Сучасныя матывы беларускай лірыкі (Ігнатоўскі)
Сучасныя матывы беларускай лірыкі Артыкул Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1921 год Крыніца: Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, № 2 |
(Я. Журба).
Апошнія надзеі сусьветнай вялікай рэвалюцыі закранулі і Беларусь. Гарамычная, працоўная, ня ведаўшая куды ёй ісьці і што рабіць, яна зараз глядзіць на хуткалятучае жыцьцё шырока адчыненымі вачыма. Пралетарска-сялянскія беларускія клясы, каторыя раней ня былі крычасны да жыцьцёвага сьвята, зараз прачнуліся і выйшлі на творчую дарогу. Усё гэта павінна было адзначыцца і адзначылася на тых лірычных творах, которыя зьяўляюцца час ад часу ў радкох нашай прэсы. Гэтыя творы афарбованы ў новыя тоны, якіх раней не прыкмячалася. Новы палітыка-сацыяльны настрой яўна адчуваецца ў тым, што выходзіць з пад пяра беларускіх лірыкаў нашага жывога, творчага часу.
Вось перада мною невялікі лік вершаў маладога песьняра Я. Журбы. Вершы раскіданы па аднаму, па два, па тры на старонках «Савацкай Беларусі», але яны аб'яднаны адным настроем, адною ідэяю жывой, кіпучай працы, пралетарска-сялянскай творчасьці.
Малады пясьняр — сын беларускай працоўнай вёскі. Дзесь — у далёкім кутку Беларусі раскінулася родная вёска песьняра. Па ўзгорку лепяцца хаткі з бярозкамі, каля іх і з зялёнымі садкамі. Каля вёскі разьлягліся родныя загоны. Тут і хата, дзе калісь радзіўся пясьняр, узгадаваўся, узмацаваў свае сілы і вучыўся жыці... Але зараз у песьняра застаўся толькі ўспамінак аб вёсцы, аб хатцы. Жыцьцё адарвала яго ад вёскі, зрабіла пралетарыем, і ён зараз ёсьць прадстаўнік гэтай пралетарскай клясы і яе інтарэсаў... Яго ліра і струны гэтай ліры — пралетарскія.
«Грыміце, як буры, пяруны,
Мае пралетарскія струны»!
Струны пралетарскай ліры клічаць пад чырвоны сьцяг усясьветнай сацыяльнай рэвалюцыі ўсе працоўныя масы рабочых, сялян чырвонаармейцаў. Усе яны павінны выйсьці на барацьбу з векавечнымі ворагамі працоўных масаў, іх эксплёататарамі. Але справа ня толькі ў фізычнай барацбе, ва узброенай барацьбе. Трэба стаць на дружную працу, каб будаваць будынак новага жыцьця. І праца йдзе ў добрым радасным настрою. Згінуў сум, зьявіліся сьвятлістыя, новыя творчыя думкі. Цемра векавочная згінула, і асьвятліўся абшар многапакутнай Беларусі. Там, дзе раней панавала сумная песьня эксплёатуемага раба, дзе песьняры толькі нылі і скардзіліся, зараз нясецца новая радасная песьня, клічачая да творчай працы і поўная веры ў лепшую будучыну.
«Чырвоны золак загарэўся,
І згінуў хутка мрачны сум,
І шмат з душы цяпер ліецца
Сьвятлістых новых творчых дум...
Над шматпакутнаю старонкай,
Дзе чулася адно выцьцё,
Нясецца кліч да творчай працы,
Лунае новае жыцьцё.
Я цьвёрда веру, край мой родны,
Што возьмеш верх ты над цямрой,
І праўда, веданьне і брацтва
Ўжо запануюць над табой».
Пралетары пясьняр кліча да дружнай супольнай працы рабочага і селяніна. Яны павінны разам працаваць у гэты гарачы час рэвалюцыйнай творчасьці. Працоўныя масы абкружаны злымі ворагамі, каторыя робяць усё, каб разьбіць гэту дружную працу і каб утварыць ёй размаітыя перашкоды. І паратунак пралетарска - сялянскай Беларусі толькі ў згоднай, супольнай працы пралетарыя-рабочага з паўпралетарыем-селянінам. Недарма яны разам сталі пад чырвоным сьцягам, недарма чырвоным гэрбам іх гаспадарства зьяўляюцца молат і серп.
«Гэй, рабочы нелядачы!
Шчыра ты працуй;
Час прышоў для вас гарачы,
Краю долю куй!
Селянін разам з табою
Зьнішчыць заняпад.
Йдзеце-ж к працы грамадою.
Жыцьцё пойдзе ў лад.
Недарэмна серп і молат
Наш чырвоны гэрб».
У сучаснай цяжкай працы першым павівен ісьці пралетары-рабочы. Ён больш вытрывалый, ён больш зарганізаваны. Ён больш разумее ўсю сьпешнасьць работы і вялікія заданьні яе.
«Дык гэй! Наперад ты, рабочы,
З вясёлай песьняй, грамадой.
Ўздувай ты горн і куй, як сіла,
За справу працы цьвёрда стой!»
За пралетарыем пойдзе да працы і селянін. Раскіданы па глухіх куткох працоўнай Беларусі, пакрыты дагэтуль векавечнай цемраю і закуты ў ланцугі няволі, ён думаў да апошніх часоў, што яго паратунак у дробнай уласнасьці, у дробнай гаспадарцы. Але мінулы час павінен быў пераканаць яго, што не ратуе яго маленькая, дробная ўласнасьць, што яна не прыносіць тэй карысьці, як гаспадарка аб'яднаная, калектыўная. І пясьняр-пралетары, сам выйшаўшы з вёскі, сам бачыўшы, як ратуе селяніна яго дробная гаспадарка, кліча яго да камуны, каторая прынясе сялянству тое, чаго не магла прынясьці і не прынясла дробная гаспадарка.
«Кідайце смутак і сяляне.
Цяпер прад вамі вольны шлях.
Дык, брацьце, йдзеце вы камунай
Хутчэй да працы на палях».
Трэба кінуць смутак, каторы застаўся, як перажытак мінулых цяжкіх гадоў і сталецьцяў. Досыць сьлёз і енку! За работу працоўныя масы Беларусі! Вас чакае адбудова зруйнованых хат і патаптаных палёў. Толькі супольнасьць, толькі еднасьць палепшаць жыцьцё. Ня трэба марнаваць часу, бо вораг ня так далёка. Ён пагражае, але ня трэба лякацца яго пагрозаў. Трэба толькі ўпарта працаваць і гэтым узмацніць уладу рабочых і сялян, царства радаў.
«Гэй, супольна з песняй куйце
Сваё шчасьце, не адзів.
На губляйце, не марнуйце
Гэтых дарагіх хвілін.
Карчаваць сьпяшыце ляды
І зразаць ўсе дзерваны.
Узмацуйце царства рады
Ў нетрах вашай стараны.»
Пясьняр глыбока любіць сваю працоўную бацькаўшчыну, любіць і свайго брата-беларуса, бо ëн не эксплуататар. Глыбока спачувае ён яму, абяздоленаму, цёмнаму, забітаму непасільнай працай на пана і капіталіста. Адарваны ад родных ніў, лясоў, балотаў свайго роднага краю імпэрыялістычнаю вайною, пясьняр з далёкай чужыны сачыць за тым, што там робіцца, як ідзе там пралетарска-сялянская рэвалюцыя. І дачуўся ён, што там ужо няма «яснавяльможнага» пана, капіталіста, што там будуецца гаспадарства пралетарска-сялянскай беднаты. Шле пясьняр сваёй Савецкай краіне шчырае, радаснае прывітаньне з далёкай чужыны.
«І забілась сэрца моцна
Радасна ў мяне,
Што ачнулася старонка
Мрак дзе панаваў,
Што народ заварушыўся,
Голас свой падаў,
Што ён скінуў путы рабства
І к сьвятлу ідзе,
Гымны волі, гымны працы
Весела пяе;
Што ў руках трымае моцна
Свой чырвоны сьцяг
І рухае цьвёрдым крокам
Ён на новы шлях»
Любячы сваю працоўную Савецкую бацькаўшчыну і радуючыся яго палітычна-сацыяльнаму вызваленьню, пясьняр не замыкаецца сваімі пачуцьцямі і думкамі ў яе сьціслых межах. Ён перакананы ў тым, што толькі тады забясьпечана шчасьлівая доля пралетарыя і селяніна Беларусі, калі сацыяльная рэвалюцыя пройдзе вольным крокам па ўсіх старонах сьвету, калі ўсясьветный пралетары адваюе свае працоўныя правы. Нацыянальны настрой песьняра зьліваецца з інтэрнацыянальным настроем. Ён зьвяртаецца да сваіх пралетарскіх працоўных струнаў з прызывам, каб яны грымелі на ўвесь сьвет, склікаючы на вялікую барацьбу ўсясьветных рабочых.
«Грыміце-ж, як буры, пяруны,
На ўвесь сьвет, працоўныя струны!
Ўсясьветных рабочых слікайце
І сьвет з ланцугоў вызваляйце!»
Сваю моц пясьняр знаходзіць не ў індывідуальным настрою. Яго моц у тым, што ён ёсьць прадстаўнік вялікага «мы», вялікай працоўнай клясы. Яго ліра сьпявае аб гэтым «мы», і затым яна так голасна і моцна сьпявае. Прышла да творчасьці новая кляса, кляса працоўнай беднаты. Гэта яна сьпявае ліраю свайго песьняра. Прышла яна з чырвонай далі, пакрытая пылам, потам і крывёю. Яна ўтварыла ўсе фабрыкі і заводы, білася спрадвеку за сваë вызваленьне, загартавала сваю моц у барацьбе з вялікай бурай і зараз ніхто і нішто ня ўстрымае яе руху. Клясавая «мы» складае моцны бязьлікі хаўрус, вялікую камуну работнікаў і кліча
ўсіх на барацьбу.«Ня чуем у працы змардаваньня.
Мы сіла грамады бязьлікай
Ваякі працы і змаганьня,
Сябры камуны мы вялікай.
Прышлі — й магутнымі рукамі
Будуем тут палац вялікі.
Змагацца хто пасьмее з намі?
Хаўрус наш моцны і бязьлікі.»
Працоўны народ — гэта раскуты Промэтэй. Затрашчэлі і рассыпаліся са звонам ланцугі, каторыя дагэтуль моцна трымалі яго. І выйшаў ён на шырокі шлях барацьбы, помсты і творчасьці.
«Парваў навек ты ланцугі пакуты,
Нясеш аб сьветлай волі гучны клік.
На дзіва дзіўнае усім народам
Зьявіўся ты — магуч, вялік.
Цябе я сёньня ўсюды бачу,
Промэтэй наш родны.
Хай ведае аб гэтым цэлы сьвет.
Ў шумлівых гарадох і ў ціхіх вёсках
Твой скрозь відаць чырвоны сьлед.»
Даволі, мне здаецца, гэтых радкоў, каб бачыць асноўны напрамак і дух паэзіі маладога песьняра Я Журбы. Гэта — пясьняр наш. Пралетарскія струны яго ліры сьпяваюць нам аб тым, што датыча нашага рэвалюцыйнага жыцьця. Яго бодры і радасны прызыў да творчасьці зробіць свою справу. Пажадаем маладому песьняру, каб матывы яго творчасьці не пакідалі яго і далей, каб яго праца была такою самаю пладавітаю, якой ён жадае для свайго краю. Гэтым пажаданьнем песьняра мы і скончым свой нарыс:
«Хай-жа хутка йдуць грамадай
Сейбіты твае
І кідаюць жменяй поўнай
Зерняты свае.
Хай насеньне ў вольным краю
Дасьць свой моцны плён,
Хай ўзрастае край мой мілы,
Хай красуе ён!»
Праф. У. Ігнатоўскі.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.