Сузор’і (1926)/Навальніцы жыцьця і змаганьня/Сярод нас

Пытаеш ты Сярод нас
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1926 год
Праплыў я шмат
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сярод нас…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯРОД НАС…

Сярод нас шмат вясёлых і сумных
Па настроях і шэптах душы,
Але кожны ударам па струнах
Рвецца ў далі, прасторы і шыр.

Кожны верыць у нешта сьвятое,
Кожны цягне жыцьцёвую ніць,
Дзе рунее руно залатое,
Дзе гараць запаведаў агні.

Шмат загінула, мо‘ і загіне
На прыступках сьвятога сьвятых.
Іх зьмянілі і зьменяць другія,
Як зьмяняюцца дрэваў лісты.

За мінулае цяжка і горна,
Што адцяла так многа красы;
Але сьцелецца шлях нова-горны,
Ткуцца новых прыгод паясы.

Мы ступілі на шлях той сягоньня,
Заўтра прыдзем ў сьвятое сьвятых.
Хай жа струны галосныя звоняць
Ўсё аб тым, ўсё аб тым, ўсё аб тым.

1925 г.