Сучасны мамент
Сучасны мамент Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 14 лістапада 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына). |
Падзеі адбываюцца з галавакружачай шпаркасцю. На дзевятым месяцы волі Расія, апанаваная руйнуючым агнём анархіі, апынулася ў становішчы новай рэвалюцыі, новага змагання. Улады няма. Ніхто не пэвен сёння, што здарыцца заўтра. Дзяржаўная машына круціцца, тарахціць, як дашчэнту сапсаваны гадзіннік. Разлад расце, разбухае і шырыцца. Разгойданыя хвалі грамадскага руйнавання захлынулі сабою ўсё людское жыццё.
Восем месяцаў волі прайшлі ў бязглуздым распальванні злосці, восем месяцаў патрачана на палоханне контррэвалюцыяй. У класавай нянавісці, у руйнаванні здабыткаў рэвалюцыі бачылі мэту рэвалюцыі, ядынае заданне, патрэбу і ратунак дэмакратыі. У цёмныя, забітыя, поўныя гневу масы шпурлялі, як пылаючыя махнушы, лозунгі і заклікалі не да працы, не да творчай работы, а на руйнаванне народам здабытага грамадскага дабра. Расійская дэмакратыя, пад сцягам каторай адбываліся ўсе падзеі рэвалюцыйнага часу, як бы адчуваючы ўласнае бяссілле, мэрам наўмысля, толькі тое і рабіла, каб спраўдзіць словы: хоць дзень, але мой. Ясна, што з цэнтра ратунак не прыйдзе. Украінцы, Сібір, малдаване і ўсе іншыя арганізаваныя народы Расіі парвалі зносіны з цэнтрам і горача ўзяліся за грамадзянскае адбудаванне кожны паасобку. Адна Беларусь маўчыць, толькі яна чагось жджэ, на штось спадзяецца. Усе народы Расіі з жахам адхіснуліся ад таго, што робіцца ў Петраградзе, адна Беларусь не можа парваць з заразным і безнадзейна хворым арганізмам. Прыступіць да захавання свайго краю ад загібелі — яшчэ не значыць аддзяліцца, і беларускаму грамадзянству пара кінуць старыя забабоны і нябаўна пачаць працу па адбудаванню свайго краю коштам уласных сіл і заходаў. Гэтага вымагае ад нас сучасны мамент, дабрабыт, росквіт і доля нашай айчыны; да гэтага валае нас патрэба ўласнага захавання і страх перад тым горам, слязьмі і грамадзянскім заняпадам, што чакаюць нас у будучыні, калі ў свой час не ўжыць патрэбных заходаў. Гэты час настаў, гадзіна дванастая прабіла...
Анархічная зараза, нахлынуўшая на нас з цэнтра, ахапіла ўвесь наш край ад краю да краю. Штодня прыносяцца жахлівыя весткі — што пагромы, гвалт і руйнаванне разліліся па ўсёй шырокай Беларусі. Панскія маёнткі, лясы, сядзібы, усё грамадскае дабро паліцца, крышыцца, нішчыцца або псуецца на вякі. Гіне скарб, пустошыцца край, гарыць народнае дабро. І хто ж дасць ратунак нам, як не мы самі? Хто дапаможа нам, калі кожан затурбован сабой? Украіна гасіць пажар сама і цераз мора бушуючага агніска падае нам раду ўласнага ратавання.
Вялікая Беларуская Рада — айчына ў небяспецы! На сцені Белай Русі паўстаў покліч айчыны: паўстаньце ўсе, як адзін — ратуйце свой край ад згінення!