Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Піліп II, Нідэрлянды і Альжбета англійская

§ 6. Каталіцкі рух у пэрыадзе рэформацыі. § 7. Піліп II, Нідэрлянды і Альжбе́та англійская
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 8. Гугеноцкія войны і Гэнрых IV францускі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 7. Піліп ІІ, Нідэрлянды і Альжбета Англійская.

1. Піліп ІІ (1558-1598). Прыкладам рымска-каталіцкага гаспадарства была Гішпанія, калыска інквізіцыі і езуітызму. Хаця і там рэформацыя знайшла сабе прыхільнікаў, але яна не зачапіла народных масаў. Аўто-да-фэ, паленьне на вогнішчы ўсялякіх гэрэтыкоў, як прыкл. протэстантаў, Жыдоў, Маўраў і г. д., было самай прыемнай і популярнай забавай для гішпанскага народу.

Фанатызмам народу праняліся і ягоныя валадары. Кароль V, які дзеля палітычных прычын іграў у Нямеччыне ролю чалавека памяркоўнага, у сваіх спадчынных краëх выдаў гэткія жорсткія законы проці гэрэтыкоў, што, як кажуць, за час ягонага панаваньня ў адных толькі Нідэрляндах сьцяты, спалены і пахаваны жыўцом 50.000 чалавек. Ягоны сын, Піліп ІІ, быў якбы уасабленьнем гішпанскага рэлігійнага фанатызму. Гэта быў пануры, замкнёны ў сабе дэспот, як здавалася, пазбаўлены ўсякіх людзкіх пачуцьцяў; навет адзінага свайго сына, Дон-Карлёса, хаця той, праўда, быў калекім і фізычна і моральна, Піліп ІІ кінуў у вастрог, дзе той і загінуў. Ён пагарджаў правамі народаў, ад яго залежных, і кіраваў імі з сваіх палацаў у Мадрыце і ваколіцах яго жалезнай сілай сваёй волі. Нямілых сабé грамадзян, на якіх ня было правамочнага прысуду, ён зьніштажаў патаёмнымі забойствамі. Бязупыннымі войнамі ён марнаваў кроў і дабро сваіх падданых; але, ня гледзячы на ўсё, Гішпанцы славілі яго, як другога Салямона. Славілі за тое, што вельмі шанаваў Царкву, хаця часамі ўмеў спыняць залішне вялікія яе дамаганьні, і за тое, што недаверкаў прасьледаваў з заядлай лютасьцяй. Увесь час падганяў ён інквізіцыю да больш энэргічнае дзейнасьці-і свайго дабіўся: у некалькі гадоў зьнішчаны былі на Пірэнэйскім паўвостраве ўсé сьляды протэстанцтва.

Побач з рэлігійным фанатызмам Піліпа ІІ ішла яго бязьмежная амбіцыя. Заваяваць увесь сьвет сваімі войскамі і флётамі, на ўсю Эўропу узьдéць ярмо Рыму і Гішпаніі, — вось што было мэтаю ўсяе яго дзейнасьці. Аднак, нельга сьпірацца, што рабіў ён гэта ўсё з перакананьнем, што, як яму здавалася, рабіў дзеля дабра залежных ад яго народаў, дзеля славы дынастыі, вéлічы Гішпаніі і большае славы Божае. Як усé крывавыя дэспоты, ён быў падазрэнны і ня верыў нікому, а каб спаўняць свой абавязак - на яго пагляд сумленна, ён сам усюдых даглядаў і, будучы чалавекам досіць марудным, хістаючымся, нерашучым, адкладаў свае пастановы надоўга, а без пастановаў гэтых нічога нельга было пачынаць. Ня маючы размаху і адважнае ініцыятывы, ён сваёй маруднасьцяй няраз шкодзіў самым памысным рэзультатам сваіх уласных пачынаньняў. Яго-ж дэспотызм і няздольнасьць лічыцца з выпадкамі ўціскалі ўсé яго краі і сталіся прычынаю іх упадку.

Піліп ІІ быў самым магутным монархам сваей эпохі[1]. Ад часу войнаў паміж Францішкам І і Каралём V гішпанскія войскі славіліся, як непераможныя; марская-ж магутнасьць Піліпа выявілася ў бліскучай перамозе, якую меў ягоны брат Дон-Хуан д'Аўстрыя над туркамі пад Лепанто (1571).

Апроч усяго гэтага, шчасьлівая доля аддала ў рукі Піліпа адзінае гаспадарства, якое-б магло конкураваць з гішпаніяй, як марская і колёніяльная сіла: Португалію. Малады кароль гэтае стараны, Сэбастыян, гадунец езуітаў, поўны рэлігійнага запалу, пайшоў крыжавым паходам на Мароко, прайграў генэральную бітву і згінуў бяз весьці. Бліжэйшых наступнікаў па ім не асталося, і дзеля таго Піліп ІІ, які праз матку быў сваяком португальскага дому, абвéсьціў свае прэтэнсіі на Португалію. Аднак, Португальцы не хацелі аб гэтым і слухаць. Тады ён выслаў у Португалію войскі пад камандаю кн. Альбы, які гэты край заваяваў (1580).

Ад гэтага часу яшчэ большыя заморскія абшары падлягалі яго ўладзе. Як Усходняя, так і Заходняя Індыя засыпалі яго сваімі скарбамі. Нейкі час ён, як муж Марыі, дадаваў сабе ўжо і тытул караля Англіі. Пасьля-ж яé сьмерці ён стараўся ўмацаваць сваю ўладу на Брытанскіх астравох, сьпярша просячы рукі Альжбеты, а калі тая яго адкінула, дык дамагаючыся яé аружнай сілай. Вабіла яго і валаданьне Францыяй, якую руйнавала гострая хатняя вайна; наймацнейшая партыя тамака перахілялася на яго бок. Але ні адно з гэтых прыгожых лятуцéньняў ня споўнілася. Заместа таго, каб панаваць над сьветам, дажыўся Піліп та часіны, калі ўласнае ягонае гаспадарства пачало развалівацца, калі адзін з найлепшых краёў гішпанскае кароны, даведзены да адчаю ягонай тыраніяй, аружна здабыў сабе незалежнасьць.

2. Нідэрлянды. Першыя узварушэньні. Кароль V зьвязаў у палітычную суцэльнасьць 17 слаба між сабою зьвязаных бургундзкіх провінцый, г. зв. Бургундзкі вокруг. Гэта былі цяперашнія Голяндыя і Бэльгія. Паўночныя прыморскія провінцыі былі гандлёвыя і прамысловыя. Насяленьне, што там жыло, Фляманды, Голендры і Фрызы, належалі да германскага пляменьня. Паўднёвыя сухаземныя провінцыі былі найбольш земляробскія; жылі там Валёны, народ гальска-романскага пляменьня.

Апрача Італіі больш нідзе ня было гэтак густа разложаных, людных і цьвітучых местаў, як у Нідэрляндах. Нідэрляндзкія порты мелі вялікае значэньне, бо, дзякуючы свайму палажэньню, былі пасрэднікамі ў гандлю Паўночы з Паўднём і Усходу з Захадам. У Антверпэн прыбывалі з таварамі з усіх часьцін сьвету Португальцы, Гішпанцы, Італьянцы, Французы, Англійцы, Немцы, Данцы і Швэды. Гаварылі, што там за адзін месяц рабілася больш інтарэсаў, чым у Вэнэцыі за два гады. Сухазéмныя мéсты цьвілі дзякуючы высока разьвітай прамысловасьці, асабліва-ж дзякуючы такім вырабам, як сукны, артыстычна робленыя абіцьці і г. д.; а ўсюдых пышныя цэрквы, ратушы і іншыя будоўлі казалі аб заможнасьці нідэрляндзкага мяшчанства. Кожная провінцыя, кожнае места мелі асобныя правы і вольнасьці. Кожнай провінцыяй кіравалі г: зв. провінцыяльныя штаты, зложаныя з прадстаўнікоў розных мясцовасьцяў. А над усімі провінцыямі стаялі генэральныя штаты, зложаныя з прадстаўнікоў провінцый, але залежныя ад найвышняе ўлады монарха. Пры Каралю V монаршую ўладу прадстаўляла яго сястра, Марыя, угорская каралева; апроч таго, над провінцыямі стаялі намесьнікі, якіх назначаў імпэратар, пры рэгéнтцы-ж была рада, гэтак сама назначальная, незалежная ад Рады Гаспадарства, у каторай засядалі нідэрляндзкія паны.

Кароль V, які радзіўся ў Гандаве, лічыў сабе Нідэрляндцам, ды гэтак сама думалі аб ім і ў Нідрляндах. Хаця-ж ён і ціснуў усé праявы рэформацыі і, як толькі мог, абмежаваў вольнасьці ды прывілеі, быў ён, аднак, вельмі популярным сярод Нідэрляндцаў. З другога боку, разважны кароль V, калі ня йшло аб рэлігійныя справы, сьцярогся выяўляць свае абсолютыстычныя пляны ў адносінах да Нідэрляндаў, бо з гэтага краю ён меў вялікія даходы.

Нідэрляндцы былі вельмі нездаволены, калі, пасьля зрачэньня пасаду Караля V, іхні край перайшоў пад уладу Піліпа ІІ, якога яны ўжо наперад зьненавідзелі, як Гішпанца. Становішча рэгенткі ў Нідэрляндах заняла сястра Піліпа ІІ, Маргарыта, кн. Пармская, па матцы-Нідэрляндка; гаспадарыла яна памяркоўна і разумна. Піліп ІІ, бяручы ўладу, урачыста прысягнуўся, што правы Нідэрляндцаў будуць забясьпечаны; але ад самага пачатку ён ужо мяркаваў, каб як іх здушыць, каб Нідэрлянды, як і ягоныя гішпанскія ды італьянскія землі, слухаліся яго самаўладзтва. Апрача таго, ён з гнéвам заўважыў, што сярод гэтага інтэлігентнага і рухавага народу, ня гледзячы на законы проці гэрэтыкоў, устаноўленыя ягоным бацькам, кальвінская рэформацыя пашыраецца і ўсё больш узмацоўваецца. Вось ён і дамагаўся, каб рэгéнтка самымі жорсткімі спосабамі зьніштажала гэрэзыю.

Але на крывавыя наказы абураліся навет каталікі. Найвышэйшыя-ж урадоўцы краю спаміж Нідэрляндцаў, як Вільгэльм Насаў, прынц Оранскі, граф Горн і Лямораль гр. Эгмонт, якія, будучы дзяржаўнымі раднікамі і нямéсьнікамі ў найважнейшых провінцыях, дапамагалі Маргарыце ў кіраваньні краем, прасілі Піліпа ІІ мéць літасьць для народу і перасьцерагалі, што рэпрэсіі могуць мець вельмі непажаданыя рэзультаты. У адказ на гэта Піліп загадаў сястры, каб дзейнасьць інквізіцыі была яшчэ больш узмоцнена і каб кожнага ўрадоўца, які ня рупіцца аб спаўненьні процігэрэтыцкіх законаў, выдалялі са службы.

Тады энэргічнейшае баярства (шляхта) стварыла саюз проці інквізіцыі. За некалькі месяцаў саюзны дакумэнт падпісалі 2000 баяраў бяз розьніцы вызнаньня. Вясною 1566 г. трыста саюзных коньнікаў урачыста ўéхалі ў Брюссель і падалі рэгентцы пэтыцыю, у якой была просьба спыніць прасьледаваньні. Адзін з раднікаў Маргарыты сказаў пафранцуску (гэта была прыдворная мова ў Брюссэлі), што яна „хіба-ж ня будзе баяцца гэтых жабракоў" (gueux). Опозіцыя прыняла гэтае апошняе слова за назоў сваёй партыі, і ў хуткім часе па ўсім краю разнёсся кліч: "няхай жывуць жабракі!" Гэтак утварыўся партыйны назоў „гéзы", які называлі сябе ўсе Нідэрляндцы, змагаючыся за волю.

Выступленьне шляхты прымусіла Маргарыту спыніць прасьледаваньні; у рэзультаце-ж гэтага кальвіністы пачалі вольна зьбірацца. На жаль, нарадамі ды набажэнствамі справа ня скончылася. У Антвэрпэне фанатычная маса ўварвалася ў катэдру і разбурыла ўсё ў ёй у сярэдзіне: алтары, конфэсіяналы, статуі, вітражы, абразы. Большасьць гэтых прадметаў станавіла цэнныя памяткі старасьвецкага мастацтва; гэтак зроблены быў запраўды вандальскі ўчынак. Неўзабаве разбураны былі творы мастацтва ва ўсіх цэрквах і капліцах Антверпэна. Рух гэты пашырыўся па ўсім краі, сéючы ўсюды спусташэньне. Злосьць, выяўленая пры гэтым, робіць уражэньне, што масы хацелі на няжывых прадметах памсьціцца за нязьлічоныя ахвяры рэформацыі.

3. Альба у Нідэрляндах. Даведаўшыся аб рэволюцыйным руху ў Нідэрляндах, Піліп ІІ прысягнуў, што пакарае бязбожнікаў так, як яшчэ таго сьвет ня бачыў. Хаця Маргарыта пры помачы кн. Оранскага, Эгмонта і Горна вярнула парадак, цяжка пакараўшы вінавайцаў і ўчасьнікаў руху, Піліп ІІ ўсёж выслаў у Нідэрлянды лютага ворага гэрэнтыкоў, кн. Альбу, на чале лепшае гішпанскае арміі, каб зрабіць сьмяротны ўдар рэлігійнай і палітычнай вольнасьці краю. Альба мéў загад зьніштожыць усіх, хто будзе сьпірацца проці новага парадку, а перадусім трох найбольш популярных раднікаў гаспадарства: кн. Оранскага, Эгмонта і Горна.

Апошнія нічога не маглі навет падазраваць аб тым, што іх чакае. Толькі кн. Оранскі, мéўшы дасьведчаньне ў дворскіх інтрыгах ды ўжо папярэджаны аб плянах Піліпа ІІ, стараўся пераканаць сваіх прыяцеляў аб небясьпецы, якая ім пагражала, і падгаварыць іх да аружнага адпору, або да ўцёку. Але ўсё было надарэмна. Эгмонт, добры каталік, не пачуваў за сабою ніякае віны; памятаючы свае заслугі для Піліпа ў часе апошняе вайны з Французамі, ён не хацеў ісьці супраць караля і паверыць у ягоную нясумленнасьць. Гэтак сама думаў і Горн. На саюз гéзаў нельга было рахаваць, бо апошні рэволюцыйны рух проці абразоў аддаліў ад яго каталікоў. Дык мусіў кн. Оранскі ўцякаць з краю, Альба-ж без перашкод увайшоў у Брюссэль. Супакоіўшы асьцярожнасьць Эгмонта і Горна пачэсным прыняцьцем, ён загадаў арыштаваць іх на сходзе дзяржаўнае рады. Далей устанавіў ён спэцыяльны суд для караньня гэрэтыкоў і агітатараў, назваўшы яго: "радай непарадкаў", - народ-жа назваў яе "крываваю радаю". Адзін з судзьдзяў заявіў, што усé Нідэрляндцы заслужылі сабе шыбеніцу: адны за тое, што бурылі абразы, другія-ж за тое, што гэтаму не перашкаджалі. Гэтага прынцыпу і трымалася "крывавая рада". Што дня выдаваліся і спаўняліся прысуды сьмерці: вешалі, саджалі на кол, сяклі галовы ды палілі няшчасных Нідэрляндцаў. На Ратушовым пляцу ў Брюссэлі сказьнілі Эгмонта і Горна, як вінных у абразе маестату; выданы быў таксама прысуд і на няпрысутнага кн. Оранскага.

Сотні тысяч Нідэрляндцаў паўцякалі з бацькаўшчыны; гандаль і прамысловасьць замерлі, як-бы ў часе пощасьці.

Надарэмна стараўся кн. Оранскі разам з братамі сваймі на чале наёмных войскаў, сабраных у Нямеччыне, вызваліць ад ворагаў нешчасьлівую бацькаўшчыну; пераважаючыя сілы Альбы прымусілі яго адступіць.

Ламаючы загварантаваныя правы провінцыяў, Альба ўстанавіў новыя падаткі: кожны грамадзянін краю павінен быў заплаціць сотную частку сваей маемасьці; апрача таго пры кожнай прадажы нярухомасьці трэба было плаціць двадцатую частку вартасьці, а ў гандлю-дзесятую частку цаны праданага тавару.

Дагэтуль большая часьць насяленьня моўчкі цярпела ярмо тэрору. Аднак, гэтыя шалёныя падаткі, якія ляглі роўна на ўсіх бяз розьніцы веры, ды зьніштажалі дабрабыт краю, выклікалі агульны адпор.

Альба ўжо зьбіраўся загадаць новыя рэпрэсіі, калі прылучыліся падзеі, на якія ён быў прымушаны зьвярнуць большую ўвагу.

4. Вадзяныя гéзы ў Брызлі; аблога Лéйдэна (1572—1574). Тысячы Нідэрляндцаў уцяклі ад прасьледаваньняў Альбы на мора. Адтуль яны імсьціліся над Гішпанцамі, нападаючы, як корсары, на іхнія караблі. Падтрымліваў і падахвочаваў іх нязмораны кн. Оранскі. Даўгі час гэтыя вадзяныя ці марскія гéзы знаходзілі сабе бясьпечны прытулак у англійскіх портах, аж пакуль каролева Альжбета, якой з гэтае прычыны пагражала вайна з Альбаю, не закрыла для іх усé свае порты. Прыціснутыя голадам, гéзы захапілі малы голяндзкі порт Брыэль, і ўсе стараньні Альбы выкінуць іх адтуль былі дарэмныя.

Здабыўшы такім спосабам пункт апоры, паўстаньне, як маланка, пашырылася ў Голяндыі, Зэляндыі і ўсіх іншых паўночных провінцыях, дзе кальвінізм запусьціў моцныя карані. Вільгельм Оранскі зьвязаўся з паўстанцамі, а тыя прызналі яго за адзінага правамочнага намесьніка Піліпа ІІ; яны хацелі тады яшчэ рабіць від, што выступаюць ня проці Піліпа, але проці Альбы. Ня гледзячы на свае жорсткасьці, Альба ўжо ня мог усьмірыць паўстаньня, і Піліп ІІ яго адклікаў. Адыходзячы, Альба хваліўся, што за час свайго ўрадаваньня ў Нідэрляндах ён пазбавіў жыцьця 18.000 гэрэтыкоў, ня лічучы яшчэ вялікшае лічбы пазабіваных яго жаўнéрамі ў бітвах, за малыя правіны дый проста дзеля ўласнае прыемнасьці.

Наступнік Альбы, Гішпанец Рэквэзэнс, абяцаў, што бунтаўніком будзе ўсё даравана, калі зракуцца сваіх вольнасьцяў і веры. Але за што-ж тыя змагаліся? Дык і далей адбываліся крывавыя бітвы. Рэквэзэнс з сваймі дазнанымі Гішпанцамі перамагаў кн. Оранскага ў адкрытым полі; але грамадзяне паўстанскіх местаў давалі яму такі адпор, што ён быў вельмі зьдзіўлены. Перад маім прыбыцьцем, пісаў ён да караля, не разумеў я, скуль бунтаўнікі могуць узяць такія значныя флëты, тады як Вашая Каралеўская Міласьць ня можа сабраць ні аднаго. Відаць, людзі, якія змагаюцца за сваё жыцьцё, сваю ўласную хату і за сваю фальшывую веру, адным словам, за сваю ўласную справу, здаволіваюцца толькі харчамі, а платы не патрабуюць".

Найпрыгажэйшым прыкладам гэройства можна лічыць самаабарону места Лéйдэна, якое было абложана вялізарнай сілаю Гішпанцаў. У абложаным месьце панавала страшэнная бяда, тысячы паміралі з голаду і пошасьці, а Вільгэльм Оранскі ня мéў сухазéмнага войска, каб даць помач. Тады голяндцы раскапалі грэблі, што баранілі нізкія берагі ў ваколіцах мéста ад марскіх хваляў. Але некалькі тыдняў вéцер дзьмуў у другі бок і стрымліваў мора. Урэшце кірунак ветру зьмяніўся, хвалі акеану зашумелі на палёх і сенажацях, а па іх прыплылі да места караблі гéзаў. У марскіх хвалях, ды ў бітве загінула 15.000 Гішпанцаў. Места Лейдэн было выратавана, а ў нагароду за сваю вытрываласьць атрымала унівэрсітэт, які зараз-жа быў адкрыты сярод ваеннае завірухі.

У хуткім часе пасьля гэтага Рэквэзэнс памёр, а гішпанскія войскі, не дастаючы платы, збунтаваліся і зрабілі шмат злачынстваў у Антвэрпэне і іншых местах, якіх павінны былі бараніць. Тады і паўднёвыя, найбольш каталіцкія провінцыі, абураная гэтым, далучыліся да паўстаньня. Надарэмна гэрой Лепанта, Дон-Хуан д'Аўстрыя, прабаваў замяніць сабою Рэквэзэнса; скора пасьля свайго прыезду ён памёр ад пошасьці. Хадзіла погаласна, што ён быў атручаны па загаду Піліпа ІІ, які зайздраваў свайму брату; магчыма, што гэта і няпраўда, але вельмі добра характарызуе думку, якую мелі аб Піліпе ягоныя сучасьнікі.

5. Унія ў Утрэхце (1579). Сьмерць кн. Оранскага і ўпадак Антвэрпэна (1584—1585). Наступнікам Дон-Хуана назначыў Піліп ІІ свайго пляменьніка Аляксандра Фарнэзэ, кн. Пармскага, сына Маргарыты. Гэта быў адначасна і знамяніты ваявода, і дыплёмат, спрытны і бяз сумленьня. Ён вельмі добра патрапіў скарыстаць з няпрыхільнасьці каталіцкага паўдня Нідэрляндаў да протэстанцкае паўночы і намовіў частку провінцыяў адлучыцца ад паўстаньня. Гэтым провінцыям ён суліў палітычныя вольнасьці, жадаючы ад іх толькі зьніштажэньня протэстанцтва.

Тады паўночныя штаты, па думцы кн. Оранскага, зьвязаліся між сабою яшчэ мацней. Прадстаўнікі паўночных провінцыяў, сабраўшыся ў Утрэхце, падпісалі Унію, значыць, зачэпна-адпорны саюз на ўсé часы дзеля барацьбы проці ўсякіх агранічэньняў вольнасьці краю. У працягу двух гадоў Унія формальна адабрала ад Піліпа ўладу, абвяшчаючы, што ён яé страціў праз сваю тыранію. Гэтак заложаны былі асновы Рэспублікі Злучаных Нідэрляндаў (1579).

Піліп добра разумеў, што душою паўстаньня быў нязмораны Вільгэльм Оранскі, і дзеля таго назначыў нагароду за ягоную галаву — 25 тысяч каронаў, ды йшчэ за гэты пачэсны ўчынак абяцаў даць шляхоцтва. Пяць замахаў не ўдаліся; за шостым разам забраўся да кн. Оранскага Бургундзец Жэрар, якога намовілі ягоныя спавядальнікі і Аляксандар Фарнэзэ, і застрэліў Вільгельма з пісталету. Такім чынам нягодная прагавітасьць ды шалёны фанатызм прыгатавалі сьмерць для чалавека ў высокай мéры толерантнага. Спрыяючы кальвіністам уперад праз спогад, пасьля дзеля перакананьня, Вільгэльм Оранскі ніколі не дабіваўся панаваньня гэтае сэкты і вымагаў ад сваіх кальвінскіх прыхільнікаў, каб шанавалі перакананьні і каталікоў, і лютаран, і анабаптыстаў.

Для Нідэрляндцаў сьмерць кн. Оранскага была неўзваротнаю стратаю. Паўднёвыя месты, якія датуль верна трымаліся пры Уніі, цяпер адно па адным пераходзілі да Фарнэээ. Урэшце здаўся і Антвэрпэн — пасьля гэткае знамянітае абароны, што роўнае ёй ня знае гісторыя. Францыя і Англія, да якіх зьвярнуліся паўстанцы, выслалі па троху войска, ды без карысьці: чужаземныя ваяводы ігралі роль валадароў здабытага краю, а проці Гішпанцаў нічога не маглі зрабіць і толькі павялічавалі бязладзьдзе і нязгоду. Піліп лічыў, што паўстаньне задушана, і ўсю сваю ўвагу зьвярнуў у іншы бок.

6. Марыя Стюарт (+ 1587). Непераможная армада (1558). З таго часу, як Альжбета адмовілася выйсьці замуж за Піліпа ІІ, і ў Англіі ўмацавалася протэстанцтва, гэтак жорстка прасьледаванае ў гішпанскіх краёх, — паміж монархамі кіпела глухая, але заядлая ўзаемная ненавісьць. Альжбета саўсім адкрыта падтрымлівала Нідэрляндцаў грашыма і войскам. Не задумалася навет перад тым, каб зрабіць рыцарам адважнага корсара Францішка Драку, які даў пачатак цэламу раду англійскіх гэрояў мора, за тое, што аб'ехаў навакола сьвету і, нападаючы на гішпанскія караблі, сабраў багатую здабычу. Піліп-жа завязаў зносіны з яшчэ даволі чысьленымі англійскімі каталікамі, а таксама і з найбольш небясьпечнаю непрыяцелькай Альжбéты, Марыяй Стюарт[2]. Гэтая апошняя дзеля свайго вялікага хараства і сілы духа ў нядолі, што яе спаткала, абудзіла спачуцьцё сярод сваіх сучасьнікаў і ў патомных пакаленьнях; на гэтае спачуцьцё бязслаўнае жыцьцё яé можа і не заслужыла. З роду яна была наступніцай шкотляндзкага (шкоцкага) трону, праз замужства з Францішкам ІІ сталася каралевай Францыі, а як найбліжэйшая сваячка і наступніца Марыі Тюдор у вачох каталіцкага сьвéту, які не прызнаваў правоў Альжбеты, дачкі няпрызнанае Рымам жонкі Гэнрыка VІІ, Ганны Боляйн, Марыя Стюарт дамагалася і тытулу каралевы Англіі. Узгадаваная ў лёгкадумных абставінах францускага двара, яна пасьля раньняе сьмерці свайго мужа пераехала ў Шкотляндыю, заняла там трон, ды спадзявалася пры гішпанскай ці францускай помачы скінуць з трону Альжбету.

Але ўжо з самага пачатку яе караляваньня выявілася нязгода паміж монархіняй і народам. Бо Шкоты толькі што прынялі кальвінізм, каралева-ж была гарачай каталічкаю, дык і ня было паміж імі ўзаемнае веры. Няпрыхільнасьць народу да каралевы яшчэ павялічылася з прычыны яе лёгкамыснага жыцьця. Прыехаўшы у Шкотляндыю, яна выйшла замуж за свайго сваяка, лёрда Дарнлея, але ў хуткім ужо часе з ім павадзілася. Аднаго дня Дарнлéй у парыве гневу на вачох у Марыі забіў даверанага яе сакрэтара, Італьянца Річчіо, патаёмнага пасланца папы. Памстуючы за каралеву, другі вяльможа, Ботвэль, забіў Дарнлея. Крыху пазьней Марыя выйшла замуж за забойцу свайго мужа. Гэты ўчынак каралевы абурыў увесь народ. Марыю скінулі з пасаду і выбралі рэгенцыю, якая гаспадарыла ад іменьня бязьлетняга сына Марыі, Якуба, як будучага караля. Самую-ж Марыю навет пасадзілі ў вастрог, але яна адтуль уцякла ў Англію; дык-жа і ў Англіі Альжбéта загадала так сама пасадзіць яе ў вязьніцу.

Англійскія каталікі ўвесь час рабілі змовы проці Альжбéты і ўмаўляліся з яе ворагамі заграніцай, каб звольніць Марыю і пасадзіць яé на англійскі трон. Протэстанцкую большасьць народу палохала самая думка аб гэтакай зьмéне ўлады, бо яшчэ саўсім сьвежая была памяць аб каталічцы Марыі Тюдор. Альжбета ненавідзела і баялася Марыі Стюарт. У канцы, пасьля даўгіх гадоў вастрожнага жыцьця, Марыя была пакарана сьмерцяй, як здрадніца краю і ўчасьніца змовы на жыцьцë Альжбеты (1587).

Піліп ІІ гарэў помстай. Ужо з даўных часоў ён гатаваўся да высадкі з войскам у Англіі. Урэшце з Ліссабону выплыў флëт, якога яшчэ акеан ня бачыў. Назваў яго Піліп ІІ Вялікай Армадай, або Непераможнаю; было ў ім 130 лінейных караблёў нязвычайнае велічыні з 3000 гарматаў, 10.000 матросаў і 20.000 выбраных жаўнераў, з якімі разам éхаў таксама генэральны вікары інквізіцыі з 170 езуітамі. У Нідэрляндах Аляксандар Фарнезэ прыгатаўляўся высадзіцца ў Англію з 30.000 жаўнераў.

Альжбета ня мела ані войска, ані флëту, якія маглі-б ходацца з гішпанскімі; але матар'яльныя сілы замяніў запал і ахвярнасьць народу. Усё мужчынскае насяленьне было паклікана ў войска, а гандлёвыя караблі абернены ў ваенныя. Першы раз Англійцы паказалі ўсяму сьвéту сваé здольнасьці да марскога дзела. Тады, як іхнія натуральныя саюзьнікі, Голяндцы, пілнавалі князя Пармскага (Фарнэээ), каб ён ня змог крануцца ў Англію, Англійцы адважна напалі на Гішпанцаў, як тыя ўяжджалі ў Канал. Пад кіраўніцтвам гэткіх правадыроў, як Драке, на малых, лёгкіх, рухавых і спрытных суднах, яны зрабілі гэткае бязладзьдзе і спусташэньне сярод нязграбных гішпанскіх асілкаў, што гішпанская каманда не магла й думаць аб тым, каб высадзіцца ў Англіі. Навет выбрацца з Каналу, каб вярнуцца ў Гішпанію сваёй дарогаю, аказалася немагчымым. Пастанавілі дзеля таго варочацца кружнаю дарогаю, каля шкотляндзкіх узьбярэжжаў; па дарозе, аднак, страшная бура зьніштожыла блізка ўвесь непераможны флëт, і толькі рэшткі яго вярнуліся ў Гішпанію. У рэзультаце гэтага паходу на Англію Піліп ІІ меў такую страту: 72 вялікіх караблёў, сьмерць 20.000 людзей і выдатак поў міліярда франкаў.

7. Голяндцы ў Індыі. Канец барацьбы за незалежнасьць (1609). Нідэрляндцы гэтак былі рады з перамогі Англіі, як-бы гэта была іхняя ўласная перамога.

Праз некалькі гадоў памёр самы небясьпечны вораг Нідэрляндцаў, кн. Пармскі; ён здалеў выратаваць для Гішпаніі толькі паўднёвыя провінцыі Нідэрляндаў, якія ад таго часу стварылі асобную суцэльнасьць пад назовам Бэльгіі. Калі кн. Пармскаму не ўдалося споўніць усяго свайго заданьня, дык у гэтым шмат вінен Піліп ІІ. Не ўважаючы на няўдачу з Англіяй, ён мяшаўся да хатніх войнаў у Францыі і два разы высылаў туды кн. Пармскага з найлепшым войскам з нідэрляндзкіх гарнізонаў. Голяндцы-ж у Морыцу Оранскім, сыне Вільгэльма, знайшлі йзноў выняткова здольнага ваяводу; ён вызваліў паўночныя провінцыі, ды навет адбіў ў Гішпанцаў некаторыя паўднёвыя мясцовасьці.

Але найбольш стратаў мела Гішпанія на моры. Па акеане бязупынна снавалі англійскія ды голяндзкія корсары і давялі колëніяльны гандаль Гішпаніі да поўнага ўпадку. Раз навет так здарылася, што англійска-голяндзкая флëтыльля ўварвалася ў гішпанскі порт Кадыкс, затапіла гішпанскі флёт, які там тады знаходзіўся, ды зрабавала і спаліла гэнае багатае места.

Найцяжэйшая доля спаткала Португалію, якая супроць свае волі была зьвязана з Гішпаніяй. Піліп ІІ зачыніў доступ у Ліссабон для Голяндцаў, якія да таго часу вывозілі з гэтага порту індыйскія тавары. Тады Голяндцы надумаліся, што яны і самі могуць чарпаць з усходня-азіяцкае скарбніцы-без пасрэднікаў. Вялікія мораплавальнікі Барэнц і Гемскерк шукалі новае дарогі ў Індыю праз Паўночнае мора, уздоўж берагоў Скандынавіі ды Сыбіру, але дабраліся толькі да Шпіцбэргену. А Корнэль Гутман скіраваўся па дарозе, па якой звычайна плавалі Португальцы, і паказаў сваім родзічам дарогу ў Індыю (1595). У 1602 годзе аканчальна наладзілася вялікая голядзка-індыйская компанія, якая засела на востр. Яве і адтуль адразу-ж распачала змаганьне з Португальцамі.

Ня споўніліся лятуцéньні Піліпа ІІ аб панаваньні над сьветам. Памёр ён, страціўшы ахвоту да жыцьця, змучаны хваробаю, пасьля 40-гадовага панаваньня, якое было для яго адной паласою няўдач і мучэньняў для ягоных падданых.

У часы Піліпа III, наступніка Піліпа ІІ[3], у вольных Нідэрляндцаў быў адабраны апошні, добра ўмацаваны надморскі пункт у Бэльгіі, Остэндэ. Удалося гэта Гішпанцам толькі пасьля 3-х гадовае аблогі; абарона Остэндэ была ня менш упартаю, вытрывалаю, чым абарона Лейдэну і Антвэрпэну. Аднак, вялізарныя страты, якія мела Гішпанія і злучаныя з ëю краі ад марское вайны, ды ўсё ўзрастаўшыя грашовыя клапоты прымусілі Піліпа ІІІ зрабіць замірэньне на 12 гадоў з зьненавіджанымі „бунтаўнікамі", пры чым мусіў ён прызнаць іхнюю незалежнасьць (1609). Але, як гэты час прамінуў, вайна ізноў пачалася, і толькі на Вэстфальскім міры (1648)[4] Гішпанія аканчальна і формальна прызнала незалежнасьць Злучаных Нідэрляндаў.

8. Расцьвет Голяндыі. Вызваленыя Нідэрлянды, называныя таксама Голяндыяй ад імя сваёй найдаўнейшае провінцыі, прадстаўлялі рэспубліканскі саюз штатаў (гаспадарстваў). Найвышэйшая ўлада належыла сходу прадстаўнікоў паасобных провінцыяў, г. зв. Генэральным Штатам (гл. вышэй). Аднак, Моры Оранскі, як намесьнік 5-х провінцыяў і галоўны ваявода сіл сухазéмных і марскіх, займаў выдатнае становішча. Гэты чалавек, хоць і пераняў таленты свайго бацькі, ды не пераняў ягоных цнотаў, і дзеля таго рэспубліканцы непакоіліся аб сваю вольнасьць. На чале іх стаяў адважны Ольдэнбарнэвэльт, які, побач з кн. Оранскім, найбольш папрацаваў дзеля здабыцьця незалежнасьці Голяндыі. Узьняліся партыйныя звадкі, загостраныя рэлігійнымі спрэчкамі. Армініус, профэсар Лейдэнскага унівэрсітэту, выступіў супроць прэдэстынацыі. Скліканы ўмысна дзеля гэтага паміжнародны кальвінскі сабор разьвязаў справу ў духу Кальвіна і зганіў навуку Армініуса, як гэрэтыцкую. Морыц, карыстаючыся з ненавісьці народу да армініянаў, дабіўся казьні старога Ольдэнбарнэвэльта за спогад гэрэзіі. Вялікага вучонага Гроціуса, прыяцеля і прыхільніка Ольдэнбарнэвэльта, прысудзілі на дажывотнюю вязьніцу, з якое яму, аднак, удалося ўцячы.

Гэтыя партыйныя звадкі паўтараліся ўвесь час, аж пакуль ня скончыліся поўнай перамогаю кн. Оранскіх, якія, як спадчынныя намесьнікі ўсіх провінцыяў, здабылі сабе блізка што монаршую ўладу.

Ня гледзячы на гэтыя ўнутраныя звадкі, Голяндыя бязупынна йшла наперад. У хуткім часе марская магутнасьць Португальцаў саўсім разьвéялася; месца Португаліі заняла Голяндыя. Чым была некалісь Гоа, тым цяпер стала Батавія. Голяндцы занялі край Лукі Добрае Надзеі ў Афрыцы, пасяліліся таксама ў Амэрыцы, дзе зрабілі пачатак вялікае мэтрополіі Новага Сьвéту, закладаючы Новы Амстердам, які цяпер называецца Новым Ёркам (Нью-Ёрк). Яны-ж адсунулі Ганзу ад гандлёвых зносін з усходняй Эўропай, а Італьянцаў выперлі з Леванту; адным словам, ня было галіны гандлю і мораплаваньня, якой-бы яны не апанавалі.

У Амстердам, які зрабіўся наступнікам Вэнэцыі, Ліссабону і Антверпэну, сьцякаліся багацьці ўсяго сьвету, і праз увесь XVІІ вéк рэспубліка над Зюдэрзээ была бязумоўна найважнейшым гаспадарствам марскога гандлю на зямлі. Удзяржаньне такога становішча было галоўнаю мэтаю дзейнасьці ўсіх дзяржаўных мужоў і законадаўцаў Голяндыі; гэта ад іх навучыліся монархі, што трэба рупіцца ня толькі аб ваенную славу ды аб рэлігію сваіх падданых, але таксама аб асновы іхняга дабрабыту, аб гандаль, прамысловасьць і земляробства.

Побач з матар'яльным расцьвéтам ішоў і разумовы, якому шмат памагло тое, што Голяндыя, згодна з духам тварца яе незалежнасьці, Вільгельма Оранскага, давала прытулак усім вызнаньням і спосабам думаньня.

Калі скончылася армініянская спрэчка, у Голяндыі настаў час агульнае і шырокае толеранцыі. Гэты край быў адзіным ува ўсéй Заходняй Эўропе, дзе кожная думка магла быць выказана ці вусна, ці пісьмом. У Голяндыі знаходзілі сабе прытулак усé прасьледаваныя ў іншых краёх байцы за ідэю, і адтуль разыходзіліся па сьвеце "забароненыя" друкі на ўсіх мовах. Гэта там жыў Барух Сьпіноза († 1677), якога сям'я ўцякла з Португаліі ад грознае інквізіцыі, філёзоф-пантэіст, і пісаў няўмірушчыя свае творы, прызнаныя за гэрэтыцкія ўсімі вызнаньнямі таго часу. У голяндзкіх унівэрсітэтах навучалі найлепшыя профэсарскія сілы, а Лейдэнскі універсітэт нейкі час лічыўся самым слаўным у Эўропе.

Цьвіло і мастацтва, асабліва-ж малярства, у якім быў створаны асобны кірунак, называны голяндзкаю школаю; ён адзначаецца рэалізмам у прадстаўленьні цела людзей, выбарам тэмаў для сябé з штодзéннага жыцьця і краявідамі.

Найвыдатнейшымі мастакамі нідэрляндзкага малярства (як у вольнай рэспубліцы, так і ў гішпанскіх валаданьнях) былі: Рэмбрандт († 1664), Рубэнс († 1640), Ван-Дэйк († 1641), Руісдаль († 1682).

9. Англія ў часы Альжбéты. Зьніштажэньне вялікае Армады было зваротным пунктам у гісторыі Заходняе Эўропы. Разам з ёю згасла зорка Пірэнэйскага паўвостраву, а заясьнела зорка паўночна-заходняе Эўропы. Расла і ўзмацоўвалася Англія, ды рабілася небясьпечным конкурэнтам Голяндыі. Англія пачала ўжо высылаць караблі ў Усходнюю Індыю і залажыла Усходня-Індыйскую Компанію, якая пасялілася ў Азіі (1606), але спачатку, раўнуючы да голяндзкае, мéла невялікае значэньне. Ужо Вальтэр Рэлей, выдатны дзяржаўны дзеяч у часы Альжбеты, зварачаў увагу свайго грамадзянства на забытую Паўночную Амэрыку. У 1588 г. ён зрабіў першыя крокі дзеля колёнізацыі прастору, які сам назваў Віргінія (г. зн. дзявочы край) на чэсьць свае каралевы, якая асталася дзéўчынай. Апроч гэтага, у Англіі моцна разьвівалася горнае дзéла і прамысловасьць. Усюдых у часы Альжбéты пачалі зьяўляцца зародкі будучае марское і колёніяльнае магутнасьці Англіі, ды расцьвету яé гандлю і прамысловасьці.

Альжбета, на выгляд зьменная і капрысная, запраўды была вельмі вытрывалаю, калі дабівалася сваіх мэтаў. Яна зайздросна пілнавала сваёй улады ды імкнулася да заўсёднага росту сваé магутнасьці; вельмі спрытна ўмела яна лічыцца з інтарэсамі краю, з грамадзкаю думкаю і сваёю ўласнаю популярнасьцяю. Вельмі гаспадарная і сьціпная, яна ўмела абхадзіцца без надзвычайных выдаткаў, аб якіх пастанаўляў парлямэнт; дзеля гэтага яна праз шмат гадоў ня склікала парлямэнту, а склікаўшы рашуча адкідала разгляд яе асабістых ды сямéйных спраў, а таксама і царкоўных пытаньняў. На упрашаваньні і прадстаўленьні Палаты Грамадаў яна звычайна пад канец уступала і дзеля гэтага мела вялікую популярнасьць. Ад змаганьняў на сухаземлі яна трымалася здалёк, але ўмела выкарыстываць для сваіх мэтаў пануючыя там адносіны.

10. Упадак Гішпаніі ў часе апошніх Габсбургаў. Яскравым контрастам да расцьвéту Голяндыі быў экономічны і політычны ўпадак Пірэпэйскага паўвостраву.

Вялізарнае награмаджаньне ў Эўропе дарагіх мэталяў, якія прывозіліся з Новага Сьвету, выклікала з аднаго боку спадак цаны на золата і серабро, а з другога боку значнае падвышэньне яé на тавары. Гэты крызіс перад усім і найцяжэй зачапіў Пірэпэйскі паўвостраў, асабліва-ж Гішпанію.

Піліп ІІ нéяк сказаў, што лепей хацеў-бы панаваць над жабракамі, чым над гэрэтыкамі. Згодна з гэтым прынцыпам, сын яго Піліп III (1609) выдаліў з краю ўсіх Морыскаў, значыць, патомкаў тых Маўраў, якія некалісь, яшчэ ў часы Фердынанда і Ізабэльлі, пад грозьбаю мяча і вогнішча прынялі хрысьціянства. Цяпер іх высялілі таму, што інквізіцыя падазравала іхнюю прававернасьць, а спаліць адразу на вогнішчах міліён з лішкам людзей было немагчыма. І вось міліён самае рацавітае, стараннае люднасьці, якая толькі і ўтрымлівала, ня гледзячы на цяжкія варункі, земляробства ў цьвітучым стане, быў змушаны назаўсёды пакінуць бацькаўшчыну.

Гэты факт толькі ясьней паказаў ненормальнасьць тых парадкаў, якія ўстанавіліся яшчэ за Піліпа ІІ і Караля V, але ня былі відочны, бо блеск іхняе палітычнае сілы закрываў сабою расклад і экономічны ўпадак. Караля V падтрымлівалі экономічныя багацьці Нідэрляндаў. Піліп ІІ ўжо толькі дакладаў да Нідэрляндаў-на усьмірэньне непакорнага іх насяленьня. Бязупынныя каштоўныя войны, інквізіцыя, ашуканствы і злоўжываньні ўрадоўцаў-усё гэта забірала вялізарныя сумы. Золата, наплываўшага з Новага Сьвéту, далёка не хапала на ўсе гэтыя выдаткі да таго-ж, з прычыны павышэньня цэнаў і малое мясцовае продукцыі, золата толькі пабольшавала экономічны ўпадак насяленьня. Гаспадарственыя даўгі расьлі і дайшлі да цыфры, якое датуль нябывала. Урад ратаваўся тым, што накладаў усё больш і больш цяжкія падаткі. Пры ўсіх тагачасных варунках гэты спосаб толькі зьнеахвочаваў насяленьне да працы, ды навет рабіў яе немагчымаю.

З краю выяжджалі ня толькі Морыскі; прагавітасьць і бяда прымушалі людзей або эміграваць за мора, або запісавацца ў войска. Край пусьцеў. Земляроб кідаў зямлю, а paмесьнік-варштаты. Цэлыя месты рабіліся бязлюднымі, вёскі абярталіся ў руіны.

Португалія, Неаполь і Сыцылія знаходзіліся можа яшчэ ў горшым палажэньні, а Бельгія была хіба толькі сваім цéнем. Даволі сказаць, што Антверпэн у працягу паўвéку ня бачыў у сябе гандлёвых караблёў.

Нейкі час яшчэ вялікая мінуўшчына адбівалася ў цьвітучай літэратуры і мастацтве. Лёпэ дэ Вэга, які, як кажуць, праз сваё жыцьцё напісаў 20 міліёнаў радкоў вершаў, і Кальдерон, князь кастыльскіх паэтаў, узбагацілі гішпангішпанскую літэратуру і тэатр даўгім радам цэнных паэтычных драмаў. Маляры Вэляскéз і Мурыльё лічацца аднымі з найлепшых у сваёй галіне мастацтва. Але інквізіцыя памалу здушыла і гэты духоўны расцьвéт; усё насяле́ньне гэтак угразла ў сонным гультайстве і нявуцтве, што проста трудна паверыць. Каля 1700 г. ўва ўсёй Гішпаніі ня было эдукаванага доктара, але затое было там аж 9000 мужчынскіх манастыроў, добра абстаўленых і надзе́леных, — жаноцкіх-жа манастыроў было яшчэ больш. Затое ўсякую працу, вымагаючую якое-небудзь вышэйшае эдукацыі і інтэлігенцыі, выпаўнялі чужазе́мцы. Два апошнія Габсбургі: Піліп IV і Кароль II — з іх недалужнасьцяй і зводным, забабонным клерыкалізмам прадстаўляюць вернае адбіцьцё і сымболь упадку ўсяе монархіі. Пры іх Гішпанцы страцілі і сваю даўнейшую ваяцкую славу.

У 1640 г. Португалія скінула з сябé ненавіснае ярмо Гішпанцаў і абвесьціла сябе незалежным гаспадарствам пад уладаю дому Браганца. А Францыя бязкарна захапляла адну па аднэй гішпанскія прыгранічныя провінцыі, і толькі зайздрасьць іншых гаспадарстваў стрымала яе ад далейшых захватаў.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне (Кароль V).
  2. § 5. Рэформацыя ў Англіі. Генэалёгічная табліца дому Тюдораў.
  3. Дом Габсбургаў у пэрыодзе рэформацыі.

    Максіміліян I (жанаты з Марыяй Бургундзкай)
    |
    Піліп І (кароль Кастыліі: жанаты з Іоаннай, дачкой караля Арагоніі, Фердынанда, і каралевы Кастыліі, Ізабэльлі)
    |
    Кароль V (І)
    кароль гішпанскі
    (1516-1556)
    імпэратар
    (1519-1550)
    |
    Піліп ІІ, наступнік краёў
    гішпанска-бургундзкіх
    |
    Ізабельля. Піліп ІІІ
    |
    Піліп ІV

    Фэрдынанд.
    кароль Вэнгрыі і Чэхіі (ад (520).
    Наступнік аўстрыяцкіх краёў.
    Імпэратар (1550-1564)
    |
    Максіміліян ІІ.
    Рудольф II. Мацей,
    Альбэрт, муж
    Ізабельлі Гішпанскай.

    Фэрдынанд
    тырольскі

    Кароль штырыйскі

    Фердынанд ІІ

    Фердынанд ІІІ

  4. § 9. Трыдцацёхгадовая вайна.