Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Рышэлье і Людвік XIV

§ 9. Трыдцаціле́тняя вайна § 10. Рышэлье́ і Людвік XIV
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 11. Узрост Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расе́я

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДРУГІ ПЕРЫОД.

____________

РАЗЬВІЦЬЦЁ АБСОЛЮТЫЗМУ І ФІЛЁЗОФСКІ РАЦЫОНАЛІЗМ.

§ 10. Рышэлье і Людвік XІV.

1. Апошнія Генэральныя Штаты (1614). Пасьля Гэнрыка ІV астаўся яго бязьлетні сын Людвік ХІІІ, за якога гаспадаравала ягоная матка Марыя дэ Мэдычы. Дзéяльны Сюльлі быў адсунуты ад улады, яго-ж месца занялі фаворыты рэгéнткі, якія марнавалі з гэткаю працаю зьбіраныя ім зьберажэньні ды абкрадалі скарб гаспадарства. Вяльможы, скрыўджаныя пры падзеле гэтае здабычы, хапаліся за зброю; у ва ўсім краі панавала поўнае бязладзьдзе, ад якога народ нявымоўна цярпеў. Агульнае нездаваленьне ў хуткім часе прымусіла каралеву склікаць прадстаўніцтва станаў. Прадстаўнікі трэцяга стану энэргічна выступілі з цэлым радам праектаваных рэформаў. Адзін-жа з іхніх галоўных прамоўцаў сказаў гэткія прарочыя словы: "калі і далей гэтак пойдзе, дык народ ня будзе больш кавадлам, а зробіцца молатам".

Спалоханыя сьмеласьцю гэтых словаў шляхта і духавенства пагадзіліся з дваром. Калі на другі дзень пасьля гэтае прамовы мяшчанскія дэпутаты захацелі йзноў сабрацца, дык знайшлі дзьверы замкнёнымі. Каралева загадала, каб Генэральныя Штаты разыйшліся. Сабрацца йзноў маглі яны толькі праз 175 гадоў; да таго-ж часу іх месца занімала самавольства каралёў і міністраў. Хаця, праўду кажучы, сваё значэньне яны ўтрацілі яшчэ пры Каралю VІІ.

2. Гаспадараньне Рышэльé. Адносіны ў дзяржаве не палепшыліся навет і тады, калі Людвік ХІІІ выйшаў спад апекі свае маткі. Зьмяніліся яны толькі тады, калі ўладу ўзяў у свае рукі Арман дю Плесі Рышэльé[1]. Дзякуючы сваім надзвычайным здольнасьцям, ён зрабіўся біскупам, маючы ўсяго 22 гады, і тады-ж зьвярнуў на сябе ўвагу каралевы-маткі. Спадзяючыся знайсьці ў ім пакорнага слугу сваé волі, яна выстаралася для Рышэльé кардынальскі капялюш, ды ўвяла ў Дзяржаўную Раду. Праз некалькі месяцаў Рышэлье ўжо мéў неабмéжаны ўплыў на караля. Аднак, замест рупіцца аб карысьць свае протэктаркі, ён усю сваю дзеяльнасьць ахвяраваў дабру і велічы дзяржавы, якою кіраваў.

Ад гэтага часу Рышэльé зрабіўся самаўладным гаспадаром Францыі. Ўсé стараньні, каб яго скінуць, былі дарэмныя, бо Людвік ХІІІ, хоць слабы і хваравіты, быў прынамся тым падобны да свайго бацькі, што не праганяў слугі, аб здольнасьцях і вернасьці якога пераканаўся. А гэта тым больш цікава, што Рышэлье ніколі ня быў ільсьцівым прыдворным, а, наадварот, часта гаварыў каралю ў вочы горкую праўду. Згодна з духам свайго часу, Рышэлье ўважаў, што для дзяржавы найляпей, калі каралеўская ўлада будзе па магчымасьці неабмежанаю; дзеля таго ён стараўся пераламаць усякае праціўленьне каралеўскай волі і, прыкладам, выступіў проці гугенотаў, якія з сваімі ўмацаванымі абароннымі крэпасьцямі былі нейкай рэспублікай у монархіі. Рышэльé сам вëў аблогу ля Рошэлі, спаўняючы адначасна абавязкі ваяводы, адмірала і інжэнера; нягледзячы на гэроічную абарону крэпасьці, ён яе здабыў (1628). Аднак, Нантскага эдыкту ён не ламаў; наадварот, ён яшчэ бараніў рэлігійную вольнасьць протэстантаў. Зялезнаю сілаю свае волі ён прымусіў слухацца і арыстократыю, якая дагэтуль паступала так, як быццам законы былі толькі для паспольства, а не для яé. Ён загадаваў бурыць умацаваныя замкі арыстократаў, якія ўпіраліся проці каралеўскае ўлады. Да намесьнікаў провінцый-арыстократаў, якія свае становішчы лічылі спадчыннымі і часта бунтаваліся, ён дадаў да помачы інтэндантаў з мяшчан; апошнія былі саўсім залежныя ад караля. Усякае супраціўленьне бязлітасна каралася сьмерцяю: самым відным па свайму паходжаньню ці становішчу людзям сéклі галовы, а матка і брат караля за ўчасьце у змове былі прысуджаны на высылку з краю.

Адначасна з гэтым Рышэльé і ў іншых кірунках працаваў дзеля дабра гаспадарства не пакладаючы рук. Ён павялічыў флёт, падтрымліваў гандаль і колёніі. Ён жа залажыў Францускую Акадэмію, установу, якой галоўная мэта-апека над роднаю моваю і яе разьвіцьцём; ён урэшце выдаваў газэту, у якой і кардынал і кароль зьмяшчалі свае разважаньні аб грамадзкіх справах.

У замежнай палітыцы Рышэлье пайшоў па дарозе, якую паказаў Гэнрык ІV; ягоныя паслы пры ўсіх эўропэйскіх дварох працавалі проці Габсбургаў. Канца трыдцацілетняе вайны, у якой ён такую важную іграў ролю, Рышэлье не дачакаўся і памёр як-раз тады, калі перамога выразна перахілялася на ягоны бок.

Паміраючы, Рышэлье казаў, што ў яго ніколі ня было іншых ворагаў, апрача ворагаў дзяржавы.

3. Мазарыні (1642-1661). Спаўняючы апошнюю волю свайго вялікага міністра, Людвік ХІІІ назначыў наступнікам яго кардыканала Мазарыні, Італьянца, які, як папéскі нунцый, прыехаў у Францыю і там знайшоў службу ў Рышэлье.

У хуткім часе кароль памёр (1643). Мазарыні супольна з каралéваю Ганнаю кіраваў гаспадарствам за пяцігадовага Людвіка XІV, сына Людвіка ХІІІ, і з вялікаю ўмеласьцяй ды цьвёрдасьцяй давёў да канца загранічныя пляны Рышэлье. Асабліва яму пашанцавала з Гішпаніяй. - У 1643 г. адважны кн. Кондэ пад Рокруа, ў Ардэнах, мéў бліскучую перамогу над адборным гішпанскім войскам; ваенная слава апошняга з таго часу перайшла наагул на Французаў. Яшчэ некалькі гадоў ішла вайна з Гішпаніяй, аж пакуль яе аканчальна не перамог знамяніты ваявода Тюрэн. На моцы г. зв. "Пірэнэйскага міру", зробленага ў 1654 г. на востраве пагранічнае ракі Бідасоа, Гішпанія аддала Францыі Русільён і Артуа разам з цэлым сьцягам паўднёва-бэльгійскіх крэпасьцяў. У Нямеччыне становішча Францыі, адваяванае Рышэльé, асталося бяз зьмены.

У ўнутранай палітыцы Мазарыні перажываў нямала цяжкіх і няпрыемных момэнтаў. У францускіх вяльможаў ён, як Італьянець, ня меў тае пашаны і послуху, як нéкалісь кардынал Рышэлье. Завісныя князі ды княгіні, парлямэнты[2] і парыжскае паспольства зрабілі паўстаньне, якое цягнулася некалькі гадоў. Два разы Мазарыні мусіў, ратуючыся, уцякаць заграніцу; але, дзеля таго, што паўстанцы ня мелі ніякае вышэйшае ідэі, і кожын стараўся толькі аб сваé acaбістыя справы, дык гэты рух няўдаўся, ня гледзячы на тое, што кіраваў ім кн. Кондэ "Вялікі". Мазарыні з трыумфам вярнуўся, а кн. Кондэ быў прымушаны шукаць сабе схоўкі ў Гішпаніі. Народ жартам назваў гэтае паўстаньне "Фрондаю" (самастрэл) ад дзяціннае гульні. Сумны канец паўстаньня, безгалоўе і безпляновасьць гэтага выступленьня проці каралеўскага абсолютызму ў Францыі асабліва цікавыя, калі іх прыраўнаваць да барацьбы, якую ў той самы час вяла народная воля з дэспотызмам у суседняй Англіі, на той бок каналу.

А ўнутранае гаспадараньне Мазарыні было вельмі дрэннае; сам ён, ягоныя сваякі і ўлюбенцы абкрадалі скарб гаспадарства, як толькі маглі. Вялікімі падаткамі ён даводзіў народ да роспачы, забіваў земляробства, гандаль і прамысловасьць; доўг гаспадарства пры ім узрос да вялізарных сумаў.

4. Расцьвет магутнасьці Людвіка XІV (1661-1683). Калі пасьля сьмерці Мазарыні (1661) спыталіся маладога караля, да каго ў будучыне трэба зьвяртацца, як да першага міністра, той адказаў: „Да мяне“. Багата абдораны ад прыроды, поўны сілаў і ахвоты да працы, Людвік XІV не хацеў толькі называцца каралём, але хацеў быць ім запраўды, як яго вучылі Рышэлье і Мазарыні. - "Дзяржава і кароль — адно (L'Etat c'est moі); кароль пастаўлены Богам і толькі перад Ім адпавядае; падданыя павінны яго слухаць, ня пытаючыся чаму. Усё, што ёсьць у краі, належыць да яго, у тым ліку і маемасьць ягоных падданых; усім гэтым кароль можа распараджацца, як хоча". Гэтак думаў і рабіў Людвік XІV.

Апошнія вольнасьці ў провінцыях былі скасаваны; ад гарадоў было адабрана права самаўрадаваньня, і кіраўніцтва ўсенькім жыцьцём гаспадарства апынулася ў руках караля. Ня было навет і спробаў праціўленьня, аб якіх варта было-б гаварыць; дый нічога дзіўнага: народ ужо даўно адзвычаіўся ад волі, а шляхта была гэтак прыціснута, што ў большасьці лічыла за найвялікшую чэсьць спаўняць лякайскую службу пры двары караля.

Новая сыстэма спачатку выглядала даволі карыснаю для Краю. Людвік XІV, праняты вялікімі думкамі аб сваім прызначаньні, акружыў сябе вельмі добрымі міністрамі. Кольбэр, сын рэймскага купца, першы мешчанін, які заняў гэткае высокае становішча, упарадкаваў саўсім разваленую грашовую гаспадарку Францыі; каб выдаткі адпавядалі даходам, ён на кожын год укладаў праект даходаў і выдаткаў, г. зв. бюджэт; гэты звычай і назоў бюджэту перанялі пасьля усé гаспадарствы. Сваю галоўную ўвагу Кольбэр зьвярнуў на разьвіцьцё прамысловасьці і гандлю. Не шкадаваў ён працы і коштаў, каб навучыць сваіх землякоў вырабляць аксаміт, прадметы збытку, люстры, як у Італіі, карункі і дываны, як у Фляндрыі, сукно і палатно, як у Голяндыі, сталь і вырабы з бавоўны, як у Англіі. Накладаючы высокія мыты на загранічныя тавары, ён бараніў нараджаючуюся краёвую прамысловасьць ад конкурэнцыі, ды стараўся палепшыць яе пры помачы прыкладовых школ, заахвочаваньня і нагародаў, загадаў і забаронаў. Ён пабудаваў першую штучную вадзяную дарогу, Лянгедоцкі канал, які, перасякаючы даліны і ўзгор'і, лучыць Гарону з Міжызéмным Морам. Сваімі стараньнямі аб судаходзтве, закладаньнем штучных і направаю натуральных портаў, збудаваньнем магутнага ваеннага флёту, здабыцьцём абшырных валаданьняў у Індыі, Афрыцы і Амэрыцы Кольбэр заснаваў францускую марскую і колёніяльную сілу, якая нейкі час ходалася за пяршынства з англійскаю ды голяндзкаю.

Тое, што зрабіў Кольбэр для дзяржаўнага скарбу, тое для аружнае сілы краю зрабілі вайсковы міністар Лювуа і інженер Вобан разам з такімі выдатнымі ваяводамі, як Кондэ і Тюрэн. Лювуа павялічыў сталую армію на сотні тысяч людзёў, палепшыў яé ўзгадаваньне заўсёднымі правільнымі практыкаваньнямі, увёў спэцыяльную вайсковую вопратку (мундзір), пачаў шырэй ужываць усялякую стрэльбу, замяняючы піку-на штых, закладаў вайсковыя школы, магазыны, шпіталі для інвалідаў і г. д.-і гэткім чынам стаўся тварцом новачаснага вайсковага дзела. А Вобан, самы здольны інжэнер свайго вéку, акружыў Францыю валам крэпасьцяў, якія тады лічыліся нездабытымі. Францыя ўсюдых пачала славіцца, як гаспадарства найляпей кіраванае і найляпей бароненае ў-ва ўсéй Эўропе.

Яшчэ ў часы Рышэльé пачаўся залаты пэрыод францускае літэратуры; пры Людвіку ХІV ён ужо сьвяціў поўным блескам. Дэкарт і Паскаль, адны з найбольш геніяльных мысьліцеляў і вучоных новых часоў, біскупы Босюэ і Фэнэлён, з якіх першы быў выдатным прапаведнікам і гісторыкам, а другі пэдагогам і бэлетрыстам, ня лічучы ўжо вялікага множства іншых выдатных пісьменьнікаў, зрабілі францускую мову дужа яснаю і прыгожаю, якою яна астаецца і да нашага часу. Тры знамянітыя драматычныя паэты: Ян Мольер, Пётра Корнэль і Ян Расін, зрабілі францускі тэатр найслаўнейшым у Эўропе, ці, ляпей кажучы, стварылі тэатр у новачасным значэньні гэтага слова; два апошнія пісалі драмы, якія дасканальна выяўляюць характар францускага народу і свае эпохі; Мольер-жа пісаў камэдыі, якія маюць агульна-людзкае значэньне і да сёньняшняга дня ня страцілі свае вартасьці. Жыў тады вядомы аўтар баек Ля-Фонтэн, з якім ніхто ня мог зраўняцца ў пераробцы баек Эзопа. Вызначалася сваімі творамі і шмат іншых паэтаў. Людвік XІV гэтых пісьменьнікаў зьбіраў да свайго двара і назначаў ім пэнсіі; дык-жа здавалася, быццам яны тварылі толькі дзеля яго.

Ня ў меншай меры Людвік XІV выкарыставаў і мастацтва для праслаўленьня свае асобы і свайго панаваньня. Ня любіў ён бунтаўніцкага Парыжу і стварыў сабе новую рэзыдэнцыю ў вёсцы Вэрсаль; тамака ëн збудаваў палац, над прыхарошаньнем якога працавалі найслаўнейшыя маляры, скульптары і садоўнікі. Вэрсаль з сваймі тэрасамі ды паркам, у якім поўна прыгожах фонтанаў, з сваймі прысадамі і мармуровымі статуямі стаўся прыкладам для каралеўскіх рэзыдэнцыяў у Эўропе. Аблічана, што Вэрсаль разам з іншымі раскошнымі будоўлямі караля каштаваў якіх 800―900 міліёнаў франкаў на цяперашнія грошы. Тамака, у Вэрсалі, акружаны роем вяльможаў і дастойнікаў, Людвік XІV утрымліваў двор, якому па блеску і пышнасьці, помпатычнаму цэрэмоніялу ды па інтэлігентнасьці і далікатнасьці сьвецкіх звычаяў ня было на сьвеце роўнага. З зьдзіўленьнем і захопленьнем углядалася Эўропа на Людвіка XІV; усé монархі пераймалі вэрсальскія звычаі; француская мова і пісьменства, францускія моды і звычаі панавалі ўсюдых. Парыж і Версаль зрабіліся сталіцамі сьвету.

5. Войны: бэльгійская (1667-1668); голяндзкая (1672-1678). Гэтая міравая слава не здаволівала Людвіка XІV; ён жадаў быць яшчэ заваявальнікам, да чаго, праўда, яго падахвочавала аслабленьне сухазéмных дзяржаваў, асабліва Гішпаніі. Ужо ў часе першае вайны мéўся ён, да нéчага прычапіўшыся, адабраць ад Гішпаніі Бельгію, але саюз Голяндыі, Англіі і Швэдзіі прымусіў яго ўстрымацца і здаволіцца толькі часткаю Фляндрыі (Ліль). Аднак, пасьля ўдалося Людвіку XІV разьбіць гэты саюз, перацягнуўшы на свой бок Швэдзію ды Англію, караля якое (Караля ІІ) ён падкупіў. Тады, перайшоўшы праз валаданьні нямецкіх князёў, згоды якіх яму ўдалося дабіцца, ён напаў на Голяндыю. Гэтая рэспубліка была саўсім безабароннаю: за час кіраваньня Яна дэ Віта яна саўсім ня дбала аб сухазéмным войску, займаючыся выключна разьвіцьцём і ростам марскога дзела. Нічога ня даў рады і голяндзкі марскі гэрой дэ Руйтэр, які ўславіўся ўдачна змагаючыся проці францускага ды англійскага флёту. Ужо войска Людвіка ХІV падыходзіла да Амстэрдаму, калі раптам у Газе узгарэлася паўстаньне. Разьюшаны народ забіў Яна дэ Віта і ягонага брата Корнэля. На чале ўраду стануў малады Вільгэльм ІІІ Оранскі, які да таго часу быў саўсім адсунуты ад урадаваньня.

Вільгэльм ІІІ Оранскі выратаваў край, раскапаўшы, па прыкладу свайго продка, грэблі і гэткім спосабам зрабіўшы немагчымым далейшы паход ворага. Адначасна ўдалося яму зрабіць з курфюрстам Брандэнбургскім, імпэратарам, Гішпаніяй ды іншымі — аружны саюз проці Людвіка XІV. Полымя вайны абхапіла ўсю Эўропу. У канцы Людвік XІV згадзіўся на мір у Німвэгене (1678), па якому за ўсё павінна была заплаціць Гішпанія, аддаючы Францыі частку Бэльгіі (Валянсьéн і г. д.) і Франш-Контэ.

Ад гэтага часу пыха і самавольства францускага караля ня мелі граніцаў. Знайшоў ён спосаб захапляць чужыя землі мірным шляхам. Ён устанавіў адумысловыя суды: Chambres de réunіon (суды для адбіраньня назад), заданьнем якіх было вышуківаць землі, што некалісь належалі да толькі што атрыманых ім провінцыяў; апіраючыся на пастановы гэтых судоў, ён адабраў у Нямеччыны і Гішпаніі шмат мéстаў і вёсак, а між імі - гэткае важнае места, як Страсбург (1681). Hіхто гэтаму не працівіўся. Але і апроч таго Людвік XІV, дзякуючы прадажнасьці некалькіх князёў Імпэрыі, гаспадарыў у значнай частцы Нямеччыны, быццам у сваім уласным краі. Таксама і ў Італіі пачуваў ён сябе гаспадаром і панам. Дрэнна даводзілася тэй італьянскай дзяржаве, якая адважалася не паслухаць ягоных загадаў. На Гéную, прыкладам, загадаў ён кінуць каля 14 тысяч бомбаў быццам за нейкую абразу; навет з папай ён абходзіўся, як з сваім васалем. Недалёка ўжо было да дыктатуры Людвіка XІV над Эўропаю.

6. Скасаваньне Нантскага эдыкту. (1685). Кольбэр, які ўперад палягчыў быў падаткі народу, ды паказаў яму дарогі да ўзбагачаньня, каб здабыць грошы на войны Людвіка XІV, быў прымушаны ізноў давесьці народ да галіты і памёр глыбока парушаны гэтым (1683). У Кольбэры Францыя страціла быццам свайго апякуна; кароль пад старасьць трапіў пад уплывы грубога Лювуа, езуіта Ля Шэз і біготкі, пані дэ-Мэнтэнон, з якою пазнаёміўся, як з вучыцелькаю дзяцей аднае з сваіх каханак, ды з якою пасьля ажаніўся. Гэтую зьмéну найцяжэй адчулі гугеноты. Ўжо даўно каталіцкае духавенства імкнулася да зьніштажэньня францускіх протэстантаў, а кароль прыхільна слухаў іхных намоваў.

З сьмерцяю Кольбэра, які шанаваў гугенотаў, як працавітых і старанных падданых, ды дзеля таго як мага іx бараніў, яны страцілі апошняга свайго абаронцу, і Людвік XІV распачаў поўнае зьніштажэньне таго, што зрабіў ягоны дзéд. Ад бацькоў адбіралі дзяцей, каб гадаваць іх пакаталіцку, не дапускалі гугенотаў да ніякіх урадаў і навет да рамёслаў, руйнавалі протэстанцкія зборы. Каб пераварачаць на каталіцтва, ня брыдзіліся ніякімі спосабамі. А найспрытней карыстаўся гэтымі спосабамі Лювуа; у протэстанцкіх дамох стаўляў ён на пастой драгунаў, дазваляючы ім чыніць усялякія гвалты.

У канцы Людвік XІV саўсім скасаваў Нантскі эдыкт (1685) і забараніў пад пагрозаю самых суровых караў адпраўляць хоць-якія протэстанцкія набажэнствы. Таксама і за эміграцыю пагражалі сьмерцяю або галерамі. Ня гледзячы на гэта, сотням тысяч гугенотаў удалося паўцякаць ад нялюдзкіх прасьледаваньняў і схавацца на чужыне; сваёй заможнасьцяй і ведаю яны памагалі ўзбагачаваньню чужых краёў, а Францыя ўсё гэта страціла.

7. Вайна ў Палятынаце[3] (1688-1697) і гішпанская вайна за спадчыну (1701 - 1714). У тым часе, калі край стаяў ужо перад поўным экономічным заняпадам, Людвік XІV гарачэй, чым калі, жадаў заваяваньняў. Ад іменьня свае братавае, княжны палятынацкае, ён дамагаўся Палятынату, дзе памёр бязьдзéтны курфюрст, і заняў гэты край. На гэты раз усé нямецкія князі згодна злучыліся каля імпэратара дзеля абароны Нямеччыны ад рабунку. Перад усім Людвіку XІV папсаваў яго пляны Вільгэльм Оранскі, які, дзякуючы рэволюцыі ў Англіі, заняў англійскі пасад. Праз Вільгэльма ІІІ Англія, Голяндыя, Гішпанія і Савойя ўвайшлі ў саюз з Немцамі. Лювуа, ня бачучы магчымасьці ўтрымацца ў Палятынаце, зьніштожыў засевы і спаліў месты - Шпэер, Вормс, Мангейм і Гэйдэльбэрг, а таксама шмат вёсак, каб ворагі знайшлі адны толькі руіны. Гэты барбарскі ўчынак даў пачатак тэй ненавісьці, якая пасьля дзяліла два суседнія народы: Французаў і Немцаў.

Выступаючы адначасна ў Нідэрляндах, над Рэйнам, у Італіі і ў Пірэнэях проці злучаных дзяржаваў Эўропы, Францыя яшчэ раз вельмі яскрава выказала сваю мілітарную сілу. Але францускія перамогі на сухаземлі зраўнаважыла няўдача на моры, якую пацярпеў францускі флёт ад злучанага англійскага і голяндзкага флëту каля мысу Ля Гог, у Нормандыі. У канцы, дзеля агульнага аслабленьня і зруйнаваньня, ваяваўшыя дзяржавы падпісалі мір у Рысьвіку (вёска каля Гагі), па якому Людвік XІV вярнуў назад усе свае заваяваньні, якія зрабіў пасьля Німвэгенскага міру, апрача толькі рэюньёнаў у Альзасе (Страсбург).

Людвік XІV згодзіўся на такія варункі міру толькі затым, што спадзяваўся за некалькі страчаных местаў нагарадзіць сябе здабыцьцём цэлае дзяржавы. З Каралём ІІ канчаўся род гішпанскіх Габсбургаў. Бурбоны і нямецкія Габсбургі былі ў роўнай меры блізкія гішпанскаму двару, ды мелі збольшага роўныя правы на гішпанскі пасад. Дзякуючы Вільгэльму ІІІ, які дзеля "эўрапэйскае раўнавагі" стараўся перашкодзіць таму, каб гішпанская монархія ў цэласьці дасталася аднаму дому, Людвік XІV адразу заявіў, што ён гатоў падзяліцца спадчынаю з Габсбургамі. Але, калі Кароль ІІ, нездаволены гэтым плянам падзелу ягонае монархіі, у сваім тэстамэнце назначыў сваім наступнікам Піліпа Анжу, ўнука Людвіка XІV, і яму ўсё адпісаў, Людвік XІV ужо не зьвяртаў увагі на свае папярэднія заявы і з трыумфам казаў: "Няма ўжо Пірэнэяў!"

Вільгэльм ІІІ падняў кінутую яму рукавіцу. Ён гэтак пакіраваў справу, што йзноў стварылася вялікая коаліцыя, у якую ўвайшлі Англія, Голяндыя, імпэратар Леопольд І, Прусія, Савойя і Португалія; мэтаю гэнае коаліцыі было перашкодзіць сусьветнаму панаваньню Бурбонаў. І йзноў закіпела вайна-адначасна ў Нідэрляндах, Нямеччыне, Італіі і Гішпаніі (1701-1714). Калі Вільгэльм ІІІ ў хуткім часе пасьля таго памёр (1702), яго наступнік у Голяндыі, Гэйнзіус, і галоўны правадыр англійскіх войскаў, князь Марльбору, вялі справу далей у тым самым кірунку. Шмат ім памагаў імпэратарскі ваявода, князь Аўгéн Савойскі, слаўны сваёю перамогаю над Туркамі. З тае прычыны, што баварскі курфюрст зрабіў хаўрус з Французамі, апошнім удалося ўварвацца ў глыбіню Нямеччыны. Тады Марльбору пасьпяшыў з Нідэрляндаў на помач да кн. Аўгéна, і яны разам крэпка разьбілі злучаныя баварскія і францускія войскі пад Гэхштэдтам, над Дунаем; Французы былі прымушаны уступіць.

Цяпер на Людвіка XІV пачалі сыпацца ўдар па ўдары. У самым краю, з прычыны голаду і рэлігійных прасьледаваньняў, узьнімаліся паўстаньні; з другога боку, ня было ўжо даўнейшых слаўных ваяводаў-ані Тюрэна, ані Кондэ, якія-б змагаліся з непрыяцелямі, а вэрсальская атмосфэра не магла ўзгадаваць гэтым ваяводам годных наступнікаў. Пасьля новае перамогі Марльбору пад Рамілье (1706) Людвік XІV страціў Бэльгію, а пасьля перамогі Аўгена Савойскага пад Турынам, у тым самым годзе, ён страціў Італію. А калі гэтыя ваяводы, злучыўшыся разам, блізка саўсім зьніштожылі францускае войска пад Удэнар, над Скальдаю, дык здавалася, што для Францыі надыйшла апошняя гадзіна. Людвік XІV, коручыся сваёй долі, хацéў ужо толькі аднаго: міру за ўсякую цану. Аднак, калі пераможцы зажадалі ад яго, каб ён збройна выступіў проці свайго ўласнага ўнука, які знайшоў сабé прыхільнікаў сярод Гішпанцаў і трымаўся ў Гішпаніі,-Людвік XІV зрабіў апошняе напружаньне, сабраў войска, і на гэты раз яму пашанцавала. Да таго-ж здарыліся і пэўныя палітычныя зьмены.

Калі памёр імпэратар Язэп І (1711), які гаспадараваў пасьля свайго бацькі Леопольда І, а брат Леопольда, архікнязь Кароль, якога правы на Гішпанію бараніла коаліцыя, стаўся насьле́днікам габсбурскіх краёў і імпэратарам Каралём VI, — коаліцыя развалілася. Князь Марльбору з прычыны прыдворнае інтрыгі страціў уплывы, і ў Англіі перамагла партыя, што хаце́ла міру. У месьце Утрэхце (ў 1713 г.) ўсе падпісалі мір, апрача аднаго толькі Караля VI, але й той пасьля не́калькіх ваенных няўдачаў на другі год таксама падпісаў мір у Раштаце для Аўстрыі і ў Бадэне для Імпэрыі (1715).

Рэзультатам усяé вайны быў падзел Гішпаніі, прычым найбольшая здабыча дасталася Бурбонам, ня гледзячы на ўсé іхнія няўдачы. Унук Людвіка XIV дастаў, як Піліп V, самую Гішпанію разам з колёніямі; імпэратар Кароль VI дастаў Бэльгію, Сардынію, Нэаполь і Лёмбардыю, а князь Савойскі, які ахвотна ўваходзіў у саюзы і заўсёды на гэтым меў не́йкую карысьць, дастаў Сыцылію і тытул караля, ды адгэтуль Савойскі дом стаў сьпірацца з Габсбургамі за перавагу ў Італіі. Англія затрымала занятую ў часе вайны крэпасьць Гібральтар, дый атрымала ад Францыі краі ў Амэрыцы над Гудзонскаю затокаю: Ньюфаўнленд і Новую Шкотляндыю, а апроч таго дастала шмат гандлёвых прывіле́яў. Брандэнбург разам з Усходняй Прусіяй быў прызнаны за Прускае Каралеўства. Голяндыя атрымала гэтак пажаданы бар’е́р ад Францыі ў відзе бельгійскіх прыгранічных крэпасьцяў, дый мела тую карысьць, што Бэльгія была сьціснута з боку гандлёвага; аднак, ад гэных войнаў Голяндыя гэтак аслабе́ла, што пастанавіла болей ніколі не мяшацца ў вялікую эўрапэйскую палітычную барацьбу.

8. Канец Людвіка XIV (1715). Незадоўга пасьля таго памёр Людвік XIV на 72-м годзе свайго панаваньня. Здабыў ён для свайго роду новую дзяржаву (Гішпанію), дый Францыю павялічыў на некалькі значных провінцыяў, але за тое пакінуў яé ў бязвыхадным палажэньні. Дзяржаўныя даўгі дайшлі да вялізарных разьме́раў; марское дзе́ла, гандаль, прамысловасьць, адным словам усё блізка, што стварыў Кольбэр, — развалілася; край быў спустошаны, а народ страшэнна згалеў.

Шмат хто перасьцерагаў Людвіка XIV. Адважны біскуп Фэнэлён яшчэ перад вайною аб гішпанскую спадчыну ў самых гострых словах прарочыў рэзультаты гэтых войнаў і заваяваньняў. Навет менш адважны Расін падаў каралю мэморыял аб агульнай галіце́ і аб спосабах яé зьніштажэньня, а стары Вобан, апрача свае́ вайсковае дзейнасьці, напісаў даволі вялікую кнігу аб цяжкім палажэньні народу. Аднак, дрэнна даводзілася таму, хто адважаўся гаварыць праўду сапсаванаму лёсткамі каралю. Фэнэлён і Расін былі выдалены з двара, кнігу Вобана спалілі. Духоўнае разьвіцьцё ў Францыі ў часы Людвіка XІV наагул замёрла. Свабода-гэта галоўны варунак разьвіцьця літаратуры, навукі, мастацтва, і ніякая апека, ніякія пэнсіі для пісьменьнікаў, вучоных і артыстаў яе не заменяць.

Так сама, як вялікія ваяводы і міністры, паўміралі і вялікія песьняры, вучоныя і артысты, не пакідаючы пасьля сябе наступнікаў. Людвік XІV памёр апошнім спаміж людзей свае эпохі, будучы адзінокім, засмучоным, чуючы праклёны сабе ад свайго народу.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. Armand du Plessіs Rіchelіeu.
  2. Парлямэнтаў (гэтак называлі не законадаўчы збор, але найвышэйшы суд) было у апошнія часы 13 у розных местах Францыі. Была старая традыцыя, што каралеўскія загады рабіліся правамочнымі толькі пасьля таго, як яны запісаны ў пратакол парлямэнтаў. Апіраючыся на гэтым, парлямэнты, асабліва-ж парыжскі, прысвоілі сабе права адмовы ўпісаньня непажаданых для іх загадаў, ці прынамся права рабіць увагі да гэтых загадаў (рэмонстрацыі). Дужыя ўладары, як Гэнрык ІV, ці Рышэлье, ня вельмі зварачалі на гэта увагу і рабілі, як хацелі. Аднак, пры слабейшых валадарох парыжскі парлямэнт зрабіўся значнай палітычнай сілай-і гэта тым больш, што становішчы ў гэтых парлямэнтах зрабіліся куплянымі і спадчыннымі, так што сем'і, якія мелі гэтыя становішчы, былі асобным відам шляхты, ад судзьдзёўскае тогі называвае: "Noblesse d'Robe", каб адрозьніць яе ад "Noblesse d'Epée", даўнейшага ваеннага стану.
  3. Так называлася гэрцогства Пфальц.