёшы).

СТОРАЖ. (Падае цыліндар).

ПІСАР — (кіёчак).

СТАРШЫНЯ (адчыніўшы дзьверы).

Міласьці прашу. (Усе яны вышлі, засталіся Гарбузы, Авечка і стораж.)

СТОРАЖ (пачынае вымятаць).

Ну, браткі мае, уцякайце, а то чаго добрага, яшчэ падбавіць.

(Гарбуз і жонка ціха выходзяць).

АВЕЧКА.

Вось дзе праўда на сьвеце.

Заслона.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.