Сведка (Багушэвіч)

(Пасля перасылкі з Сьведка (Багушэвіч))
Сведка
Апавяданне
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: Наша Ніва, 1907, №9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У нядзелю ранюсенька заходзіць да мяне Панасюк. Тое ды сёе, а потым кажа: «У тую суботу каб быў ты ў воласці ў сведкі на суд». – «Як у сведкі, дык у сведкі. Хоць я нічым нічога, казаў той, ніколі нікому».

Прыходжу – сядзяць. Я зірк – і ён тут, наш Бартак храмы.

Пытаюць суддзі: «А ты што знаеш аб гэтым дзеле?»

«Чаму, кажу я, не знаю? Ведама, усё, казаў той, знаю».

«Ну дык кажы».

«Як казаць, кажу, дык і скажу ўсё. Так і так, кажу, у мяне, кажу, Каруська (гэта жонка мая) надта, гадзіна, рана ўстае. Так якасьць пасля Пятра, якраз пасля нядзелі, чуць зорачка занялася, яшчэ навет і дзяркач на балоце ні разу не дзёрнуў, калі яна прыходзе да мяне і будзіць: «Юзук, Юзук!» – Ці ты, кажу, здурэла, ці што якое? Гэта ж, кажу, нядзеля. «Гэта, – яна кажа, – учора была нядзеля». Я схамянуўся: праўда, учора! Як так, дык так. «Ідзі ж ты, – кажа, – касіць на Лабок». А той Лабок, каб ваша ведалі, – дык чысты лабок. Як пойдзеш касіць, дык сцімбіркі толькі дзылінкаюць ля касы ды казельчыкі скачуць, а сена толькі, сколькі валасоў вунь на галаве ў пана суддзі (адзін лысы быў)». «Ну, ну, – той кажа, – да дзела гавары! Ці відзеў?»

«Відзеў, кажу, чаму не відзець? Святлюсенька стала, покі расчухаўся. Вот расчухаўся, пайшоў пад свіран – узяць бы касу, а касы нямаш: сюды – нямаш, туды – нямаш! Ніяк не спомню, гдзе дзеў. Аж я гэта, як рэзаў барана яшчэ з восені, ды ўткнуў у сцяну, дык яе там ці ржа пабіла, ці мышы вышчарбілі. Давай я яе кляпаць, а яна – давай крышыцца. Кляпаў-кляпаў, кляпаў-кляпаў... Віджу – нічога не будзе, пара палуднаваць. Папалуднаваў, праўда – Каруська кіслага малака дала крышку, а ў нас перадойка гэты год была, казалі, палявала, а цяліцца – не цялілася. Пад’еўшы трошкі, думаю: падбягу да Барткі храмога, – вот і ён тут, не дасць салгаць, – пазычу касу. – Покі тое ды сёе, туды ды сюды, калі і сонечка стала хавацца. Прыляцеў да Барткі храмога (а ён сусед), калі яго няма. Косіць, кажуць, тыкі ж на Лабку (і ў яго такія ж сцімбіркі); калі я слова сказаць, і Бартак тыц у хату, – і зараз пацямнела. Мы сабе аб тым ды аб сім, а пасля таго я пашоў дахаты вячэраць. Як дзісь помню, еў зацірку з малаком. Дык чаму ж я не знаю? Усё знаю».

«А відзеў ты (пытаюць суддзі), як Пятрук Сушка Бартку біў?»

«Калі?» – пытаю.

«Да тагды, як тое было?»

«Не ведаю», – кажу.

«Які ж ты сведка?»

«Але, кажу, які ж я сведка?»

І пашоў дахаты.

А, праўда, па дарозе зайшоў да Бэрчыхі. А больш, дальбо, нічога не ведаю.