Сусьветная Ахвяра
Сусьветная Ахвяра Артыкул Аўтар: Аляксандр Коўш 1929 год Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 160 |
Ноч страшная, ноч душная, быццам перад грымотамі. За
Кедранскім патокам у Гефсіманскім садзе глыбокая цемра. Стуль
нясецца нечый глыбокі-глыбокі ўздох, ад якога мімаволі робіцца
жудасна. Чуваць нечый голас, але слоў пакуль што разабраць
нельга.
Праз нейкі час — зноў уздох, страшны, пакутны. Чутны словы: «Айцец мой! калі не можа гэты келіх прайсці міма мяне — дык п’ю з яго, — няхай будзе воля Твая».
О Божа, Божа! Гэта ж Яго голас, гэта ж Яго словы, якія выклікаюць страх! Гэта Ён моліцца ў садзе Гефсіманскім. Гэта Ён гаворыць аб келіху сваіх блізкіх, немінучых, страшэннейшых крыжавых пакутаў.
За Кедранскім патокам мігацяць агні. Рухаецца нейкі натоўп. Чутны галасы, пагрозы. Натоўп збліжаецца. Ад святла факелаў ужо можна разгледзіць збліжаючыхся: уперадзе ўсіх — адзін з Яго вучняў, а за ім народ з аружжам і каламі, а такжа архірэі і старшыя з іудзеяў. Хутка святло ад факелаў упала і на Яго Бажэсцвенныя рысы: Ён стаяў і чакаў.
Усемагутны Божа! Колькі было святасці і кротасці ў Яго абліччы! І вось той самы вучань, які прывёў увесь гэты натоўп, падыходзіць да Яго і, кажучы: «Радуйся, вучыцель», цалуе Яго. Сэрца падказвае, што пацалунак гэты фальшывы, прадажны.
А Ён, каторага прадавалі, ласкава так кажа свайму прадажніку: «Прыяцель мой, рабі тое, па што прыйшоў».
Тады натоўп абступіў Яго. Яго вязалі, быццам злодзея, быццам разбойніка.
Бачачы гэты гвалт, гэтую страшэнную несправядлівасць, адзін з Яго вучняў схапіў нож і адсек вуха ў аднаго слугі архірэйскага, які найбольш здзекаваўся з Спасіцеля. Як жа на гэта зарэагаваў Бажэсцвенны Мучальнік? Ён сказаў свайму вучню: «Улажы нож твой назад у похву, бо кожны, хто нажом бароніцца, ад нажа і згіне».
А пасля, звярнуўшыся да народа, кажа: «Вы як на збойцу выйшлі з аружжам і каламі. Я ж кожны дзень сядзеў з вамі ў царкве і вучыў вас, — чаму ж вы не бралі мяне тады?»
Як не разарваліся сэрцы людскія, як не аслеплі вочы іх навекі ад такога страшэннага абразу?
Раніцай Яго засудзілі на смерць — смерць цяжкую, смерць мучальніцкую.
Усе вуліцы былі запоўнены народам. Яго, абкружанага жаўнерамі, вялі на смерць. Ён нёс цяжкі крыж, на якім павінны былі раскрыжаваць Яго, — а Ён быў такі слабы, такі змораны, што не раз падаў пад цяжарам свае ношы.
Добры твар Яго быў увесь у крыві і ад удараў жаўняроў па твары і па галаве, і ад вянка з калючага цёрну, які надзелі на Яго галаву.
За ім рухаўся натоўп. Чутно было, як у гэтым натоўпе плакалі жанчыны. А Ён паглядзеў на іх і кажа: «Дочкі іерусалімскія! не плачце аба мне, плачце аб сабе і аб вашых дзецях: падыходзяць дні, калі вы скажаце: шчаслівыя няплодныя, шчаслівыя ўтробы, якія не родзяць і сасцы, якія не кормяць. Тады вы скажаце гарам: упадзіце на нас і пакрыйце нас!»
Вось Ён ужо на гары слёз, гары касцей.
Раздаецца глухі стук малатка і трэск касцей: гэта прыбіваюць да крыжа Яго рукі і ногі.
Крыж з прыбітым да яго Мучальнікам падымаюць...
З натоўпу нясецца гістэрычны, душу раздзіраючы плач. Гэта плача Яго маці — найсвяцейшая Дзева Марыя.
У працягу трох гадзінаў Ён пераносіў на крыжы да нічога не параўнаныя мучэнні. Але Ён яшчэ жыў. Сонца касымі праменнямі яшчэ асвятляла Яго бляды-бляды твар. Але вось раздаюцца Яго апошнія бажэсцвенныя словы: «Айцец! у рукі Твае перадаю дух Мой!..»
Бажэсцвенная душа аддзялілася ад цела і адышла ў абоймы Прадвечнага Айца. У гэты момант сонца пагасла. Густая цемра спавіла зямлю.
Натоўп задрыжэў і затросся, бо задрыжэла і затраслася гара, на якой Ён паміраў, задрыжэлі і затрасліся сцены Іерусаліма, дрыжэла і траслася зямля. Скалы і каменні далі трэшчыны, гудзелі грымоты, а бліскучыя маланкі яшчэ больш павялічвалі гэты агульны ні з чым непараўнаны хаос.
Гэта так рэагавала прырода на зробленае на зямлі небывалае зладзейства, якога свет не бачыў ад пачатку свайго існавання.