— Ото-ж, хлопец урадзіўся!
І ў каго ўдаўся ён?..
Чаго, дурэнь, ўтарапіўся?!..
Лепей здох бы ты, Сымон!
Хоць бы сэрца ні ад‘ядаў,
Ні мазоліў бы вачэй…
Ні дзіця, а нейка здрада,
Ні падобны да людзей! —
Ні адзін раз чуў папрокі
Ад бацькоў сваіх хлапчук.
А за што? за што нарокі?
З-за чаго той злосны гук?
«Мусіць я дапраўды ліхо», Сам сабе гадаў Сымон,
Сам сабе сьмеяўся ціха
І сьпеваў, званіў, як звон, —
Бы той звон, што на званіцы
У ціхай жаласьці гучаў
І далёка, з-за крыніцы
Плыў па ветры, заміраў.
Гаманіў Сымон с сабою,
Песьні розныя складаў,
Кучэравай галавою
Варушыў ён і ківаў.
На сьмех хлопца падымаюць:
— «От, дурубала, доўбня»!
Бьюць Сымонку і штоўхаюць,
Бы ні хлопец, а шчэня.
А той нават ні заплача
Толькі голаву прыгне,
Як яго рука ледача
Чыя-небудзь штурхане.
Але й праўда: ні падобны
Быў Сымонка да другіх.
Гэта быў хлапчук асобны:
У вочках круглянькіх, жывых
Заўсягды дума бліскала; Утаропіцца — глядзіць,
На губах сьмяшок, бывала,
Заблукае, задрыжыць.
Пазірае — замірае
Мэрам весь аддасца ён
Ды зьнячэўку запытае:
— Чаго, мама, стогне звон?
Звон ў Сымонкі многа значыў,
Звон надтрэснуты, стары,
Што ў іх цэркві з даўных часаў
Бомкаў жаласна у гары.
І як толькі ў звон зазвонюць,
Як застогне у вышы, —
Адгукнуцца, загамонюць
Стрункі усе у яго душы.
Сэрцо у хлопца страсянецца,
Сам увесь ён задрыжыць.
І душа яго, здаецца,
У сьлед за звонам паляціць, —
Паляціць у старонку тую,
Дзе ён сумна заміраў.
Так звон душу маладую
Забіраў і калыхаў.
Ды ніхто ні знаў тых струнаў, Патайных ніцей душы,
Што шчэпляюць гук пярунаў
З немым голасам цішы.
Хлопчык бедны ўсіх баяўся:
Кепскі брат, ці любы сын,
Заўжды ён, бедак, трымаўся
Ад усіх збоку і адзін.
Палюбіў ён адзіноту, —
Бо у гурці кепска жыць;
А адзін ён мог ў ахвоту
Пець, сьмеяцца, гаманіць.
У летку жыў Сымон раздольна:
Пойдзе с хаты ў поле, ў луг, —
Цёпла ўсюды і прывольна, —
Грае сэрцо, грае дух.
Сядзе ён па камень ў збожжы,
Ні схісьнецца і маўчыць,
Ловіць сэрцам сьпеў прыгожы,
Як жытцо загаманіць,
Як зазвонюць і заграюць
Мушкі, конікі, жучкі,
І галоўкай заківаюць,
Засьмяюцца васількі.
У сэрцы сьпеў той адклікаўся І так добрынька было,
Што Сымонка сам сьмеяўся, —
Усё сьмеялось у ім, цьвіло.
Заміраў тагды хлапчынка,
І здавалося яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
І аб чым шуміць ячмень,
І чаго сьпевае ў голас
Мушка, конік, авадзень.
Млеў і таяў ўвесь Сымонка,
Як у восень жураўлі
Сумны крык ранялі звонка,
І хаваліся ў далі,
Ды як потым прападалі
С крыкам жаласным яны,
Як бы с плачам пакідалі
Родны край свой да вясны.
Хлопчык доўга, нірухомы,
Усё стаяў і усё глядзеў
У край далёкі, нівядомы,
Дзе той вырай паляцеў.
Так і жыў ён, гадаваўся, Як пры сьцежцы той гарох,
Сам с сабою забаўляўся,
Бегаў, рэзьвіўся у палёх
І размову вёў з жытамі,
З матылёчкамі гуляў;
Так і жыў ён дні за днямі,
Так сабе ён разважаў.
Часы йшлі, і дні міналісь,
Рос Сымонка дзень ад дня,
А з гадочкамі менялісь
Дзетак забаўкі, гульня.
І Сымон меў сваё дзело:
Стаў авечкі ён ганяць,
Хоць аб волі сэрцо млело
Хоць хацелось пагуляць.
У полі часта ён стыкаўся
З дзедам Грышкам с-пад карчмы,
Што ўсім гуртам ён наймаўся
Пасьвіць стадко да зімы.
Сваякоў дзед ўсіх адрокся,
А мо‘ ён іх і ні знаў;
Хто быў, скуль ён прывалокся, Дзед пра тое ні казаў;
А калі яго пыталі,
Дзед рукой адно махне.
Дзед быў ціхі — й ні чапалі, —
Так і жыў на чужыне.
Дзед с Сымона ні сьмеяўся
І ні кпіў, ні ушчуваў.
Хлопчык з дзедам ссябраваўся,
Думкі дзеду павераў.
Сядуць, часам, ў дзень пад грушу
І гаворку распачнуць,
Распытаць пра сёе, тое,
Што займало яго вум,
Ад сваіх трывожных дум.
— Дзедка! чуеш, — во: сьпевае!
Бо Сымон ні меў спакою
Ці ж ні чуеш, дзедка, вунь!
— Гэта здань твая такая:
Адхрысьціся, хлопчэ, плюнь! —
— Як-та здань! А ты паслухай! —
Дзед схіляе галаву,
Шапкай чорнай, аблавухай
Чуць ні ўлазючы ў траву.
— Не, ні чую! — Ото, дзедка! Мусіць ты зусім аглух:
То-ж сьпевае с кветкай кветка! —
Вочы вырачыць пастух,
На Сымонку пазірае,
— Ах, хітрэц, ото, лайдак!
Чаго ён ні выдумляе:
Бач, знайшоў якіх сьпевак!
— Хіба-ж кветкі ні сьпеваюць?
— Ну, які ўжо іх там сьпеў:
Кветкі голасу ні маюць,
Пройдзе ветрыка павеў,
Схісянуцца і ні ўчуеш
Ды ізноў моўчкі стаяць…
— Ат, дзядуня: ты жартуеш,
Мяне хочыш узлаваць…
— Ой, дзіўны ты! — дзед гаворыць,
Круціць сівай галавой.
Хлопчык зноў свае гуторыць,
Гледзючы ў даль прад сабой.
— Дзед, зірні: куды-та хмаркі
Усё ідуць, ідуць, як дым?
Там так добра, вольна, ярка,
А яны ідуць. Ці ім
Натта горача ад сонца, Ці іх гоніць што адтуль,
Ці ім кепска там безконца?
І скажы, дзядок: адкуль
Хмаркі гэтыя прыходзюць?
— Эх, дзівак ты! — кажэ дзед:
Што за мыслі ў цябе бродзюць?
Так утворан Божы сьвет:
Грэе сонцо, ходзяць хмары,
У летку дождж ідзе, грыміць,
У ноч «карэмысло», «стожары»,
Зоркі, месячык блішчыць.
Вее вецяр і сьціхае;
Для ўсяго свая чарга;
Па зіме весна ўбірае
Твар зямлі, лясэ, луга,
І прачнецца ўсе дазвання,
Жыццё збудзіцца ў зямлі,
І без нашаго пытання
Колас вырасьце ў раллі… —
Хлопчык слова ні прароніць,
У вочы дзеду ён глядзіць
І галоўку чуць прыклоніць,
Ні варушыцца, маўчыць.
— Не, дзядок… ні тое, дзедку! - А ты от скажы: чаму
Вецяр песьні пяе ў летку,
Плачэ-ж жаласна ў зіму?
— Схамяніся, Бог с табою!
Унь аб чым ён запытаў… —
Зноў круціў дзед галавою
І плячыма паціскаў.
— От, дык хлопец! Скуль ты ўзяўся?
Не, сапраўды ты дзіўны!
Ці разумным ты прыўдаўся,
Ці з уроду ўжо дурны?
Не, с цябе, відаць, штось выйдзе;
Толькі кінь сваю думу —
Усё само з гадкамі прыйдзе,
Прасьвятлеецца ў вуму…
От, каб ты вучыўся змала,
Кніжку б ў рукі даць табе! —
Дзед і хлопчык замоўкалі,
Кожын думаў па сабе.
Раз Сымонку давялося
Чуць, як граюць дудары,
І яму тагды здалося,
Што да гэтае пары
Ен дзіцятко быў дурное, Што ні жыў ён, а блукаў,
І цяпер адкрылось тое,
Чаго шчыра так жадаў.
Слухаў хлопчык, як там гралі,
З вочак сьлёзы палілісь,
Струны сэрца ў ім дрыжалі,
У тахт музыкам падпевалі,
На спатканне ім нясьлісь.
Дудары ўсё перагралі,
Даляй ў сьвет яны пайшлі,
А ў яго душы сьпевалі
Зыкі дзіўныя, плылі,
Разрасталісь і далёка
Дух ўздымалі за сабой
І нясьлі яго высока
Над гаротнаю зямлёй.
Зыкі душу напаўнялі,
І куды б ён ні пайшоў, —
Над імі гралі і сьпевалі,
Дудкі, песьні дудароў.
Пяць раз ён губляў авечкі,
Шкоды ў полі нарабіў,
Здратаваў шнуроў тры грэчкі,
Вератнік аўса прыбіў… Зато-ж хлопцу дасталося
Ад суседзяў, ад бацькоў!
Многа выцерпець прышлося
Папіханак, кулакоў.
Толькі-ж хлопчык ні чуў болі
І ні тым занят быў ён:
Зыкі смутку, песьні волі
Чуў хлапчук з усіх старон.
І цяпер, як ніпрытомны,
Стаў на гонях і стаіць,
Бытцым той батрак бездомны,
Што ні мае дзе схіліць
Галаву сваю сірочу
І надзеі ў ім німа…
Сам Сымон ні знаў, што хочэ,
Дзе, аб чым яго дума.
— Эй, Сымон! заснуў, ці што ты?
— А, то ты! Ах, мой дзядок!.. —
— Дзе-ж авечкі? ах, блазнота!
Ой, дадуць табе, браток!
Тут Сымон апамянуўся,
Бегчы кінуўся стралой…
— Стой, куды ты?.. ні ачнуўся!
Унь, авечкі, пад гарой! «Зьбілі хлопца зусім с тропу»,
Дзед с сабою разважаў:
«Бьюць, як цэпам тым па снопу,
Як ён рух яшчэ схаваў!»
— Ну, што думаў, брат Сымоне? —
— Ах, дзядуля любы мой!
Дудары тут шлі сягоння…
Як жа гралі — аё-ёй!
— Дудары? — стары спытаўся:
— Гм! Дык унь што… Пачакай:
Ты ні простым, брат, удаўся.
Дам табе я нешта, — грай,
А пакуль што, мой бедачэ,
Павучысь на дудцы граць;
Ты музыка, ні іначай,
І вялікі мо‘ — як знаць?
У мяне ёсьць дудка-грайка,
Калісь сам, брат, выцінаў…
На, Сымонка, памятай-жа! —
Тут халат дзед расхістаў
Ды с кішэні-бакавушкі
Вынуў дудку-весялушку,
Перш сам ў зубы яе ўзяў
І па дзірках разоў пару Спрытна пальцамі прабег…
У Сымонкі ў вочках, ў твару
Бегаў ціхі-ціхі сьмех,
І, працягшы сваю ручку,
Вочак з дзеда ні спускаў.
— На, Сымоне, маеш штучку —
Грай здаровы! — дзед сказаў.
Бы той дар сьвяценькі з неба,
Дудку тую ўзяў Сымон…
— Намачыць яе, брат, трэба:
Галасьнейшы будзе тон.
Ніпрыхільны, як сіротка,
Ніпрыласканы нікім,
Знаў Сымонка як салодка
Жыць ось так с сабой самым.
На Сымонку даўно ў хаці
Усе махнулі ўжо рукой.
Ні радзіцца-б лепш дзіцяці
С такой чуткаю душой
У тых куточках, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая царыць.
Робіць зьверам чалавека, Сэрцо, душу халадзіць;
Дзе усё жыцце за кус хлеба
Ідзе злосна талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы крэпкія, рука,
Дзе рот лішні на прымеці
І так здрадзіцца сямьёй…
Лепей бы ні жыць ў тым сьвеці
Дзеткам с чуткаю душой.
І Сымонка чуў і бачыў,
Як крывіліся дзядзькі,
Што ён у хаці бедны, значыў;
Нават родныя бацькі
Папрэкалі сына хлебам,
Злосна звалі «клышаком»,
Ніўклюдай і нізграбай
Дармаедам, гультаём,
Горка стане бедачыне,
Ні прыхіліцца нігдзе;
Тагды толькі жаль астыне,
Як паскардзіцца дудзе.
На прыволлі сеўшы ў полі,
Сумна стане хлопчык граць:
Льюцца, таюць зыкі болі, Віснуць у воздусі, дрыжаць,
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі сьлязьмі,
То ў гару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць па зямлі
І жалобна заміраюць:
Немай скаргою глушы,
То зноў ціха зачыняюць
Гоман сэрца і душы.
— Ото-ж, леўка, здольна грае,
Як дудар той запраўскі;
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрцо на кускі! —
Смутак жнеяк усіх апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выліваць.
Так-жа грае ён прыгожа!
Серп застыне ў іх руках,
І павісьне жменька збожжа
На разогнутых плечах.
Але дудка замірае,
Як бы той дзявочы ўздох
І паволі заціхае У зачарованых краёх.
Граў Сымонка, а дзед слухаў,
Пахіліўшы галаву,
Як бы ён з вялікай скрухай
Думаў цяжкую думу.
— Добра граеш, хвацка граеш! —
Дзед, ачнуўшысь, гаварыў:
— І вялікі талянт маеш!..
Я, брат, зразу раскусіў,
Што музыкам ты радзіўся.
Малайчына, брат Сымон!
Ды глядзі… каб ні пабіўся,
Як той твой царкоўны звон. —
Тут блазнотка схісянулась,
Вочкі бліснулі агнём,
Як бы у сэрцы штось ачнулось
Абудзілося у ём.
Урэшці хлопчык ні стрымаўся.
— Не, — ты будзеш рагатаць…
Я даўно ўжо прыбіраўся
Штось табе, дзядок, сказаць,
Толькі-ж ўсё ні прыбяруся,
Ні асьмелюся ніяк:
Сьмеху дзедава баюся. — Эх, Сымон, ото дзівак!
Праўда: молада, зялёна,
Ах, каб ты здаровы рос! —
Да сябе дзед ўзяў Сымона,
За плячук яго патрос.
— Ну, разсказвай, кажы сьмела,
Мой музыка малады,
Што у цябе там зноў пасьпело
Можа песьня для дуды? —
Тут Сымонка штось замнуўся,
Навакола паглядзеў,
Як зьвярок той азірнуўся,
Бліжэй к дзеду ён прысеў.
— От, што ўперад запытаю:
Дзед, ці чуе зямля боль,
Як па ёй саха крывая
Робіць боразны і роль?
Як зямельку конік топчэ,
Ці баліць ёй, ці чутно?
— Мудра ты пытаеш, хлопча,
Проста слухаць мне дзіўно…
Не, ні чуе, бо ніжыва:
Хіба можэ чуць пясок?
Заўсягды зямля маўчліва, Як ні бій яе — маўчок!
Змоўк Сымонка і прыгнуўся,
Цень задумы на ём лёг,
І у думках зноў замкнуўся,
Зноў скуб траўку каля ног.
— Не, дзядок: а мне здаецца,
Што яна такі жыва.
Бо адкуль усё бярэцца:
Краскі, дзерэво, трава?
Усё з зямелькі, дзедка мілы!
Хто ж іх корміць, дарагі?
Хто дае ім, дзедка, сілы?
Як, с чаго, растуць лугі.
І чаго зямля так сумна
Познай восенью, зімой?
І чаму прыветна, шумна
І так весяла вясной?
Бо яна, відаць, штось знае,
Бо яна жыве, дзядок!
Усё жыве і душу мае;
Краска, дзерэво, жучок…
— Хто яго, Сымонка, знае,
І ні нам судзіць аб тым, —
Дзед гаворку замоўляе: — Ні мне розумам дурным
Гэты Божы сьвет тлумачыць,
Бо хто ж я? сьляпы мужык.
Мо‘ твой розум далей бачыць,
Мо‘ ты ў праўду глыбей ўнік. —
Весялей Сымон, сьмялее,
Вочкі круглыя ўскідаў.
— Ты зірні, дзед: унь чарнее —
На лес хлопчык паказаў —
Пара хвоек так прыгожа,
Ты прыгледзься добра к ім.
Ці ні праўда, як ні схожо
Адно дзераво з другім?
Тая хвоя, што пры полі,
Бач, стаіць, як важны пан,
Разгарнуўшы на прыволлі.
Свае лапы, як жупан.
А другая, нібарака,
Пахілілася на ніз,
Стан пагнуўся, як кульбака,
І верх жудасна абвіс.
А чаму? У іх дзьве долі,
Два ніроўныя жыцця… —
— Ну, Сымон: ні чуў ніколі, Каб тваіх гадкоў дзіця
Ды так мудра разважало!
Толькі ведаеш браток:
Мне здаецца усё, што мала
Пажывеш ты, галубок,
Бо ні любяць сьвет і людзі,
Каб таемнасьць іх хто знаў,
Каб іх душу хто і грудзі
Хто разгледзіў, разчытаў…
Ну, а што-ж ты мне, старому,
Думаў, хлопчэ, расказаць?
— Тое, дзедка, што нікому,
Кром цябе, ні можна знаць!
— Дзякуй, сынку, за увагу,
Натта рады, мой каток!
Сядзь бліжэй, а я прылягу,
Бо штось ные трохі бок…
Эхе-хе, брат! Адсьпевана
Мая песьня — і пара:
Усё нутро ужо папсавано,
Чуць трымаецца кара, —
Застагнаў дзед, кладучыся,
Лёг, шчаку рукой падпёр.
— Сьмерць прыходзе, крадучыся, Як да стада воўк з-за гор.
Ты, Сымон, баішся сьмерці?
— Не, сапраўды гавару:
Я б хацеў скарэй памерці, —
Дзед памрэш — і я памру!
— Ай, Сымон, ото старэчы!
Сьмейся з гэтай гаманы…
У гэты момэнт дзесь далечэ
У цэркві бомкнулі званы,
І між імі звон пабіты.
Нема, сумна застагнаў.
Зыкі, смуткам апавіты
Ветрык у полі заціраў.
Хлапчанётко затраслася
І дзед голаву узьняў:
— Ці то звон, ці мне здалося?
Дзед Сымонку запытаў.
— Звон, — Сымонка адазваўся: —
Ці памёр хто, ці пажар.
Ото-ж, дзедка, я спужаўся,
Ажно кінуло у жар!
— А чаго бы там званілі?
Пачакай, што заўтра ў нас?
Эх, мы: с памяці спусьцілі — Гэта ж сьвято, хлопчэ, Спас!
— Праўда, праўда; унь ў чым справа, —
Заспакоіўся Сымон: —
Толькі вось што, дзед, цікава,
Як раз думаў я пра звон
Каб пачаць аб ім казанне,
Ну, дык слухай жа, дзядок.
Ці ні чуеш дзед стагнання,
Як зазвоніць гэты звон?
Праўда, дзедка, то звон стогне
То душа яго трупціць,
Крануць толькі яго сэрцо —
Ен заплача, забражджыць.
Калісь то быў ён найлепшы
Між званамі першы звон,
Прыямнейшы і найкрэпшы
Меў наўперад голас ён.
І бывала, яе зазвоніць,
Як пракоціцца ў палёх
Усё свой слух тады прыклоніць:
Сьціхне рэчка ў берагох,
Заспакоюцца і травы,
Кожна красачка, лісток,
Ні схінуцца жыта лавы, Змоўкне птушын галасок,
Нават ветрык прысьмірае!
І тады то ён адзін
Сьпевам землю напаўняе,
Звоніць доўга, ні змоўкае,
І як бы той востры клін
У сэрцы ўсім ён залетае,
Ускалыхне душу да дна
І тады у ўсіх бывала —
Ад вяліка і да мала —
Думка радасьці адна:
У агульны голас зьліцца
І так гожа засьпеваць,
Каб хацелось і маліцца
І душою спачываць.
Так званіў ён, так ён клікаў
Усіх да згоды і дабра,
Для яго-ж сьвятых тых зыкаў
Ні прышла, дзядок, пара,
Бо другія ў цэркві звоны
Пазайздросьцілі яму.
Кожны раз, як сьвет зьдзіўлёны
Думаў важную думу
І змаўкаў пад тыя зыкі, Што шлі з страшнай глыбіны,
Бразгатонны, шум вялікі
Рэзка кідалі яны,
Каб сваім нізгодным звонам
Заглушыць цудоўны звон,
Тыя зыкі, што з уклонам
Сустрэчаў палёў разгон,
Тыя зыкі, што на сьвеці
Весткі добрыя нясьлі,
Вотклік радасны запеці,
Усім дазвання на зямлі.
Звон жа доўга ні здаваўся,
Ен адзін званіў, званіў,
Покі ён ні падарваўся
І сябе сам ні разбіў.
С таго часу ён гаротна
Стогне, дзедка, і дрыжыць,
І душа яго маркотна
У сэрцо кожнаму ляціць.
Нікло жыцце у лесі шумным,
Агаляўся твар зямлі,
І ляцелі с крыкам сумным
Над балотам жураўлі.
Глухло поле, усё сьціхало, Як бы дух пранёсся злы.
У смутнай думцы пазірала
Даль с пад сіней дымкі мглы.
Так на дзетак глядзіць матка,
Як расходзяцца яны
Па ўсім сьвеці з роднай хаткі
На мяжы сваёй вясны.
Нейкім жалем павевало
Ад аголеных палёў,
Ад шнуроў тых, дзе, бывала,
Нёсся шэпат каласоў,
Там цяпер ралля чарнела,
Глызы ўскопанай зямлі
І пакошу сеткай белай
Павуцінкі заплялі.
Пад агульны смутак гэты
Граў Сымон цяпер адзін,
Граў прашчанне жыццю лета,
Сьпеву — радасьці далін;
Граў разлуку з дзедкам мілым:
Дзед ні ўздужаў далей жыць,
Пад капцом зямлі магільнай
Лепшы друг яго ляжыць.
Сьмерць прышла ніспадзевана: Ужо даўно яна, як цень,
Поруч шла за ім, пагана,
І забрала ў ясны дзень
Пры ўсіх людзях, сярод поля,
Як ён трошкі прыкархнуў.
Згас стары пастух без болі,
Раз ці два адно зяхнуў.
Перацёр дзед век безродны,
Ціха жыў і так сканаў.
І ніхто ў пясок халодны
Сьлёз гарачых ні раняў,
Як яго труну спускалі,
Як па ёй шуршаў пясок;
Толькі дзьве сьлязы блішчалі
С пары круглянькіх вачок.
Прытуліўшысь між крыжамі,
То Сымонка сумаваў
І ўкрадкам, кулачкамі,
Сьлёзы жалю уціраў,
Ды разбіты звон жалобна
Раз ці два загаласіў,
Ды ў труну каменчык дробны
Як у бубен, забубніў.
І цяпер вастрэй Сымонка Адзіноту ў сэрцы чуў;
Жаль і смутак, як пялёнка,
Крэпка сэрцо агарнуў.
Усё багатство, што дзед справіў
За век доўгі, — скрыпку, смык, —
Усё Сымонку ён аставіў.
— Ты — музыка-чараўнік!
Грай жа, дзеткі: скрыпка важна,
Смутак ты ёй свой валлеш,
І душа заплачэ кажна,
Як ты смыкам павядзеш.
— Бо хто ў горкай паняверцы
Смычэ дома, жывучы,
У таго ў людзкое сэрцо
Есьць праўдзівыя ключы. —
Так казау дзед, як Сымонку
Сваю скрыпку аддаваў.
Быў ў тэй скрыпцы голас звонкі,
Бас раскаціста дрыжаў,
Як па струнах смык, бывала,
Ручка здольная вяла,
Добра гэта скрыпка грала
І зьвінела, і гула.
Ото-ж хлопчык наш быў рады, Як ёй скрыпку адтрымаў
І апроч такой аблады
Больш нічога ні жадаў.
А як хлопцу кепска стане,
Як занудзіцца чаго, —
Успомне скрыпку — радасьць гляне
У душу, ў сэрдэнько яго.
Ну, й да скрыпкі быў ён здольны:
Як заграе, як утне!
Мах шырокі, сьмелы, вольны.
Як бы што цябе таўхне.
У скокі так і падбівае,
Ногі-самі тупацяць.
— От, Сымонка! Ну-ж, і грае!
Ото-ж, леўка, выцінае!
Сам, як вузел, а так — граць!
На Сымонку і дзеўчата
Сталі ласку зварачаць,
Як прасілі хлопца у сьвято
Ім «Лявоніху» заграць.
І Сымонка пад бародку
Дар старога дзеда браў
І, прысеўшы на калодку,
Сэрцо дзеўкам пацешаў. Спрытна пальчыкі хадзілі,
Смык то плаваў, то летаў,
Струны дружна гаманілі
Як віхор іх уздымаў, —
То разгульна і шалёна
То спакойна — чуць чуваць…
Нават у хаці на Сымона
Начай сталі пазіраць…
— Карысьць будзе хоць якая —
Маці думала аб ім:
Дык ніхай здаровы, грае,
Чым меў у ценжар быць другім.
Бацька, хоць ні прызнаваўся,
Усё-ж, бывала, трохі мяк,
Як за сына даставаўся
І яму увагі знак.
Ды Сымонка ніахвотна
Граў «кадрэлі» «кавалі», —
Біў ён больш на лад маркотны
Дзе пакутаю зямлі —
Аддаваўся сьпеў гаротны,
Сьлёзы жаласьці цяклі.
І дзе жальба чулась, сьціскі,
Крыўда, енкі бедака, Бо сьвет смутку болей блізкі
Быў для сэрца хлапчука.
Час падходзіў за Пакровы,
Вецяр ліст з лясоў атрос,
І на поле свае ковы
Кінуў злёгінька мароз.
Адзінотай і пустэчай
Усюды веяло с палёў,
Нейкай млявасьцю старэчай
Аддавало ад лугоў.
У такі час Сымон Музыка
Выгнаў стадо авечок.
Ціха, глуха, ані зыка…
Сеў пад хвойкай пастушок,
А авечкі рунь шчыпалі,
Каля лесу тут адны,
Ды трывожна пазіралі
І палохалісь яны.
Але іх такая ўдача, —
З глупства пудзяцца, бягуць;
Цень ці хвойку, куст убачаць, —
Капыткамі зямлю бьюць,
І Сымонка з іх сьмеяўся: — От, дурныя! ха-ха-ха!
Куст ім страхам паказаўся!
Пад гаворку пастуха
Зноў авечкі, як каменні,
Раскідалісь між купьёў,
Каб пры першым жа здарэнні
Цесна ў кучу зьбіцца зноў.
Ды сягоння натта пудкі
Штось авечачкі былі.
— Ну, што з вамі, мае «шуткі»?[1]
Што вы ў голавы ўзялі? —
Гаварыў Сымонка з імі
І самога страх шугаў,
І трывожна ён вачыма
Поле, хвойнік азіраў.
— Ці ні воўк іх тут пужае? —
Толькі так прамовіў ён —
Воўк з ялоўца вылетае,
Здаравецкі такі, — конь!
Ды ў авечкі, шэльма, садзіць,
Злы, раз‘ярэны, як кат!
І дзе хлопцу з зьверам зладзіць?
Толькі ўскочыць ў стадко, гад, Воўчым зубам дзе кранецца —
Каля карку, хопіць ў пол,
Ні адна ні стрэпянецца,
Трупам кінецца на дол.
З немым крыкам перапуды
Хлопчык кінуўся туды.
— Га! ага! воўк! Куды, куды!
Людзі, воўк! Сюды! сюды!
Разагнаў авец зьвяруга,
Трох на мейсцы улажыў,
А баранчыка схапіў
І панёсся ў лес, зладзюга.
Пастушок перапужаўся,
С крыку немаго ахрып,
Усюды воўк яму здаваўся,
Адкаціўшы сівы хіб.
Страх і жаласьць агарнулі,
Плачэ горкімі сьлязьмі.
Людзі гэты плач пачулі,
З лесу едучы з дрыўмі,
І на крык хоць беглі жыва
Ды ні ў пору ўжо прышлі:
Пазьбіраць авец пудлівых
Толькі хлопцу памаглі. Гнаў Сымонка рэшту стадка,
Страх хлапчыну пашыбаў:
Ні даруе яму татка,
Што авец ні ўпільнаваў.
Чуло сэрцо, што «праборкі»
І папругі ні мінуць,
Што скрозь столь убачыш зоркі,
Як лупцоўкі зададуць.
А аб тым, што ён ні вінен,
І ні думаў хлопчык тут:
Бо яму ўсягды зачынен
Справядлівы бацькоў суд.
Але-ж — не! Ен скажа: «Тата!
Крукам я стаяў, глядзеў,
Ды зьнячэўку воўк пракляты,
Як той віхар, наляцеў.
Я гукаў, ахрып ад крыку,
Га-а-а!» Ён у голас загукаў —
У яго хрыпаты, дзікі,
Голас з грудзі вылетаў.
Толькі-ж дома ні павераць,
Ох, раскоціцца там гром!
Ні хацеў бы ні вячэраць,
Ні паказвацца ён ў дом. І паволі шоў ў трывозі,
Замаркоціўся, прыціх,
А прад ім вязьлі на возі
Трох авечак ніжывых.
Вот сядло ўжо нідалёка,
Затрымаўся ў полі ён.
Унь іх хата — і высока
Шэст тарчыць каля вакон.
Вот спыняюцца мужчыны
І авец у двор нясуць.
На спатканне ім з адрыны
Два дзядзькі яго бягуць.
Штось гавораць, там і маці…
Людзі сыпнулі туды, —
Ну, пашла гаворка ў хаці!
А вунь хтось бяжыць сюды, —
Гэта чэшэ дзядзька Юрка.
— Добра выпасьвіў авец!
Дзе-ж баранчык?… От і шкурка,
От і мяско… маладзец! —
І больш дзядзька ані зыка,
За авечкі і — пагнаў,
А маленькі наш музыка
За ім ззаду калываў Маўчалівы і прыкуты
Горэм гэтым і бядой;
Ідзе, бытцым да пакуты,
Ног ні чуе пад сабой.
Вот сядло, вот іх і хата,
Каля весьніц гурт людзей.
— Тры авечкі! а, пракляты!
Кажэ голасна Андрэй.
— А ягнятко такі сцыбіў! —
Дзядзька Юрка далажыў.
— Дык во гэта, брат: ні схібіў,
Каб яго жывот схапіў!
— Усе, як ёсьць, папарываны!
Ты чаго глядзеў? Дзе быў?
Вуж ты, гад ты шэльмаваны,
Лепш цябе-б ён задушыў!
Бацька з гора шапку скінуў,
Аж патыліцу дзярэ.
— Чаму лепей ты ні згінуў?
А Сымонка на дварэ
Стаў ў куточку каля хаты.
Усе зірнулі на яго.
— Годзі! Чым ён вінаваты?
І карыць німа чаго. — За Сымонку заступіўся
Іх сусед, стары Цімох:
— Кожны б гэтак правініўся,
Чорта згледзіш ў туманох! —
— Га! — зноў бацька раскрычаўся:
Ты-б яшчэ больш патураў:
За вярсту адзін цягаўся
Ды у дудачку сьвістаў,
Каб яна, дай Бог, згарэла!
А цяпер, вось, — падзівісь!
На дварэ ужо сьцямнела,
І суседзі разышлісь.
Бацька злосна завярнуўся
І пашоў у двор пад хлеў.
Хлопчык чуў, што ні мінуўся
Для яго той бацькаў гнеў.
— Ідзі ў хату, нідапека!
Горо ты нам, ні дзіця, —
Кажэ маці: — ой, калека,
Што стаіш там, як куцця?
І ўздыхнула — мусіць матцы
Шкода стало хлапчука…
Расчынілісь дзьверы ў хатцы,
Уходзіць бацька с хлевушка — Вон ад гэтуль, каб смыроду
Мне твайго тут ні было!
Ты што дзень мне робіш шкоду,
Праз цябе і на сяло
Паказаць мне брыдка вочы.
Бяры скрыпку, смык і — вон!
Ідзі с хаты, куды хочыш:
Больш ні сын ты мне, Сымон!
Хлопчык, зьмешаны з гразёю,
З дому выгнаны, стаяў
Каля пуні, пад страхою,
І ў змрок ночы пазіраў.
Ён ні плакаў, бо усе сьлёзы
У глыб душы яго вайшлі
І ўедалісь, як занозы,
І агнём яго пяклі.
Ён быў глух, ні чуў нічога.
Ну, куды йсьці? Да каго?
У сьвеці ён ні меў нікога,
Хто-б схіліўся да яго.
Пастаяўшы, хлопчык рушыў,
Пералез знаёмы плот,
Скрыпку узяўшы, і патрушыў
Усё ўпярод і ўсё ўпярод. А у хаці ўсе маўчалі,
Бацьку слова ні сказалі,
Як ён сына выпіхаў,
Бо усе там добра зналі,
Што нарокам выганяў,
Так, для страху і прымеру,
Каб ён помніў другі раз.
— Трэба, бацька, толк і меру
Гэта лішняе, Панас! —
Сэрцо маткі ні ўтрывала:
— Хлопец с страху пабялеў;
Перапудзіўся ні мала,
За дзень гэты пастарэў.
— От, ніхай там паскавычэ,
Ні дзе дзенецца, ні йдзі;
Зьмерзьне — сам, нябось, прысмычэ,
А ты сядзь от і сядзі!
Толькі матка ні ўсядзела,
Вышла ціхенька на двор.
— Дзе ты? — клікнула нісьмела.
Небо цёмнае бяз зор
Ніпрытульно пазірало,
Цьма халодная маўчала,
Матцы кідала дакор І папрокі ёй за тое,
Што пакрыўдзілі сынка,
Бо пазволіла малое
Дзіцянё, як шчэнюка,
Выгнаць с хаты сярод ночы.
— Го-о-о, Сымон! І ціха зноў,
І дарэмна глядзяць вочы
Па куточках між платоў.
Маці далей адышлася,
Аглядзела ўсе куты,
І трывога закралася.
— Го-го-го, Сымон! Дзе ты? —
Абышла ўвесь двор, вярнулась.
— Ды яго німа нідзе! —
Зьняўшы коптку, апранулась
Да суседзяў яна йдзе.
Вышоў бацька. — Ідзі ў хату,
Ні туляйся, а то — дам!
Чуеш? Слухаць трэба тату,
Што хаваешся ты там?
Нябось, бачу! — Ды нічога.
Ен ні бачыў і ні чуў,
А змрок ночы строга-строга
Небо, землю агарнуў. Бацькаў гнеў даўно мінуўся,
Як ні страшыў, ні гукаў,
Ды Сымонка ні вярнуўся
Слыху, голасу ні даў.
І ў сяле ніхто Сымонку
І ні бачыў і ні чуў,
Бы ён кінуўся ў палонку
І пад лёдам затануў.
Потым розна гаварылі:
То ўтапіўся ён, то зьмёрз,
То ваўке яго ухапілі, —
Як хацеў хто, так і вёрз.
Слух адзін даўжэй насіўся,
Потым слух той верх узяў:
Што Сымонка прыхіліўся
К жабраку і жэбраваў.
22/XI-21/XII 1911 г. Лунінец.
|