Сцэнічныя творы (Колас, 1917)/На дарозі жыцця

Антось Лата На дарозі жыцця
П’еса
Аўтар: Якуб Колас
1917 год
У электронным варыянце выданьня не хапае апошніх старонак твора. Іншыя публікацыі гэтага твора: На дарозе жыцьця.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тарас Гушча.



НА ДАРОЗІ
ЖЫЦЦЯ.


Асобы:

Кабета.

Дзяўчына.

Васіль, сын кабеты.

Падарожны.


Тарас Гушча.

НА ДАРОЗІ ЖЫЦЦЯ.


(Шырокі шлях. Дарогі і сьцежкі распоўзаюцца ва ўсе бокі. Пасярод дарогі стаіць стары сагнуты крыж. Збоку чарнея высокі лес. Па шляху калі-ні- калі праходзяць падарожныя. Вечарэя, ноч паволі апускаецца на землю. На шлях ціха выходзіць жаночая постаць).

Кабета. (Азіраецца вакруг). Якоі-ж дарогі трымацца цяпер? У які бок пайсьці?.. І ногі мае адняліся… Дзе-б прысесьці? (садзіцца на прыдарожны камянь). Адзначыў мне Бог Сьвяты ў адвечнай кнізі жыцця вялікае горо. У сваёй нязьмернай добрасьці і справядлівасьці асудзіў Ен мяне на доўгае-доўгае блуканне. Божэ! ці будзе калі канец майму бадзянню, маёй паняверцы і зьневазі? [цяжка ўздыхае]. І ні памятую ужо, калі выйшла я на гэту дарогу пакуты, пагарды, зьневагі [нізка схіляе голаў, доўга і моцна задумываецца]. Сказаў мне Бог Сьвяты, што тагды толькі скончыцца мая дарога пакуты, толькі тагды я выйду на прасторную пуціну і пазнаю радасьць доўгажаданнаго сапачынку посьля труднай дарогі, калі пазьбіраю я дзетак сваіх. Дзе-ж вы, мае дзеткі? Пакінулі вы мяне і разышліся па сьвеці, а я хаджу, шукаю вас, каб зноў сабраць вас у адну сямейку. [Углядаецца на дарогу]. Там ідуць. Ідзе пара, мабыць жаніх са сваёю маладою… Ах, як хораша яны убраны! Як яны молады і прыгожы… [Пільна углядаецца, другім голасам]. Што гэта? Ці ні абманываюць мяне мае старыя вочы? Як падобен гэты паніч да майго Васіля!.. Божэчка! ды гэта-ж мой Васіль! Гэта — ён, ён! [Кідаецца да яго]. Васіль! Васіль! Сонейко маё!

Дзяўчына. Ах, Божэ! Якая мілая старушка і як яна бедна! Вася! гэта твая маці?

Васіль. [У замешанню]. Адступіся, старая, ні стой на дарозі! [Ласкавей]. Ты абмылілася, старэнькая: я ні ведаю цябе.

Маці. Васілька, Васілёчак! Ты зірні мне у вочы, зірні, саколік, хоць адзін мамэнцік. Падымі твой капялюшык: на галованцы тваёй над праваю броўкаю ёсьць маленькі шрамок. Помніш, Васілёк, ты маленькім бегаў па лаве, аступіўся, скінуўся на землю і упаў галованькай на чэрапок, с катораго елі мешаніну куры. (Працягае руку, каб зьняць капялюш).

Васіль. [Хапае за руку]. Прэч рукі, шалёная кабета! Ты забрудзіш мне капялюш. Чаго прывязалася, старая? Прыстань да багатаго — ён больш дасьць табе! [Дастае партманэт, вымае срэбраную манэтку] На, вазьмі старая, і ідзі з Богам!

Маці (хавае назад рукі). Я ні жабрачка, сынок, і ні прашу у цябе міласьціны. Я на цябе ўсё аддала: набытак свой і здароўя ні шкадавала свайго, каб вывясьці цябе у людзі. Ты унь якім стаў прыгожым панічом і хочэш адкупіцца срэбраным кружком! (Закрывае рукамі твар і ціха плача].

Дзяўчына. За што ты пакрыўдзіў сваю бедную матку?

Васіль. Я ні знаю яе, гэта проста жабрачка.

Дзяўчына. А пакажы свой шрам?

Васіль. (Ні даецца) Мала якіх шрамоў можна знайсьці у чалавека?

Дзяўчына. (Строга глядзіць на Васіля. Вочы яе робяцца халоднымі, злымі, поўнымі зневажэння) Вы — пусты, нікчэмны і дрэнны чалавечак! Мне брыдка за часы нашаго знаёмства. Ты пасаромяўся твае беднае маткі, ты ні пасаромяўся людзей, ні пабаяўся Бога, ты плюнуў у твар сваёй мацяры. Да каго ж ты падобян цяпер? Ты падобян, выбачай, да тэй свінні, што, наеўшыся жалудоў, стала лычам рыць карэнні таго дуба, на каторым вырасьлі яны. Але я рада гэтаму здарэнню пазнаць тваю істоту, і мы больш ні знаёмы! (Адварачываецца да Васіля сьпінаю, ідзе да кабеты).
Ні плачця, мілая! Я ведаю, вам цяжка і горка чуць тое, што пачулі вы ад сына. [Васіль, апусьціўшы галаву, ідзе далей]. Фальшывы стыд быў прычынаю ўсяго… Ведаеця што: вы утаміліся, вы галодны — пойдзем да мяне! Цяпер ноч, адпачынеця і пойдзеця сабе даляй. А то засталіся б жыць са мною. Я тут нідалёка, — ў сяле у школцы.

Кабета. [Абнімае дзяўчыну]. Дзякуй табе, прыгожая красочка. Вяліка мая дарога, і рано мне сапачываць. Мне трэба спешацца.

Дзяўчына. [хітра] А ведаеце, што я вам скажу? Вы пойдзеця да мяне, к вам і Васіль прыдзе, набачыця, прыдзе!

Кабета (сумна) Не, красуня мая: ні да мяне прыдзе Васіль, а да цябе. А я твае, галубка, ахвяры ні хочу, бо я палюбіла цябе, як сваю родную дачушку (Уздыхае). Была у мяне Ганначка, прыгожая была яна! Вот я гляджу на твае вочкі, і мне здаецца, што гэта пазіраюць на мяне вочы мае Ганусі. А дзе мая кветачка, мая радасьць — Гануся? Ні якой зьвестачкі, ніякой чуткі німа ад яе. Ні сядзелася ёй дома, захацела лепшай долі, лягчэйшаго жыцьця, і зьбілася дзяўчына с тропу! Згубіла маладзенькую яе прыгожасць, яе сінія, як майскае небо, вочы, яе пышны тонкі стан і прыўдалая постаць… [Плача].

Дзяўчына. А можэ яна здарова і шчасліва, і вы знайдзеця яе.

Кабета. (як бы ні чуючы гэтага). Ты ні пагневайся на мяне, золато маё! Я вот пазіраю на цябе, і мне хочацца сказаць табе колькі словак. [Дзяўчына апускае вочы] Бойся, дзіцятко, свайго хараства. У роўнай меры нясе яно табе і шчасцьце і горо. Ведаеш, мілая, калі убачу я прыгожую дзяўчыну, мне робіцца, гладзючы на яе, так сумна, сумна, што і сказаць ні можна… Ну, ты ведаеш, чаму. А Васіль табе ні пара, хоць ён мне і сын… Ну, мілая, бывай здарова!

Дзяўчына. Вы ужо ідзеця?

Кабета. Пара, галубка. (Абнімае і цалуе дзеўчыну). Ніхай цаліць і бароніць цябе Бог!

Дзяўчына. Бывайце здаровенькі. (Расходзяцца, дзяўчына адышоўшыся). Памятайце, — калі ні будзе прыпынку, то ні мінайце мяне.

Кабета. Дзякую, мілая! (Лёгкая, стройная фігура маладой дзяўчыны губляецца ў змроку ночы. Кабета ідзе далей па шляху. Ступіўшы колькі крокаў, яна спыняецца: ей пачуліся здалёк зыкі песьні. Песьня блізіцца, і чутны асобныя словы. Ідзе падарожны і сьпявае).

Ой ты даль мая, І глядзіш ты, даль,
Задуменная! Сірацінаю,
Што глядзіш ты, даль, Ніуцешнаю,
Так нівесела? Горамычнаю.
Смуга сіняя, Хоць жа смутна ты,
Нірухомая, Маўчалівая,
Спавіла цябе, Хоць на душу мне
Ніпрытульную. Насьцілаеш цень.
Хоць нічым вачэй
Мне ні радуеш,
Усё-ж міла ты мне,
Безатказная!..

Кабета. (Сама сабе). Божэчка! Які нішчасьлівы павінен быць гэты бедак! Колькі жалю і гора ў тону яго песьні! Колькі бяздольных, ніпрыхільных людзей топчуць гэтыя дарогі і сьцежкі!

Падарожны. [Адзеты бедна, ў руках палка, за плячыма клунак. Параўняўшыся с кабетаю]. Добры вечар, душа чалавечая!

Кабета. Добры вечар, саколік!

Падарожны. Скажы, кабетка, куды ідзе вось гэтая дарога?

Кабета. Ні ведаю, чалавечэ. Сама ніяк ні выбяру дарогі, ні ведаю куды кінуцца.

Падарожны. А куды ж ідзеш, старая?

Кабета. Куды іду, ні ведаю, шукаю таго, чаго ні губляла.

Падарожны. А адкуль дыбаеш, старэнькая?

Кабета. С самаго пачатку, голубе.

Падарожны. Першы раз бачу такую кабеціну. (Разважае). Гм! А ты кажэш шчырую праўду?.. Цікавая ты кабеціна… Дык, кажэш, і ты ні ведаеш дарoгі?.. Знаеш, старэнькая, што: ты, бачу, ніудачніца, такая, як і я. Горо тваё і маё, начэй сказаўшы, нашае горо у тым, што мы ходзім з адкрытымі вачыма, а нічога ні бачымо, як бы мы ў лесі. Вось я, — увесь век ў дарогах, а дарог ні знаю. Людзям даю раду, а сам сабе ніяк ні параджу. Мы, кабетка, сляпыя, мы цемнікі, німа у нас грунту пад нагамі.

Кабета. А скажы, чалавечэ: чым ты займаешся? Па абліччу ты падобян да сьвятога.

Падарожны. Я, галубка, падарожны, іду з аднаго мейсца на другое. Я люблю новыя крае, свежых людзей. Я хацеў знайсьці шчасьце і разказаць аб ім людзям. Я шукаў такой зямлі, дзе б людзі ні ведалі пакуты.

Кабета. І што ж, — ты знайшоў? Ці ёсьць на свеці шчасьце, ці не?

Падарожны. [Бярэ кабету за руку]. От як пойдзеш, старэнькая, па гэтай дарозі, то шчасьце будзе там (паказывае рукою упярод), і там (паварочаецца назад і паказывае рукой).

Кабета. Скажы, чалавечэ, прасьцей, а то я кепска штось разумею тое, што ты мне гаворыш.

Падарожны. Як табе сказаць, кабетка? Шчасьце — або далёка ад нас ззаду — мы перабываем яго і пазнаём толькі тады, як ужо адыйдземся ад яго; або яно далёка наперадзі: ў нашых думках. Я, галубка, тужу аб далёкім-далёкім мінулым, да катораго есьць адна толькі дарога — дарога маіх думак.