Суніцы (1926)/Сонца слупамі бліскучымі…

Раніца ⁂ (Сонца слупамі бліскучымі…)
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1926 год
З цыклю вершаў „Ліпень“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сонца слупамі бліскучымі….

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Сонца слупамі бліскучымі
Крые зямлю…
Думкі сьвідруюць кіпучыя
Голаў маю.

Сьцелюцца цені ўкол доўгія,—
Сонца уніз
Сходзіць звычайнай дарогаю.
Небная высь

Нейкай таемнай пялёнкаю
З рабых аблок,
Йдучых усходняй старонкаю,
Шлець зямлі змрок…


∗     ∗

Цішай ўрачыстай, самотаю
Далі паўны.
Дыша зямля, пяшчотаю
Мілай вясны…

Сонца глядзіць паловаю
Праз камлі дрэў.
З палкасьцю нейкай жыцьцёваю
Носіцца сьпеў

Птух у паветры, чырыканьне
Дзесь вераб‘я…
Ў марах за мысьлямі вялікімі
Лётаю я…


∗     ∗

Гукі ўсе ўкол зьліваюцца
У вечару гымн,—
Новы тут сьвет адчыняецца
Зіркам маі…

Ўвесь небасхіл, крыты золатам,
Сыпе ўкол блеск;
Нейкаю казкаю-шопатам
Шэпчацца лес…

Вецер нязнанымі сьцежкамі
Шарыць ў кустох,
Сонца з прыветнымі ўсьмешкамі
Чэзьне ў агнёх…


∗     ∗

Ў чырвані іскрах купаецца
Неба блакіт,
Дзіўна ад сьвету злачаецца
Ўвесь краявід.

Змрочныя цені, шалеючы,
Сьцелюць зямлю…
Моцай я нейкай, нямеючы,
Скован стаю…
...............

Нікне ўвесь сьвет…—
Грудзі бурляць шчасьцем, воляю…
Й хочацца плакаць… і полем
Бегчы за сонцам усьлед!..